Вы тут

Нататкі выкладчыка псіхалогіі


Нататкі выкладчыка псіхалогіі

Я не чакаю ад іх закаханасці і захаплення. Не магу ім даць любоў — гэта для блізкіх. Я абяцаю ім прыняцце і разуменне — і ад іх чакаю таго ж.

А яшчэ яны цікавыя для мяне. Са сваімі мабільнымі і планшэтамі — не такія, якія былі мы ў свой час. Са сваімі дзіўнымі захапленнямі («Ці збіраеш ты мемы?»). Са сваім нежаданнем чытаць нічога акрамя інтэрнэта. З прыхільнасцю да трылераў і танных любоўных гісторый. Са сваім шматведаннем («А вось у сеціве пішуць…») і інфантыльнасцю («Праз два месяцы працаваць? А я б яшчэ павучылася!»).

І яны такія, як я, — са сваімі марамі і жаданнямі, з сяброўствам і каханнем. Яны яшчэ адкрытыя свету і таму гатовы слухаць мяне. I вось што мне здаецца важным: я магу з Божага дазволу не толькі захапіць іх псіхалогіяй, але і дапамагчы разабрацца у чалавечым свеце, зрабіць іх трохі лепшымі. Веды патрэбныя, але не галоўныя, яны могуць забыцца. Светапогляд застанецца. Таму яны запамінаюць не правілы, а прыпавесці. «Аднойчы да Буды прыйшла жанчына…»

Яны гавораць, што паступілі сюды, каб дапамагаць людзям. Яшчэ не здагадваюцца, што, у першую чаргу, каб дапамагчы сабе.

Вы, пэўна, зразумелі, хто такія «яны»? Мае студэнты, будучыя псіхолагі. Бо менавіта псіхолаг — чалавек, які не заплюшчвае вочы на свае праблемы, а праз набыццё ведаў вырашае іх, намагаецца выправіць свае заганы і пераадолець абмежаванні.

Панядзелак. Я ўваходжу ў прахалодную аўдыторыю, але праз некалькі хвілін мне становіцца цёпла. Я ўжо не памятаю іх прозвішчы, але добра ведаю імёны, а яны ў сваю чаргу больш не блытаюцца, называючы мяне Ірынай Андрэеўнай, — мы збліжаемся. Яны ўважліва назіраюць за мной, быццам я на сцэне, але тут не трэба іграць нейкую ролю. Гэтага не люблю, іх гэта таксама не кранае. Але іх вельмі чапляе мой настрой. Сёння на вуліцы дождж, ды і я не нясу ім вяселле, а давяраю праўду, якая бывае горкай.

Але гумар ніколі не будзе лішнім. Асабліва калі смяешся з сябе.

Аўторак. Рыхтуюся да заняткаў. Каб яны захапіліся новай тэмай, гэты сухі матэрыял павінен спачатку стаць цікавым для мяне. Завязла ў кнігах (як зрабіць так, каб яны зразумелі?). Дзесьці побач ляжыць недапісаны навуковы артыкул, а яшчэ далей — недачытаны скандынаўскі дэтэктыў (бывае наадварот: мастацкая або навукова-папулярная проза бліжэй, а навуковыя працы — далей).

Вечарам у мяне — слухачы факультэта перападрыхтоўкі кадраў. Бухгалтары, інжынеры, настаўнікі і нават ваенныя — яны атрымліваюць другую адукацыю, псіхалагічную. Задумваюся: што іх штурхае пасля працы ісці не дадому, да сям’і, а на вучобу? Часам прычына — вытворчая неабходнасць: трэба «здабыць» больш высокую пасаду, аднак не хапае чалавеказнаўчых ведаў.

Бывае, што муж — бізнесмен, а жонка — вечная студэнтка ў пошуках сябе: «Я скончыла ўніверсітэт, школу ЕШКА, навучылася карыстацца фоташопам i вышываць крыжыкам, але ўсё гэта не маё. Паспрабую асвоіць псіхалогію».

Але бывае і так, што 15—20 гадоў чалавек займаўся нелюбімай справай, а тым часам у душы шчыра любіў псіхалогію. І вось зараз атрымалася здзейсніць мару, якая ўжо амаль зарасла мхом. Добра разумею гэтых людзей. Сама не адразу адчула сваё прызначэнне, і дасюль маю парачку адкладзеных у дальнюю шуфляду запаветных мар. Чаму чалавек не стаў мастаком (пісьменнікам ці ўрэшце псіхолагам)? Таму, што… Самі ведаеце, як гэта бывае. Адгаворак шмат. Але добра, што нарэшце наважыўся расппасцерці крылы.

Адна слухачка задумалася: а чым яна будзе займацца, калі закончыць працаваць? І — паступіла ў магістратуру. Зараз разам з мужам, дзецьмі і ўнукамі марыць пра сваю кандыдацкую дысертацыю. Зразумела, не толькі марыць, але і працуе над ёй. Такія людзі натхняюць.

Серада. Сёння перада мной быў шэраг маладых і зацікаўленых, але больш сур’ёзных і сумных вачэй. Гэтых я ведаю ўжо чацвёрты год. Трэнінг. Вось студэнтка марыць пра бацьку, якога ў яе ніколі не было, а іншая пярэчыць, што трапляюцца такія бацькі, пра адсутнасць якіх не варта шкадаваць. Большасць з іх — будучыя «параненыя лекары» паводле А. Адлера. Атрымаўшы шмат ведаў па розных псіхалагічных дысцыплінах, яны да старэйшых курсаў зразумелі свае «дыягназы». Псіхалагічныя траўмы, разводы бацькоў, недахоп чалавечага цяпла — усё гэта пакідае шрамы. Ці паспеюць вылечыцца? А ці наша гэта справа? Мы — акадэмічныя псіхолагі, якія могуць толькі паказаць дарогу, а яны могуць пайсці па ёй або не. Гэта іх выбар: застацца з тым, што маеш, або змяніцца. Апошняе цяжка. Акрамя таго, ці заўсёды трэба імкнуцца да вядомай «нормы», калі яна пазбаўляе індывідуальнасці? Я не ведаю адказу.

Каб студэнты раскрыліся, распавядаю пра сябе — з дзяцінства, з юнацтва. Не аб тым, чым звычайна пахваляюцца, а пра тое, што хаваюць. Паказваю, што ў дарослым узросце такіх рэчаў не трэба саромецца, калі разумееш іх сэнс, іх месца на лініі жыцця, іх ролю ў логіцы лёсу. Тады гэтым недарэчным і быццам памылковым учынкам удзячны за асабовы рост.

Чацвер. Сонная маршрутка. Еду ў Мінск размаўляць з навуковым кансультантам і экспертамі паводле сваёй дысертацыі. З павышэннем узроўню адукацыі пашыраецца асяроддзе цікавых і разумных людзей, і я ўдзячна свайму навуковаму лёсу за магчымасць рэгулярна камунікаваць з імі. Крытыка мне выпадае рэгулярна, але парады вопытных вучоных даюць магчымасць унесці паляпшэнні ў навуковую працу лепш. Крытыкуюць таго, хто можа ўдасканаліцца. Гэта значыць, што ў мяне вераць: як у Мінску, так і ў Полацку. Тым саладзейшая рэдкая пахвала.

Але ж трэба ехаць дадому. Ведаеце, што я люблю? Кубачак кавы якраз на палове дарогі да Полацку, у Бягомлі. «Прыпынак — дзесяць хвілін!» Няшмат, каб абдумаць вынікі паездкі. І якраз тое, каб перавесці дыханне.

Пятніца. Пасля паездкі цяжка прачынацца на першую пару. Трошкі зарадкі і водных працэдур — і глядзіш на свет больш ясна. Зарадка, зразумела, не толькі па пятніцах. І ёсць яшчэ фітнес. А як жа інакш, каб быць у добрай форме (гэта датычыцца і мыслення).

Сёння на занятках нічога асабістага. Адна статыстыка. Дысцыпліна «Эксперыментальная псіхалогія і сістэмны аналіз дадзеных» прымушае другакурснікаў засумнявацца, што псіхалогія — навука гуманітарная: так шмат даводзіцца лічыць. Але камп’ютарнае пакаленне лёгка авалодвае праграмай. Зусім не тое, што я ў свой час. Інфарматыкі ў школе ў нас яшчэ не было, камп’ютар я асвоіла гадам к трыццаці, у час працы над кандыдацкай. Памятаю, што аперацыю «Paste — Copy» засвойвала каля тыдня. А колькі цудоўных думак было страчана таму, што я забывала захоўваць тэкст?

Праўда, і яны часта не ведаюць, як фармаціраваць старонкі. Калі пачынаюцца курсавыя, прыходзіцца іх вучыць і гэтаму. Адчуваеш тады ўласную перавагу.

Субота (і нядзеля). Студэнты думаюць, што ў выкладчыкаў не бывае ўласнага жыцця. Напэўна, яны лічаць, што мы і начуем дзе-небудзь на канапе ва ўніверсітэце. Гэта не так! Ёсць і цікавыя кніжкі, і паходы ў тэатр, і шпацыры, і падарожжы, і нечаканыя адкрыцці… і канспекты лекцый, і прэзентацыі, і вучэбна-метадычныя комплексы — усе гэта мудрагеліста пераблытана на выходных. Гэта наш лад жыцця. Гэта і ёсць наша сапраўднае жыццё.

 

Ірына Андрэева

 

 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».