Вы тут

Палярнікі сустрэліся з грамадскасцю ў Нацыянальнай акадэміі навук


Днямі ўдзельнікі дзявятай Беларускай антарктычнай экспедыцыі, якая нядаўна вярнулася з самага паўднёвага кантынента, паўдзельнічалі ва ўрачыстай сустрэчы з навуковай грамадскасцю ў Нацыянальнай акадэміі навук. Палярнікі расказалі пра вынікі сёлетняй навуковай і будаўнічай работы ў Антарктыцы, падзяліліся планамі на будучыню, а таксама прадэманстравалі кіраўніцтву НАН і вядомым вучоным невялікі фільм пра ўзвядзенне беларускай станцыі і даследаванні ў палярных умовах.


— Наша работа прайшла ў штатным рэжыме, — расказаў кіраўнік Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей ГАЙДАШОЎ. — Зазначу, што навуковыя і лагістычныя пытанні з кожным годам вырашаюцца ўсё прасцей. Адбіваецца досвед і зладжаная праца на Вялікай зямлі, якая папярэднічае экспедыцыі.

Адной з галоўных задач палярнікаў сёлета быў пачатак мантажу другога аб'екта Беларускай антарктычнай станцыі. Ён будзе ўяўляць з сябе вялікую платформу з размешчанымі на ёй васьмю секцыямі службова-жылога модуля. Мантаж прайшоў паспяхова — «фундамент» быў зманціраваны за рэкордна кароткі час (32 гадзіны), пасля чаго зверху ўсталявалі першы з васьмі блокаў. Астатнія секцыі будуць дастаўлены ў Антарктыду ў найбліжэйшыя гады.

Навуковыя даследаванні праводзіліся па пяці кірунках, замацаваных у дзяржаўнай праграме. Вынікі практычна кожнага з іх могуць быць прыменены ў разнастайных сферах дзейнасці: навуцы, прамысловасці, народнай гаспадарцы. Першы — вывучэнне газавага складу атмасферы. Праблема глабальнага пацяплення з'яўляецца вельмі актуальнай, і наша краіна хоча зрабіць свой унёсак у яе вырашэнне. Другі — вывучэнне азонавага слоя. Палярнікі займаліся вывучэннем так званых азонавых дзірак, сачылі за фактарамі іх з'яўлення і перыядычнасцю, высвятлялі, ці ўплывае на гэта дзейнасць чалавека.

Трэці аспект работы — мікрабіялагічныя даследаванні. Справа ў тым, што некаторыя мікраарганізмы, што насяляюць Антарктыку, валодаюць унікальнымі ўласцівасцямі. Напрыклад, бактэрыі, якія пры неспрыяльных умовах упадаюць у анабіёз на тысячы гадоў, пасля чаго ўзнаўляюць сваю дзейнасць. Айчынныя навукоўцы ўпэўнены, што ў найбліжэйшы час чалавецтва чакаюць прарыўныя тэхналогіі ў медыцыне і фармакалогіі, заснаваныя ў тым ліку і на даследаваннях гэтых істот. Марскія біялагічныя рэсурсы — яшчэ адзін кірунак работы. У прыбярэжных водах Антарктыкі можна ў абмежаваных маштабах праводзіць іх здабычу, таму нашы палярнікі актыўна вывучалі фаўну, якая насяляе раён Беларускай антарктычнай станцыі, з мэтай ацэнкі запасаў і падачы заяўкі для атрымання квот на выкарыстанне пэўных відаў гэтых рэсурсаў. Яшчэ адзін кірунак — экалагічныя даследаванні. Зона Антарктыкі аб'яўлена сусветным запаведнікам з вельмі жорсткім рэгуляваннем дзейнасці чалавека. Беларускія навукоўцы штогод адбіраюць пробы зямлі, паветра, снегу, донных адкладанняў, каб папярэдзіць негатыўны ўплыў уласнай работы на прыроду Антарктыды.

— Для нас важна, што існуе амбіцыйны і важны для краіны праект, ёсць праграма па яго рэалізацыі, акрэслены практычныя вынікі, якія трэба атрымаць, склаўся калектыў спецыялістаў-прафесіяналаў, якія займаюцца гэтым пытаннем, — адзначыў Аляксей Гайдашоў. — Самае галоўнае — не збаўляць абароты і тэмпы фінансавання. Іх не трэба нарошчваць, на наступныя гады грошы размеркаваны адэкватна і раўнамерна. Але калі раптам у нашай працы выпадзе які-небудзь год, то гэта фактычна будзе азначаць канец праекта, такой сітуацыі нельга дапусціць ні ў якім разе.

У наступныя два гады плануецца завяршыць мантаж другога аб'екта Беларускай антарктычнай станцыі. На платформе з'явяцца жылыя, санітарна-гігіенічныя, лабараторныя і амбулаторна-хірургічныя секцыі. Акрамя гэтага, на станцыі пабудуюць новы комплекс больш магутнай дызельнай электрастанцыі. Гэта абавязковыя ўмовы для далейшых даследаванняў, бо па планах НАН ужо ў 2019—2020 гадах палярнікі павінны перайсці да круглагадовага знаходжання ў Антарктыдзе. Такі крок дазволіць збіраць больш дакладныя навуковыя звесткі (бо даследаванні не будуць перарывацца з ад'ездам удзельнікаў), а таксама эканоміць грошы.

— Хачу сказаць, што работа палярнікаў — гэта праца на мяжы з подзвігам, — адзначыў першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН, акадэмік Сяргей ЧЫЖЫК. — Жыць на працягу практычна паловы года ў цяжкіх умовах, збіраць вялікія аб'ёмы даных — вельмі няпроста. Мы імкнёмся ствараць для іх лепшыя ўмовы, будуем уласную інфраструктуру, падключаем да даследаванняў новых навукоўцаў, у тым ліку маладых. Цяпер звесткі, атрыманыя палярнікамі, перадаюцца ў інстытуты, праходзіць іх апрацоўка. Вельмі важна, што мы ўваходзім у склад краін, якія маюць свой пункт на гэтай далёкай зямлі. Ужо сёлета плануем правесці конкурс, падчас якога будуць адабраны ідэі для рэалізацыі падчас наступных экспедыцый.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА, прэс-службы НАН Беларусі

Загаловак у газеце: У Антарктыду — па конкурсе праектаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.