Вы тут

Ці ўдасца Афганістану вярнуцца да мірнага жыцця?


На мінулым тыдні быў здзейснены адзін з самых крывавых тэрактаў у Афганістане з моманту звяржэння талібаў у 2001 годзе. Выбух магутнай бомбы, закладзенай у аўтацыстэрну для перавозкі вады, прагрымеў у апошні дзень вясны ў ранішні час пік, калі на вуліцах Кабула было шматлюдна. Аўтамабіль падарвалі на КПП, які вядзе ў дыпламатычны квартал сталіцы Афганістана, непадалёк — прэзідэнцкі палац. Выбух быў такой магутнасці, што «страсянуў» значную частку Кабула, і яго жыхары спачатку падумалі пра землятрус. У горадзе пачалася паніка. Ахвярамі тэракта сталі не толькі мясцовыя жыхары, але і замежныя дыпламаты — усяго загінула 150 чалавек. Пацярпелі шматлікія будынкі, у прыватнасці пасольствы Францыі, Германіі, Чэхіі, Ірана, Турцыі, Егіпта, ААЭ. Пры гэтым тэракты ў краіне здараюцца ледзь не штодня. «Тэрарысты нават у святы месяц рамадан, у месяц дабрыні, літасці і малітвы, не перастаюць забіваць нявінных людзей», — заявіў прэзідэнт Афганістана Ашраф Гані. Ці ёсць шанц у шматпакутнай краіны выкараскацца з крывавай багны вайны?


За мяжой кантролю

Афганістан знаходзіцца на перакрыжаванні паміж Усходам і Захадам і з'яўляецца старажытным цэнтрам гандлю і міграцыі. Ён размяшчаецца паміж Паўднёвай і Цэнтральнай Азіяй, з аднаго боку, і Блізкім Усходам — з другога, што дазваляе яму адыгрываць важную ролю ў эканамічных, палітычных і культурных адносінах паміж краінамі рэгіёна. Нездарма гэтая стратэгічная тэрыторыя заўжды прыцягвала да сябе ўвагу і з'яўлялася «смачным кавалачкам» для сусветных гульцоў. На жаль, цягам дзесяцігоддзяў стабільнасці тут не назіралася. Сітуацыя ў Афганістане ў апошнія тыдні імкліва дэградуе. Цэнтральная ўлада ў Кабуле паслядоўна губляе кантроль у правінцыях краіны, аддаючы яе ў рукі баевікоў «Ісламскай дзяржавы» і «Талібана». Асабліва прыкметная гэтая тэндэнцыя на поўначы Афганістана, што мяжуе з дзяржавамі Сярэдняй Азіі.

Ваенная прысутнасць ЗША і НАТА не здольная забяспечыць належны ўзровень бяспекі нават у месцах дыслакацыі іх кантынгентаў. Як сцвярджаюць аналітыкі, навучанне і падрыхтоўка Афганскай нацыянальнай арміі (АНА) і паліцыі, якімі займаюцца амерыканцы і еўрапейцы, так і не паднялі прафесійны ўзровень урадавых узброеных сіл, іх раз'ядае карупцыя, што трагічна ў прамым сэнсе падрывае спакой у краіне. Праблемы ўзмацняюцца так і не вырашанымі супярэчнасцямі ўнутры самога кіруючага рэжыму на чале з прэзідэнтам Ашрафам Гані і прэм'ер-міністрам Абдулой Абдулой.

Агульная колькасць людзей, вымушаных пакінуць свае дамы, вырасла амаль да 2 мільёнаў чалавек, адзначаецца ў дакладзе Упраўлення ААН па каардынацыі гуманітарных пытанняў. Пры гэтым колькасць узброеных сутыкненняў паміж урадавымі войскамі і ісламістамі летась рэзка павялічылася. У параўнанні з 2015 годам прырост склаў 22%, што з'яўляецца самым высокім вынікам за ўвесь час аналізу сітуацыі ААН (цягам апошняга дзесяцігоддзя).

Як адзначае газета Thе Nеw Yоrk Tіmеs, «працэс стабілізацыі ў краіне сутыкаецца з сур'ёзнымі цяжкасцямі», хоць ваенны канфлікт у Афганістане з удзелам ЗША працягваецца ўжо больш за 15 гадоў, а аб'ём замежнай дапамогі, выдаткаванай для рэспублікі, складае ўжо мільярды долараў. Выданне канстатуе, што «сітуацыя ў сферы бяспекі ў Афганістане паслядоўна пагаршалася з 2014 года». Паводле ацэнак генеральнага інспектара ўрада ЗША па пытаннях рэканструкцыі ў Афганістане Джона Сопка, улады краіны ў лістападзе 2015 года ўтрымлівалі пад поўным кантролем 72% яе тэрыторыі, а да лістапада 2016 года гэты паказчык скараціўся да 57%.

Фактар «Талібана»

«Талібы з'яўляюцца найбольш сур'ёзнай пагрозай для афганскага ўрада, яны больш шматлікія, лепш арганізаваныя, валодаюць вялікімі сувязямі і ўплывам у краіне, а таксама маюць больш трывалую палітычную структуру», — адзначае СNN. Як заўважае тэлеканал, за апошнія шэсць месяцаў «Талібан» умацаваў свае пазіцыі, у прыватнасці, у правінцыях Кундуз на поўначы Афганістана і Гільменд на поўдні. Паводле звестак СNN, у Афганістане цяпер дзейнічаюць прыкладна 35 тыс. баевікоў руху «Талібан».

«Талібан» узнік у 1994 годзе ў разгар грамадзянскай вайны ў Афганістане. Асновай руху сталі радыкальныя ісламскія прапаведнікі і ветэраны супраціўлення савецкім войскам у 1980-я, у першую чаргу з ліку пуштунаў, якія насяляюць поўдзень краіны. Талібы кіравалі Афганістанам з 1996 па 2001 год — да пачатку аперацыі НАТА, абвясціўшы ў краіне «Ісламскі эмірат Афганістан» (ІЭА). Гэты рэжым прадугледжваў істотныя абмежаванні грамадзянскіх і асабістых свабод: забараняліся тэлебачанне, кіно і музыка, значна ўшчамляліся правы жанчын, практыкаваліся публічныя пакаранні смерцю. Тым не менш ІЭА быў на дыпламатычным узроўні прызнаны трыма дзяржавамі: Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі, Пакістанам і Саудаўскай Аравіяй.

Пасля звяржэння ў Кабуле талібы сышлі ў горы і пачалі партызанскую вайну. Многія перабраліся ў суседні Пакістан. Да 2003-га рух талібаў актывізаваўся, у той жа год Савет Бяспекі ААН прызнаў яго тэрарыстычным. Ужо ў 2005-м ім удалося зноў стварыць сваю дзяржаву на паўночным захадзе Пакістана. У 2007 годзе «Талібан» у той ці іншай ступені быў прадстаўлены больш чым на палове тэрыторыі Афганістана.

Баевікі гэтай тэрарыстычнай групоўкі збіраюць з насельніцтва падкантрольных тэрыторый плату за электраэнергію, якая даецца ўладамі Афганістана, паведамляе выданне Nеw Yоrk Tіmеs. У некаторых раёнах тэрарысты патрабуюць плату раз у год, у іншых — штомесяц. Акрамя выплат за электраэнергію, групоўка таксама збірае падаткі з уладальнікаў млыноў і бульбяных палеткаў, з настаўнікаў, а таксама спаганяе пошліны за праезд праз свае блокпасты грузавікоў з гароднінай, аўтацыстэрнаў і за правядзенне вясельных цырымоній.

Даклад ААН аб сітуацыі ў Афганістане сведчыць, што баевікі «Талібана» імкнуцца разнастаіць крыніцы грашовых паступленняў. Падаткі з мясцовага насельніцтва становяцца адным з альтэрнатыўных спосабаў здабычы сродкаў, аднак асноўны аб'ём фінансавання па-ранейшаму прыпадае на даходы ад нелегальнай здабычы карысных выкапняў, наркагандлю і дапамогу замежных спонсараў. Сітуацыя ў Афганістане ў апошнія месяцы прыкметна пагоршылася. Рух «Талібан», які раней ахапіў значную тэрыторыю ў сельскіх раёнах краіны, разгарнуў наступленне на буйныя гарады. Акрамя таго, баевікі спрабуюць асядлаць найбуйнейшыя транспартныя артэрыі краіны. Інтэнсіфікацыя ўзброенай барацьбы, якую вядуць талібы, цесна звязаная з крызісам у кіраўніцтве краінай. Як заўважаюць эксперты, «Талібан» цяпер значна больш кансалідаваны, чым урад у Кабуле. Агульнае паслабленне ўрадавага кантролю над тэрыторыяй робіць больш частымі ваенныя няўдачы рэжыму.

Па шляху джыхаду

Таксама на тэрыторыі краіны актывізавалася тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава». Большасць з баевікоў не афганцы, а замежнікі, у тым ліку з краін Цэнтральнай Азіі, якія набылі баявы вопыт у Сірыі і Іраку. «Ісламская дзяржава» пачала актыўна распаўсюджвацца на ўсходзе Афганістана ўжо пазалетась. У гэтай краіне перадавым атрадам ІД стала групоўка «Вілаят Харасан». Перш за ўсё гаворка ідзе пра меркаваную тэрыторыю, якая ўключае Афганістан, Пакістан і ўсе краіны Цэнтральнай Азіі. Заснавальнікам групоўкі стаў адзін з аўтарытэтных камандзіраў пакістанскага «Талібана» Хафіз Саід Хан. На пачатку 2010-х гадоў, пасля таго як амерыканцы знішчылі некалькі лідараў руху, сярод баевікоў узніклі кадравыя спрэчкі. Хан уваходзіў у кіраўніцтва і прэтэндаваў на лідарства, аднак іншыя члены пакістанскага «Талібана» яго не падтрымалі. Пасля гэтага ў 2015 годзе палявы камандзір прысягнуў на вернасць Абу Бакр аль-Багдадзі. У ліпені 2016-га BBС са спасылкай на крыніцу ў Пентагоне паведамляла, што Хафіз Саід Хан забіты, але рух працягваў набіраць абароты.

Цяпер асноўны касцяк «Вілаят Харасан» — колішнія талібы з ліку пуштунаў, а таксама замежнікі з краін СНД. Апорай новай структуры джыхадзістаў сталі правінцыі Кунар і Нангархар, якія зручныя і ў сілу свайго геаграфічнага становішча. Побач знаходзіцца Ваханскі калідор — вузкая стужка суровай высакагорнай тэрыторыі Афганістана паміж Таджыкістанам, Кітаем і Пакістанам. Праз яго яшчэ падчас вайны з прасавецкім урадам у Кабуле мяцежнікі атрымлівалі падтрымку зброяй і добраахвотнікамі.

Цяпер апетыты «Ісламскай дзяржавы» растуць: джыхадзісты пачалі «распаўзацца» па тэрыторыі ўсёй краіны, адзначаюць эксперты. Пачасціліся сутыкненні паміж «Талібанам» і ІД. Бакі не раз аб'яўлялі джыхад адзін аднаму. Прынамсі, пра гэта са спасылкай на кіраўніка ўпраўлення паліцыі правінцыі Гельменд (поўдзень Афганістана) Набі Джана Мулахейла паведамляла пакістанскае радыё Mаshааl. У першую чаргу баевікі спрабуюць падзяліць паміж сабой плантацыі опіумнага маку. Другая прычына, па якой паміж групоўкамі ўзнікаюць рознагалоссі, — чалавечыя рэсурсы. «Афганістан — краіна маладых: 80% насельніцтва — гэта людзі да 30 гадоў. Таму прапаганда для ІД — вельмі важная рэч. З яе дапамогай джыхадзісты прыцягваюць да сябе моладзь», — кажа эксперт Цэнтра вывучэння сучаснага Афганістана Андрэй Серэнка.

Пакуль талібы кантралююць большую тэрыторыю, чым «Ісламская дзяржава», але асноўная задача новага пакалення джыхадзістаў — максімальна ўжыцца ў мясцовае грамадства і ўмацаваць свой уплыў. «Без патрэбы яны не канфліктуюць з талібамі, часам нават не нападаюць на афганскіх вайскоўцаў без неабходнасці», — адзначыў эксперт. Ён таксама распавёў, што апошнім часам было зафіксавана актыўнае пашырэнне ІД менавіта на поўнач — да меж з Туркменістанам і Узбекістанам.

«Сёння распаўсюджванне «Ісламскай дзяржавы» не абмяжоўваецца Сірыяй і Іракам, — падкрэсліў міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу. — Бандфарміраванні ісламістаў дзейнічаюць у Афганістане, які мае статус дзяржавы — назіральніка ў ШАС». Шайгу нагадаў пра тое, што цяпер колькасць атрадаў ІД на афганскай тэрыторыі дасягае 3,5 тысячы чалавек, і экспансіўная дзейнасць групоўкі ўяўляе пагрозу ў тым ліку і для суседзяў Афганістана.

«Пуга» не дапаможа

Афіцыйна місія НАТА ў Афганістане завяршылася ў 2014 годзе. Цяпер там засталося 8,4 тыс. амерыканскіх і 6 тыс. вайскоўцаў з іншых краін. Афіцыйна яны навучаюць афганскіх калег. Яшчэ 29 тыс. прыватных падрадчыкаў Пентагона выкарыстоўваюцца ў якасці персаналу службы бяспекі і выконваюць розныя дапаможныя місіі. 25 мая на саміце НАТА абмяркоўвалася пытанне аб накіраванні ў Афганістан дадатковага кантынгенту войскаў. Як заявіў генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг, гэта не азначае вяртання да ўдзелу ў баявых дзеяннях. У выпадку прыняцця станоўчага рашэння яны будуць аказваць дапамогу ў навучанні афганскай арміі і кансультаваць камандзіраў па арганізацыі баявых дзеянняў.

Камандуючы сіламі ЗША і НАТА ў Афганістане генерал Джон Нікалсан на слуханнях у камітэце па справах узброеных сіл Сената Кангрэса ЗША ў лютым гэтага года ахарактарызаваў сітуацыю ў рэспубліцы як «патавую». Ён заўважыў, што ў краіну патрабуецца накіраваць некалькі тысяч амерыканскіх вайскоўцаў. Па словах генерала, гэта дазволіць толькі захаваць ранейшае становішча рэчаў і пазбегнуць сур'ёзнага аслаблення ўрада, а не нанесці паражэнне талібам. Па паведамленнях амерыканскіх СМІ, Вашынгтон разглядае пытанне аб накіраванні да 5 тыс. вайскоўцаў, уключаючы сілы спецыяльных аперацый.

Зрэшты, з 2001 года, калі амерыканцы пачалі аперацыю ў Афганістане, прыкметных поспехаў дасягнута так і не было. Хутчэй, усё больш назіраліся правалы. Напрыклад, звязаныя з ростам вытворчасці наркотыкаў. Расійскі палітолаг Ігар Хахлоў упэўнены, што з'яўленне амерыканцаў у Афганістане паспрыяла таму, што ў краіне вырабляюць гераін у прамысловым маштабе. Пра гэта эксперт заявіў у праграме «Тэорыя змовы» на тэлеканале «Звезда». Як лічаць эксперты, вырошчваннем сельскагаспадарчых культур, якія выкарыстоўваюцца ў якасці сыравіны для наркотыкаў, у краіне занятыя больш земляў, чым у Калумбіі, Балівіі і Перу разам узятых. «Вытворчасць гераіну павялічылася ў тысячы разоў. Прычым вытворчасць у Афганістане зараз настолькі маштабная, што там наладжаны вельмі магутныя лагістычныя ланцужкі па пастаўцы прэкурсораў. Справа ў тым, што для вытворчасці гераіну недастаткова мець опій. Патрабуецца вялікая колькасць прэкурсораў — хімічных рэчываў», — заўважыў палітолаг. Пры гэтым, на думку Хахлова, ЗША разглядаюць наркотык як таран, пры дапамозе якога яны дэстабілізуюць сітуацыю ў Еўразіі.

2016-ты стаў для Афганістана, па словах прэзідэнта Гані, «годам выжывання». І сёлета справы зусім не наладзіліся. Сітуацыя ў Афганістане пагаршаецца, заявіў Сяргей Шайгу. «Ваенная аперацыя міжнароднай кааліцыі на чале з ЗША, на жаль, спакою туды не прынесла», — адзначыў міністр. Расце рызыка таго, што рэжым у Кабуле можа абрынуцца з-за цяжкага эканамічнага крызісу, стварэння паралельнага ўрада ці дзяржаўнага перавароту. Аднак у прапанаваным амерыканцамі плане стаўка зноў робіцца на супакаенне Афганістана з дапамогай ваеннай сілы. Большасць заходніх спецыялістаў лічыць, што накіраванне дадатковага кантынгенту войскаў у Афганістан не вырашыць праблему. Спыніць гвалт у краіне могуць толькі самі афганцы. Ніякая трэцяя сіла за іх не здольная гэта зрабіць. Што, дарэчы, пацвердзіла міжнародная канфэрэнцыя па ўрэгуляванні сітуацыі ў Афганістане, якая адбылася днямі ў Кабуле. Удзел у ёй узялі прадстаўнікі больш чым 20 краін. Як заўважаюць аналітыкі, нацыянальнае прымірэнне павінна ўключаць больш шырокі спектр сацыяльных і палітычных груп. Захаванне сітуацыі, пры якой зацікаўленымі бакамі міжафганскага канфлікту прызнаюцца толькі ўрад Гані і кіраўніцтва талібаў, не дае рашэння праблемы.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Крывавы праклён Афганістана

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».