Вы тут

Баланс вонкавага і ўнутранага свету даследуюць на тэатральнай сцэне


Амаль год, як у Беларусі з'явіўся новы правакацыйны тэатральны праект «HomoСosmos». Праект мае на мэце стварыць адкрыты сцэнічны дыялог на актуальныя, але табуіраваныя тэмы, шчыра звяртаецца да спалучэння духоўнага і цялеснага ў чалавеку. Пастаўленыя ў межах праекта спектаклі «Камера, якую дала мне маці» і «Бог казытання» (будзе паказаны 14 чэрвеня) выклікалі шмат дыскусій. Пра нараджэнне ініцыятывы, дасягненні і далейшыя планы «HomoСosmos» расказала суаўтар і прадзюсар праекта Кацярына Саладуха.


— Насамрэч, калі ўсё пачалося, ні аб якім паўнавартасным праекце гаворка не ішла. Спачатку быў... спектакль! У польскага рэжысёра і цяпер ужо партнёра па праекце Дарыюша Язерскага сем гадоў таму на міжнародным фестывалі «Тэатральны куфар» нарадзілася ідэя паставіць у Мінску спектакль «Камера, якую дала мне маці» паводле прозы Сюзанны Кейсан (пісьменніца вядомая па рамане і аднайменным кінафільме «Перапыненае жыццё»). Яшчэ тады пачалі абмяркоўваць, хто будзе рабіць пераклад, якім чынам усё арганізаваць. Аднак шлях ад задумы да рэалізацыі атрымаўся доўгі: мы абвясцілі кастынг толькі ў канцы 2015 года. У выніку сабралі больш за 90 заявак. На думку рэжысёра, лепш за ўсіх падыходзіла Настасся Баброва — актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Ён не памыліўся: галоўную ролю ў манадраме «Камера, якую дала мне маці» так пранікнёна выканаць магла толькі Настасся. Калі ў верасні 2016 года надышоў час прэзентаваць дзею гледачу, зразумелі, што не хочам выпускаць спектакль у культурную прастору без дакладнага вызначэння яго скіраванасці ды мэты. Тады мы наважыліся перайсці ад адной пастаноўкі да паўнавартаснага тэатральнага праекта «HomoСosmos».

— Што зроблена за час існавання праекта?

— Зараз мы падсумоўваем вынікі першага сезона. На працягу рэалізацыі «HomoСosmos» адбыліся дзве пастаноўкі: нядрэнна для ініцыятывы, якая існуе менш за год. Яшчэ адно наша дасягненне — праект на слыху. На думку крытыкаў, журналістаў і блогераў, манадрама «Камера, якую дала мне маці» ўвайшла ў топ-10 найлепшых беларускіх спектакляў і ў спіс самых цікавых пастановак 2016 года, паказаных ў Беларусі, а таксама прымерыла на сябе званне найскандальнейшага спектакля сезона. Нягледзячы на тое, што «Камера, якую дала мне маці» — сур'ёзнае даследаванне на актуальную і нават «балючую» для грамадства тэму, пастаноўка выглядае, як эксперымент: так адкрыта пра сувязь духоўнасці і сексуальнасці на сцэне рэдка кажуць.

Галоўнае, што «HomoСosmos» не абмежаваны адной ці дзвюма пастаноўкамі — тэматыка праекта дастаткова шырокая і спрыяе новым ідэям. Ужо ёсць задумы для наступных спектакляў, а таксама планы на пашырэнне праекта да паўнавартаснай тэатральнай платформы з адукацыйнымі мерапрыемствамі, практычнымі трэнінгамі, выстаўкамі.

— Якім чынам адбываецца падбор спектакляў для «HomoСosmos»?

— Перад прыняццем канчатковага рашэння дасканала абмяркоўваем п'есы з рэжысёрам. «Бог казытання» чакаў выхаду да гледача амаль тры гады: крыху менш за «Камеру...», але ўсё ж досыць доўга. Абодва спектаклі адпавядаюць тэме праекта і раскрываюць тыя ці іншыя аспекты цялеснасці. Можна спрачацца аб тым, закранаем мы ў пастаноўках табуіраваныя пытанні ці не, але сумніўна, што такія рэчы маглі б з'явіцца ў якім-небудзь дзяржаўным тэатры.

Пад­час спек­так­ля «Ка­ме­ра, якую да­ла мне ма­ці».

— Ці складана знаходзіць пляцоўкі для паказаў, падбіраць акцёраў на ролі?

— На шчасце, заказваць пляцоўкі для спектакляў было досыць лёгка. Мы вельмі ўдзячныя Нацыянальнаму цэнтру сучасных мастацтваў, які хутка пагадзіўся стаць партнёрам для першай пастаноўкі. На наш погляд, «Камера...» ідэальна ўпісалася ў іх невялікі блэкбокс. Для «Бога казытання» была патрэбна пляцоўка большая ды святлейшая за папярэднюю. Нам пашанцавала: у канцы зімы адкрылася новая прастора «Сталоўка XYZ» на Фабрыцыуса, якая пасавала задуме спектакля. Тут варта сказаць вялікі дзякуй менеджарам пляцоўкі: яны стварылі вельмі спрыяльныя для творчага працэсу ўмовы, а прастора «Сталоўкі» вызначыла форму і сцэнаграфію пастаноўкі.

З пошукам акцёраў для «Бога казытання» было няпроста. Складанасць надавалі і занятасць акцёраў у вясновы перыяд, і тэма спектакля. Мы былі вымушаныя рабіць замены нават у працэсе пастаноўкі. За 10 дзён да прэм'еры ў экстрэмальна кароткія тэрміны ў спектакль быў уведзены Дзмітрый Ягораў — сапраўдная знаходка для ролі і проста цудоўны акцёр. Наогул, трэба адзначыць усіх акцёраў, якія бяруць удзел у праекце «HomoСosmos»: яны смела ўключаюцца ў эксперымент і атрымліваюць асалоду ад сваёй справы.

— Як, на ваш погляд, гледачы ўспрынялі спектаклі «Камера, якую дала мне маці» і «Бог казытання»?

— Вельмі эмацыйна! Рэакцыя атрымалася досыць супярэчлівая: анонс першага спектакля напаткаў мноства папрокаў (па прынцыпе «не глядзеў, але асуджаю»), а пасля прагляду мы атрымалі шмат добрых водгукаў. Безумоўна, камусьці падабаецца, камусьці — не, але абыякавасці няма. Неад'емнай часткай нашага праекта з'яўляецца дыскусія пасля кожнага спектакля, дзе гледачы адкрыта выказваюць свае меркаванні і аб якасці мастацкай работы, і аб тэме п'есы. Падчас такіх дыскусій часта нараджаюцца новыя сэнсы.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота Хрысціны ГРЭКАВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».