Вы тут

Дух творчасці яднае


XVII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2017» сёлета прайшоў пад знакам 135-годдзя народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Нябачная прысутнасць гэтых творцаў адчувалася амаль на ўсіх пляцоўках. Вось яны, праслаўленыя ў свой час і не забытыя сёння, назіраюць, ці захавалі нашчадкі іх запавет берагчы родную мову, ці гучыць шырока прыгожае беларускае слова, ці стала самае пракаветнае, самае блізкае ўвасобленым у добрую кнігу, спектакль, песню, блізкую сучаснікам?..


Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў атрымлівае Вольга Булай.

Фестываль у Маладзечне — без перабольшвання ўнікальны. Гэта адзіная пляцоўка такога маштабу, дзе некалькі дзён гучаць творы па-беларуску. Вядома, хацелася б, каб такіх фэстаў было больш. Але пакуль што, каб дакрануцца да жыццядайных крыніц роднай мовы і прыгожай песні, варта ехаць у Маладзечна.

— Мы адкрываем фестываль урачыстым канцэртам. Адначасова гэта і падвядзенне вынікаў конкурсу маладых выканаўцаў, — адзначыў міністр культуры Беларусі Барыс СВЯТЛОЎ. — Для такога свята трэба, каб саспелі таленты, каб арганізатары падрыхтавалі адметную праграму, якая з’яўляецца вынікам супрацы паэтаў і кампазітараў, — ім таксама патрэбен час, каб нараджаліся новыя творы. На мой погляд, варта кожны год запрашаць новых рэжысёраў, якія прапаноўвалі б сваю канцэпцыю — і тады свята стане яшчэ больш яскравым. Можа быць, з наступнага года мы пачнём гэта рабіць на конкурснай аснове, як і на іншых значных фестывалях. Тады з’явіцца канкурэнцыя і розныя бачанні фэсту.

«Вы нас гадавалі»

Важна, што напярэдадні ўрачыстага адкрыцця фестывалю, 1 чэрвеня, святочныя мерапрыемствы прайшлі пад знакам яшчэ аднаго выбітнага беларуса — нашага першадрукара. У Мінскім абласным драматычным тэатры адбылася творчая вечарына «З’яднаныя любоўю да зямлі сваёй», падчас якой быў прэзентаваны зборнік драматычных твораў «Францыск Скарына і сучаснасць». Таксама ў Маладзечне адбылася прэм’ера спектакля «Беларусь. Дыдактыка» ў пастаноўцы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі з удзелам народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель (пастаноўшчык — Аляксандр Марчанка).

Для ўрачыстага адкрыцця фестывалю была падрыхтавана адмысловая праграма — «Купала і Колас. Вы нас гадавалі». Падчас яе зоркі беларускай эстрады спявалі разам з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга.

Усе песні, якія прагучалі ў праграме, напісаныя на вершы Купалы і Коласа. Гэта вядомыя і любімыя ўсімі хіты. А таксама нядаўна створаныя кампазіцыі. Напрыклад, толькі кампазітар Эдуард Зарыцкі прэзентаваў гэтым вечарам шэсць новых песень.

У той жа дзень, крыху раней, у Палацы культуры Маладзечна адбылася пастаноўка «Паўлінкі», адмыслова прывезеная сюды Купалаўскім тэатрам з Мінска. Прыемна, што на спектаклі быў поўны аншлаг. Гледачы то затоена сачылі за тым, што адбывалася на сцэне, то гучна смяяліся з дасціпных жартаў, якія прамаўлялі акцёры.

Дарэчы, і на іншыя канцэрты была прададзена большасць квіткоў. Гэта значыць, маладзечанская публіка любіць фестываль і гатова, як той казаў, рублём галасаваць за песні на роднай мове.

Канцэрт-закрыццё быў прымеркаваны да 45-гадовага юбілею ансамбля «Сябры». Мастацкі кіраўнік і вядучы канцэрта народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка здолеў прадставіць яскравую праграму. Разам з ім на сцэну выходзілі Руслан Аляхно, Вікторыя Алешка, многія іншыя таленавітыя артысты. Сапраўдным гімнам можна лічыць кампазіцыю «Ты мой дом», якую выканалі ўсе разам.

Прагучала і новая версія песні «Вы шуміце, шуміце». Нагадаем, што пасля спрэчкі з кампазітарам Эдуардам Ханком, аўтарам гэта шлягера, Анатоль Ярмоленка напісаў новую музыку для любімай многімі песні. На падмосткі летняга амфітэатра ў гэты вечар падымаўся таксама паэт Леанід Дранько-Майсюк, які прачытаў свой верш, прысвечаны жанчынам.

Калі запальваюцца зоркі

На фестывалі ўжо традыцыйна былі падведзены вынікі конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні. Творы ў трэцім, заключным, аддзяленні конкурсу маладыя артысты выконвалі ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра. Абсалютнай пераможцай сёлета стала прадстаўніца Мінскай вобласці Вольга Булай, навучэнка сталічнага каледжа мастацтваў. Ёй прысудзілі адразу дзве ўзнагароды — Гран-пры, а таксама спецыяльны прыз імя Уладзіміра Мулявіна. Першае месца дасталася Ганне Трубяцкой з Магілёўскай вобласці. Другое месца — у Аляксея Грыневіча з Мінскай вобласці. Трэцяе месца падзялілі Аляксандр Малашэнка з Магілёўскай вобласці і Міла Урбановіч з Гомельшчыны.

— Мая заветная мара яшчэ з самага ранняга дзяцінства — спяваць у аркестры Міхаіла Фінберга. Я была вельмі рада, калі прайшла ў фінал. А цяпер мары здзяйсняюцца! — распавяла Вольга Булай. — Гэта вакальны конкурс, таму трэба было паказаць сваё песеннае майстэрства. Мы выбралі дзве абсалютна розныя па настроі, вобразнасці кампазіцыі, каб я магла паказаць розныя магчымасці свайго вакалу... Мы жывём у цудоўнай краіне. Таму кожны беларус, артыст павінен выконваць песні па-беларуску. Калі спяваеш на сваёй мове, заўсёды хочацца дастукацца да слухача. Бо мы прадстаўляем эстрадныя песні, якія падабаюцца, у асноўным, маладым людзям. На жаль, яны мала слухаюць песні па-беларуску. Таму хочацца натхніць моладзь, каб яны не толькі слухалі, але і самі спявалі па-беларуску.

«Красуй, Беларусь»

Паэтычная гасцёўня «Красуй, Беларусь» традыцыйна сабрала прыхільнікаў добрых вершаў. Сваім паэтычным словам тут дзяліліся члены Саюза пісьменнікаў Беларусі — Міхась Башлакоў, Уладзімір Мазго, Міхась Пазнякоў, Мікола Шабовіч, Іна Фралова і іншыя.

Цікава, што Янка Купала і Якуб Колас нібы рэальна прысутнічалі на імпрэзе. Некаторыя выступоўцы звярталіся да іх асабіста — быццам бачылі перад сабой. Абсалютная большасць твораў, якія гучалі, была прысвечана народным паэтам. Дух сапраўднай творчасці яднае. Ён нязгасны і сёння. Праграму паэтычнай гасцёўні дапоўнілі выступы яскравых бардаў — Ганны Чумаковай і Андрэя Зыгмантовіча. Адна з песень апошняга, «Месяц лампаду запаліць», напісана на верш Навума Гальпяровіча, які вёў рэй на паэтычнай імпрэзе. Яго сувядучай, як і ў мінулыя гады, была Таццяна Сівец. Напрыканцы яна прачытала ўласныя, вельмі пранікнёныя, вершы.

Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена СТЭЛЬМАХ, якая ўпершыню брала ўдзел у паэтычнай гасцёўні, адзначыла:

— Янка Купала і Якуб Колас карысталіся самай прыгожай беларускай мовай. Яны адлюстравалі ў ёй сапраўдныя характары, вобразы нашых землякоў — тых людзей, якіх доля гне, але ніяк не зламае. Усё гэта падмацавана нашай нацыянальнай свядомасцю. Але, як мне падалося, сёння ў голасе Янкі Купалы гучала вельмі вялікая трывога пра нас сучасных, пра тое, якую небяспеку нясе XXI стагоддзе, якім няпростым бывае наш свет. Мы ў адказе за кожнае слова, за нашу родную мову.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ, г. Маладзечна.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».