Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


...Калісьці ў наш дом, што ў вёсцы Забашавічы Барысаўскага раёна, паштальён прыносіў тры газеты: рэспубліканскую «Звязду», абласную «Мінскую праўду» і раённую «За камунізм». Школьнікам я чытаў іх, пераказваў дарослым і падумаць не мог, што ў рэдакцыях усіх трох гэтых выданняў мне давядзецца папрацаваць.

Перад стагоддзем «Звязды» міжволі ўспамінаю той час, тую творчую атмасферу і, вядома ж, тых журналістаў (у тым ліку і гумарыстаў), без якіх «Звязда» не была б «Звяздой», не была б роднай — яшчэ і для сваіх чытачоў. У прыватнасці, пра Навума Юшпраха, пра яго амаль анекдатычныя паходжанні тады хадзілі легенды.


— Слухай, Навуме, раскажы, як ты ў Туркменію ездзіў, — падступаў, напрыклад, партызан і рэдакцыйны ўсёзнавец Янка Казлоў.

— Ды ўсё ж з-за цябе! — агрызаўся Навум. — Ты нямоглым прыкінуўся, сказаў, што самалётаў не пераносіш. Вось начальства мяне і запрэгла...

А справа пачыналася так. Чарговую (праўда, круглую) гадавіну рэвалюцыі звяздоўская рэдкалегія вырашыла адзначыць выпускам нумароў, прысвечаных кожнай з 15 саюзных рэспублік. Па матэрыялы з Туркменіі адправіўся Навум Львовіч.

Рэйс да Ашхабада быў прамы, і да месца прызначэння звяздовец дабраўся без прыгод. А вось назад...

Выканаўшы рэдакцыйнае заданне, ён, што называецца, дазволіў сабе расслабіцца: завітаць на вячэру дамоў да рэдактара «Туркменской искры». І няблага, відаць, пасядзець...

Потым госця на машыне прывезлі ў гасцініцу. У нумарах ніякіх кандыцыянераў, вядома ж, не было. А гарачыня... Навум абліваўся потам, варочаўся і толькі на світанку, здаецца, заснуў.

Прачнуўся ад стуку ў дзверы. Глянуў на гадзіннік — ледзь не праспаў. Хуценька сабраў свае рэчы, на выхадзе ўсунуў ногі ў чаравікі і зноўку... абліўся потам: адзін туфель быў, мякка кажучы, не яго і нават не мужчынскі, а, відавочна, з нагі рэдактарскай жонкі.

Часу на абмен ужо не было. Навум наскроб па кішэнях 3 рублі, за 2 ці 2 з паловай папрасіў пакаёўку прыдбаць яму хоць якія пантофлі (рэшту пакінуць сабе) і ў гэтай вось нечаканай абноўцы прыехаў у аэрапорт, сеў у самалёт, даляцеў да Мінска, дзе яго ўжо сустракала жонка.

— Божухна, што здарылася?! Навуме, чаму ты ў брызентавых тэпцях? — спытала яна, убачыўшы мужа.

Той не разгубіўся:

— Ай, Рокаш, ну там жа спякота... Там усе ў падобных ходзяць...

Гэтая прыгода засталася б, відаць, у сямейных аналах, калі б сам Навум не расказаў пра яе сваім хаўруснікам «па кілішку».

Перад імі ж, «узяўшы кроплю», ён храбрыўся, казаў, што сваёй Рокаш зусім не баіцца. Дарэчы, яна была не толькі жонкай, але і рэдактарам папулярнай дзіцячай газеты «Піянер Беларусі» (цяпер «Раніца»), а таму ў агульнай выдавецкай бухгалтэрыі сама атрымлівала і Навумаву зарплату, і такі-сякі ганарар...

Аднак, нягледзячы на гэта, грошы «на чацвяртушку» Навум, як правіла, меў. Адкуль — расказваў сам:

— Пасылае мяне жонка па бульбу. Кажа купіць 5 кіло. Бяру 4. Капеек 10 мне засталося. Замест 300 грамаў масла (тады яно прадавалася на вагу. — Аўт.) купляю 250. Яшчэ капейчына «капнула». Глядзіш, за тыдзень нешта і назбіраецца.

Гэта адпрацаваная Навумам «схема» не давала збояў, аж пакуль ён не замахнуўся на паўлітроўку. Тады ўжо Рокаш раскусіла яго — прыпомніла іншыя махінацыі з маслам-бульбай, страчаныя туфлі і шмат чаго яшчэ...

Мікалай Шлома,

г. Мінск.


Як я быў прайдзісветам

У 1957 годзе, скончыўшы Павяцкую СШ, якую, дзякаваць богу, пакуль не закрылі, я паступіў у Гродзенскае культпрасветвучылішча. З цікавасцю слухаў лекцыі, спяваў у хоры, хадзіў у танцавальны і драмгурток...

Нарэшце — доўгачаканая практыка. Мой сябрук Мікола праходзіў яе ў Карэлічах, я — у суседняй вёсцы Заполле. Мы абодва вельмі стараліся працаваць, здаралася, разам адпачывалі, адно — галадалі, можна сказаць. Яно і зразумела: у Гродне хоць нешта ды маглі зарабіць на разгрузцы вагонаў. Да таго ж у сталоўцы на вуліцы Сацыялістычнай быў бясплатны хлеб. За дзве капейкі мы бралі да яго дзве шклянкі трохі падсалоджанага чаю, садзіліся за столік і...

Тут жа, на практыцы... Мне ў маім Заполлі хоць зрэдку, але штось перападала: здаралася, напрыклад, дапамагаць пажылым адзінокім вяскоўцам, і ўдзячнасць іх была зусім не лішняй. Міколу было куды горай...

Дык вось, неяк перад Вялікаднем ён сказаў, што мы едзем у Навагрудак — наведаем ягонага дзядзьку, а заадно — паглядзім на мясціны Міцкевіча. У вучылішчы ў нас быў прадмет «Асновы савецкага мастацтва», але ж знаёмілі там толькі з рускімі пісьменнікамі, мастакамі. Беларускія «буржуазныя» дзеячы нават не ўспаміналіся. А ведаць жа хацелася...

І вось мы з Міколам едзем: аўтобус прывозіць у Навагрудак, на аўтастанцыю.

Там на ўсялякі выпадак я вырашыў пацікавіцца, калі і на чым можна будзе дабрацца назад. Толькі падышоў да раскладу руху, толькі задраў галаву, як за руку мяне схапіла нейкая жанчына:

— Папаўся? — грозна спытала яна. — І што — не пазнаеш?!

Я ўважліва паглядзеў на яе і адмоўна пакруціў галавой:

— Не... Я вас ніколі не бачыў.

— Як гэта «не бачыў»?! — закрычала кабета. — Ды ўчора ж вечарам... Што — забыўся: наеўся, напіўся і хвастом накрыўся?!

Да мяне падбег разгублены Мікола, на нас з усіх бакоў азіраліся людзі; на шум ішоў... міліцыянер.

Я не разумеў нічога. Мой сябра — тым больш. Але жанчына, дзякуй богу, тлумачыла (ужо міліцыянеру), што ўчора вось гэты (то-бок... я?) і яшчэ адзін прайдзісвет (але не Мікола) былі... у яе ў рэстаране, што наелі і напілі там (яна афіцыянткай працуе) на 15 рублёў, а потым уцяклі, не заплаціўшы ні капейкі.

— То плаціце зараз! — наступала на нас пацярпелая.

Мы з Міколам бараніліся, як маглі: даводзілі міліцыянеру, што жанчына памыляецца, што мы — практыканты і, можна сказаць, турысты, што ў рэстаране яшчэ ні разу не былі, што Вялікдзень, што мы едзем у госці да дзядзькі...

Міліцыянер, выслухаўшы ўсё ды праверыўшы дакументы, адпусціў нас, сказаў, каб не крыўдавалі на гэту жанчыну, бо 15 рублёў усё ж такі грошы...

Як быццам мы з Міколам гэтага не ведалі?! Ды мой бацька ў калгасе, перакрыўшы ў 1956 годзе мінімум працадзён, атрымаў 126 рублёў 57 капеек...

Так што ніякай крыўды ў нас не было і нават быць не магло. А вось свята — свята атрымалася. Тры дні Вялікадня мы з Міколам ад'ядаліся рознымі прысмакамі, гулялі па горадзе і ваколіцах. Потым, з падарункамі, вярнуліся на свае працоўныя месцы.

Вось такой была мая першая практыка і турыстычная паездка: мая сустрэча з зямлёй Міцкевіча і незабыўным возерам Свіцязь.

Альфрэд Тычко,

в. Ідолта, Мёрскі раён.


Шыла ў мяху не схаваеш

Мой добры знаёмец працуе на будоўлі. Апошнім часам — расказваў — яго кіраўніцтва знайшло падрадныя работы ў расійскім Пскове. Не буду казаць (бо не ведаю), колькі разоў яно з'ездзіла туды, але ж заключыла дагаворы, камандзіравала рабочых — у тым ліку і Васіля... Зрэшты, аб усім па парадку і з ягоных слоў.

«Значыць, размясцілі нашу брыгаду, як і іншых будаўнікоў, у казармах былой воінскай часці. Умовы, трэба сказаць, нармальныя, людскія: у кожным памяшканні на 8—10 чалавек — свая гардэробная з сушылкай для рабочага адзення, халадзільнік, агульная кухня. А галоўнае — хай таксама агульная, але ж душавая. Для мяне гэта вельмі важна: зайшоў пасля змены, абмыўся і адпачывай сабе на здароўе...

Адзінае — дзён праз колькі стаў я заўважаць, што мой любімы шампунь разам з гелем для душа знікае (гэтыя сродкі я на падаконніку трымаў). Можа, думаю, пераблытвае хто? Можа, з дому не ўзяў ды маім карыстаецца? Але ж мог бы сказаць...

Вырашыў сам: вечарам, калі ўсе хлопцы сышліся разам, паказаў свае бутэлечкі і папрасіў іх болей не чапаць.

Думаеш, пачулі? Ды нічога падобнага: да канца вахты яшчэ дзён з пяць заставалася, а шампуню ў мяне каб кропля.

Крыўдна, вядома, але ж ці варта з-за гэтага шум падымаць? Ды і сэнсу, думаю, ніякага, бо як ты разбярэшся, хто чым галаву сваю мыў: з аб'екта мы вярталіся хто калі, мыліся, адпаведна, таксама...

Вось я і маўчаў. Праўда, дома ўжо не стрымаўся — пра сваю непрыемнасць жонцы расказаў. Яна ў гвалт:

— Вы паглядзіце: шампуню — амаль поўная «бутля» была! А яму на два тыдні мала... Ды тваю галаву ім з паўгода мыць...

— Ты на год яшчэ расцягні, — запярэчыў я і толькі саломы ў агонь падклаў.

— Усё, шампунь табе купляць не буду! — сказала як адрэзала жонка. — Мылам чупрыну мый!

І тут голас падала мая разумніца-цешча:

— Гэта не выйсце, — прызнала яна. — Давайце зробім іначай. Ты, дачушка, купі два шампуні: адзін для мужа, другі — для сабак. Ёсць такі, спецыяльны: каб блохі не вяліся. Яго мы перальём у пасудзіну ад добрага, і ты, Вася, стаў яго ў душы на падаконнік. А далей пабачыш: шкоды ён ніякай не прынясе, але зладзюжку адразу выдасць...

Мудрая ў мяне цешча — як сказала, так і атрымалася: то-бок аматара карыстацца чужым шампунем мы з мужыкамі «вылічылі» ў першы ж дзень — прычым лёгка, бо ён сам сябе выдаў з галавой, што называецца, бо «пах» ад яе быў такі...

Прыйшлося расказаць мужыкам, што наліта ў бутэльку з-пад шампуню...

Яны пасля гэтага доўга смяяліся і нават новае «правіла» ўвялі: збіраючыся ў душ, заўсёды казалі: «Пойдзем блох паганяем».

— «Ганяў» іх, вядома ж, і я, — прызнаўся Васіль. — Што прыемна — сваім любімым шампунем, які купіў мне той самы аматар мыць галаву чужым.

Валерый Гаўрыш,

г. Чавусы.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пачым бульба з маслам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».