Вы тут

Чым будзе здзіўляць «Славянскі базар у Віцебску»?


З 10 па 18 ліпеня пройдзе XXVІ Міжнародны фестываль мастацтва «Славянскі базар у Віцебску». Гэта пляцоўка для самых розных праектаў, і сёлета іх будзе больш за 100. Канцэрты вядомых выканаўцаў, тэатральныя пастаноўкі, выступленні маладых артыстаў — гэта толькі частка таго, што можна будзе ўбачыць у Віцебску.


На сольныя канцэрты зорак расійскай эстрады білеты ўжо хутка будуць распрададзены — гэта выступленні Зары, Грыгорыя Лепса, Стаса Міхайлава, Валерыя Меладзэ, Ягора Крыда, гуртоў «Руки вверх» і «Сплин». Адбудзецца адмысловы канцэрт «Вітае Украіна». Там выступяць каля дзесяці ўкраінскіх спевакоў — як народных артыстаў, так і маладых выканаўцаў.

— Завершаны адбор удзельнікаў для міжнароднага конкурсу, — адзначыў дырэктар фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» Аляксандр СІДАРЭНКА. — Сёлета прайшло 16 папярэдніх канцэртаў у розных краінах. Упершыню адбыўся адборачны тур на Мальце. Напрыклад, у латвійскай Рызе для ўдзелу паступіла каля 200 заявак. Старшынёй журы дзіцячага конкурсу будзе расійская спявачка Варвара, а старшынёй журы вакальнага конкурсу для дарослых — Адамка Хрыстава, вядомая балгарская выканаўца.

Пройдзе і каля дзесяці тэатральных пастановак. Як адзначае Аляксандр Сідарэнка, трапіць на іх досыць складана, бо білеты імкліва распрадаюцца. Больш шанцаў паглядзець тыя п'есы, што будуць ісці не ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, а на сцэне канцэртнай залы «Віцебск».

Цікава будзе ўбачыць і «Лялечны квартал». У фестывальнай праграме спектаклі для дзяцей і дарослых прадставяць Беларускі тэатр «Лялька», Гродзенскі тэатр лялек, а таксама лялечныя тэатры з Расіі, Украіны і Швецыі.

З 14 па 16 ліпеня на вуліцах і плошчах Віцебска разгорнецца ІІІ Фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». У яго межах адбудуцца інтэрактыўныя праекты вулічных тэатраў, музыкаў, перформераў, паэтаў, лялечных тэатраў і артыстаў.

Як адзначыла намеснік генеральнага дырэктара «Цэнтра культуры «Віцебск» Марына РАМАНОЎСКАЯ, урачыстае адкрыццё фестывалю будзе надзвычай святочным. Яно пройдзе з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта з яго рук атрымае ўзнагароду пераможца дзіцячага вакальнага конкурсу. Падчас пралога прагучаць яскравыя прывітанні ад розных краін.

Увогуле ж інтэрнацыянальная праграма фестывалю будзе надзвычай багатай. Іераманах Фоцій — рэгент хора Свята-Пафнуцьеўскага Бароўскага манастыра, пераможца тэлевізійнага праекта «Голас», выканае старадаўнія рускія рамансы, а таксама сучасныя эстрадныя песні. Грузінскі ансамбль «Аліла», які ўжо скарыў гледачоў Еўропы і Азіі сваёй запальнай энергіяй, выканае грузінскія народныя песні і творы сучасных кампазітараў. Ансамбль танца «Алан», што прадстаўляе Паўночную Асецію — Аланію, — пакажа своеасаблівыя танцавальныя навелы, якія раскажуць пра гісторыю Каўказа ў суправаджэнні аркестра народных інструментаў...

Наш ансамбль «Сябры» і Анатоль Ярмоленка дадуць асобны канцэрт у рамках Дня Саюзнай дзяржавы. А вось Дзмітрыя Калдуна, Руслана Аляхно, Ядвігу Паплаўскую можна будзе пачуць толькі з асобнымі кампазіцыямі. Падаецца, прадстаўніцтва беларускай музыкі на такім маштабным фестывалі магло б быць большым...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пад небам Віцебска

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?