Вы тут

У краіне ацанілі фактары рызыкі неінфекцыйных захворванняў


Упершыню ў краіне ацанілі распаўсюджанасць фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў па метадалогіі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Удзельнікамі STEPS («Крокі») сталі каля 6 тысяч беларусаў ва ўзросце 18—69 гадоў з усіх рэгіёнаў.


У межах даследавання STEPS пакрокава вызначалася распаўсюджанасць асноўных паводзінскіх і біялагічных фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў сярод дарослага насельніцтва — ужыванне тытуню і алкаголю, гіпадынамія, нездаровае харчаванне, лішняя вага і атлусценне, павышаны артэрыяльны ціск, павышаны ўзровень глюкозы і ліпідаў у крыві, а таксама сярэдні ўзровень спажывання ў папуляцыі солі і пратэінаў. Неінфекцыйныя захворванні з'яўляюцца асноўнай прычынай смяротнасці ў краінах Еўрапейскага рэгіёна СААЗ, у тым ліку ў Беларусі.

Усе ўдзельнікі даследавання былі падзелены на некалькі ўзроставых груп, абавязковай умовай было асобнае даследаванне гарадскога і сельскага насельніцтва. Усе звесткі пазначаліся і апрацоўваліся электронным спосабам. Кожны апытаны даваў згоду як на дачу адказаў падчас анкетавання, так і на правядзенне вымярэнняў росту і вагі, правядзенне біяхімічнага даследавання.

Як паказала STEPS, 13 працэнтаў 40—69-гадовых маюць больш як 30-працэнтную рызыку развіцця захворванняў сістэмы кровазвароту. Агульныя фактары рызыкі для развіцця кардыялагічных і анкалагічных захворванняў, цукровага дыябету ў нашай папуляцыі маюць высокую распаўсюджанасць: 27 працэнтаў дарослых ва ўзросце ад 18 да 69 гадоў штодня кураць; 53 працэнты ўжывалі алкаголь на працягу апошняга месяца; 73 працэнты ўжываюць менш за пяць порцый фруктаў/агародніны на дзень; 60 працэнтаў маюць лішнюю вагу; 25 працэнтаў — атлусценне; 45 працэнтаў — павышаны артэрыяльны ціск.

Паводле слоў прадстаўніка СААЗ у Беларусі Батыра БЕРДЫКЛЫЧАВА, удалося атрымаць вельмі каштоўную і якасную інфармацыю для паспяховай падрыхтоўкі адпаведных праграм па кантролі за неінфекцыйнымі захворваннямі, больш эфектыўнага планавання мерапрыемстваў па прафілактыцы і барацьбе з імі. Вынікі будуць улічаны пры рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржпраграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека ў Рэспубліцы Беларусь» на 2016—2020 гады.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: З алкаголем перабор, з фруктамі недабор

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?