Вы тут

ШАС: пляцоўка магчымасцяў


Саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) адкрываецца 8 чэрвеня ў Астане. Што мы ведаем пра гэтую арганізацыю, якія магчымасці яна дае для Беларусі, як можа змяніцца свет з-за дзейнасці гэтай арганізацыі?


Перш за ўсё, ХХІ стагоддзе мае ў якасці аднаго з трэндаў усё большае ўзмацненне ўплыву недзяржаўных суб'ектаў на міжнароднай арэне. І міжнародныя арганізацыі, у тым ліку такія, як ШАС, з'яўляюцца іх важнай часткай. Таму для Беларусі важна быць у гэтым трэндзе — усяляк развіваць адносіны з міжнароднымі арганізацыямі, рабіць так, каб у іх ведалі пра нашы нацыянальныя інтарэсы і мы маглі ўплываць на прыняцце найважнейшых рашэнняў, якія закранаюць Беларусь. Тым больш што ШАС з'яўляецца арганізацыяй, у якой на Беларусь глядзяць вельмі добразычліва. Уплыў яе на сусветныя працэсы будзе ўзрастаць з кожным годам, паколькі членамі ШАС з'яўляюцца вельмі ўплывовыя краіны.

Сёлета ў лютым мы прынялі вельмі важнае рашэнне аб бязвізавым уездзе на пяць дзён для жыхароў 80 краін свету, а ў маі — аб трыццацідзённым бязвізавым уездзе для грамадзян Кітая. Добры імідж становіцца ўсё больш важным фактарам для паспяховага развіцця эканомікі. Калі ў краіны спрыяльны імідж, у яе едзе ўсё больш бізнесменаў і турыстаў, актыўна прыцягваюцца інвестыцыі, ствараюцца новыя працоўныя месцы. Пры дрэнным іміджы пра гэта даводзіцца забыцца. І міжнародныя арганізацыі з'яўляюцца адной з самых галоўных пляцовак для фарміравання меркавання пра краіну. Таму ў іх нам вельмі важна пастаянна ствараць станоўчы вобраз Беларусі. Нягледзячы на тое, што ШАС — яшчэ вельмі маладая арганізацыя (пачала фарміравацца ў 2001 годзе), яна ўжо ўплывае на імідж краін, якія ўдзельнічаюць у яе дзейнасці.

Не будзем забываць і пра тое, што ўдзел Беларусі ў арганізацыі, членамі якой з'яўляюцца 40 працэнтаў насельніцтва Зямлі, з'яўляецца выгадным для бізнесу. У мерапрыемствах ШАС у складзе дэлегацый удзельнічаюць вельмі ўплывовыя чыноўнікі і бізнесмены. Сустракаючыся на палях мерапрыемстваў з членамі беларускай дэлегацыі, многія з іх упершыню даведваюцца пра магчымасці інвеставаць у Беларусь або весці з ёй гандаль. Рост колькасці ўдзельнікаў і назіральнікаў, а таксама краін-партнёраў дабратворна адбіваецца на такіх магчымасцях для нашай краіны. Гэта вельмі перспектыўныя рынкі, але неабходна ўлічваць іх спецыфіку і наладжваць дамоўленасці на найвышэйшым узроўні.

Саміт у Астане стане, без перабольшання, эпахальным. На ім чакаецца прыём у паўнапраўныя члены двух назіральнікаў — Індыі і Пакістана. Несумненна, Захад устрывожыць той факт, што пасля гэтага ШАС аб'яднае ў сваім складзе адразу чатыры незаходнія дзяржавы, якія маюць вялікі арсенал ядзернай зброі. Галоўным матывам для прыняцця стала павелічэнне фармальнай важкасці арганізацыі. Пасля прыняцця колькасць жыхароў краін, якія ўваходзяць у ШАС, павялічыцца адразу больш чым на мільярд чатырыста мільёнаў, а тэрыторыя — на чатыры мільёны квадратных кіламетраў. Генеральны сакратар ШАС Р. Алімаў, выступаючы нядаўна на ХХІ Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме, таксама адзначыў, што пасля ўступлення ў ШАС Індыі і Пакістана Арганізацыя з рэгіянальнага форуму, сфакусаванага пераважна на Цэнтральнай Азіі, пяройдзе ў новую якасць і, па сутнасці, ператворыцца ў транскантынентальную арганізацыю з арэалам адказнасці ад Арктыкі да Індыйскага акіяна з Поўначы на Поўдзень і ад кітайскага Льян'юнгана да расійскага Калінінграда з Усходу на Захад.

Немалаважным матывам стала і жаданне асобных членаў арганізацыі ўраўнаважыць дамінаванне Кітая ў арганізацыі па такіх параметрах, як памер насельніцтва і эканомікі. Непазбежным адмоўным бокам будзе факт сур'ёзных супярэчнасцяў, што існуюць як паміж Індыяй і Пакістанам (якія фактычна знаходзяцца на мяжы вайны і нават свае ядзерныя арсеналы стварылі менавіта па гэтай прычыне), так і паміж гэтымі краінамі і ўжо наяўнымі ўдзельнікамі. Так, не сакрэт, што ЗША актыўна імкнецца выкарыстоўваць Індыю ў якасці азіяцкай процівагі ўплыву Кітая ў рэгіёне і што індыйскае кіраўніцтва ў цэлым дастаткова добразычліва ставіцца да амерыканскіх авансаў. Дастаткова згадаць, што ў нядаўнім саміце «Паясы і шляхі» ў Кітаі індыйскае кіраўніцтва дэманстратыўна адмовілася ўдзельнічаць. У той жа час Пакістан з'яўляецца найбліжэйшым саюзнікам Пекіна, што нервуе індыйскае кіраўніцтва.

Немалаважным момантам у дзейнасці ШАС з'яўляецца і праца адной з дзвюх пастаянных структур арганізацыі — Выканкама Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры (РАТС). На фоне рэзкага росту тэрарызму ўжо не толькі ў Азіі або Афрыцы, але і ў Еўропе, значнасць і запатрабаванасць такога органа відавочная.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».