Вы тут

У МЗС Беларусі быў выкліканы пасол Літвы Андрус Пулакас


У Міністэрства замежных спраў Беларусі быў выкліканы пасол Літвы Андрус Пулакас — у сувязі з выказваннямі Прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі Далі Грыбаўскайтэ.


«Падчас сустрэчы беларускі бок запатрабаваў тлумачэнняў у сувязі з абвінавачаннямі Беларусі ў пагрозе для краін Балтыі і Польшчы, якія прагучалі з вуснаў кіраўніка літоўскай дзяржавы, — гаворыцца ў паведамленні на сайце знешнепалітычнага ведамства. — Асабліва было адзначана, што выкарыстаная Прэзідэнтам Літвы лексіка, уключаючы словы «агрэсіўныя гульні», з'яўляецца абразай для нашай краіны, якая вядзе міралюбівую палітыку, робіць рэальны і агульнапрызнаны ўнёсак у справу ўмацавання бяспекі нашага рэгіёна». На думку МЗС, такія заявы робяцца не для ўмацавання стабільнасці ў рэгіёне, а каб павысіць сваю пазнавальнасць сярод партнёраў па НАТА і папулярнасць у выбаршчыкаў.

«Вельмі дзіўна, што падобная рыторыка гучыць з вуснаў Прэзідэнта краіны, дружалюбныя адносіны з якой замацаваныя беларуска-літоўскім «Дагаворам аб добрасуседстве і супрацоўніцтве», які падпісаны і дзейнічае ўжо больш за 20 гадоў, — адзначаецца ў паведамленні на сайце МЗС. — Увага пасла Літвы была асабліва звернута на тое, што ключавое слова ў гэтым дагаворы — добрасуседства, бо суседзяў, як вядома, не выбіраюць — іх дае Бог».

У панядзелак, пятага чэрвеня, Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ назвала «выклікам і пагрозай» для рэгіёна суседства з Расіяй і Беларуссю ў інтэрв'ю тэлекампаніі LRT, якое яна давала напярэдадні афіцыйнага візіту ў Эстонію. «Эстонія, як і Латвія, а таксама Польшча для нас вельмі важныя, паколькі гэта ўсходняя мяжа НАТА, таму выклікі і пагрозы — тыя ж. Гэта — знаходжанне Расіі і Беларусі каля нашых усходніх меж. Вядома, гэта і мілітарызацыя, якую мы назіраем у Калінінградзе, выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для розных эксперыментаў і агрэсіўных гульняў, накіраваных супраць Захаду. Сярод іх — і меркаваныя вайсковыя вучэнні», — заявіла Даля Грыбаўскайтэ.

Учора наконт сітуацыі, якая склалася, выказаўся і міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус. «Мы заўсёды памятаем пра тое, што гэта наш сусед, што мы з гэтым суседам і гандлюем, і супрацоўнічаем, і партнёрства ў гэтым сэнсе вельмі важнае, — заявіў кіраўнік МЗС Літвы пра Беларусь. — Аднак ёсць аспекты, якія заслугоўваюць каментарыяў. Мы не можам не звяртаць увагі на гэта».

Трэба сказаць, так званыя агрэсіўныя гульні — гэта традыцыйныя вучэнні, якія наша краіна сумесна з усходнім суседам праводзіць рэгулярна. Яны ніколі не неслі агрэсіі ніводнай дзяржаве. Больш за тое, яны праводзяцца адкрыта, і на наступныя вучэнні, якіх так апасаецца спадарыня Даля Грыбаўскайтэ, — «Захад-2017» — могуць прыехаць і паглядзець прадстаўнікі любой краіны — у тым ліку і Літвы. Пра гэта асабіста заявіў кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падчас Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ў красавіку гэтага года.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Суседзяў не выбіраюць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?