Вы тут

За дзевяць гадзін можна пашыць сукенку


2 залатыя, 21 сярэбраны і 6 бронзавых медалёў заваявала беларуская зборная ў фінале першага адкрытага Еўразійскага чэмпіянату, які прайшоў у рамках V Нацыянальнага чэмпіянату «Маладыя прафесіяналы» ў Расіі.


Рэспубліканскую каманду «WоrldSkіlls Беларусь» прадстаўлялі навучэнцы каледжаў, студэнты ўніверсітэтаў і маладыя кваліфікаваныя рабочыя ва ўзросце да 22 гадоў з розных рэгіёнаў краіны: Мінска, Гродна, Віцебска, Магілёва, Гомеля, Рагачова, Брэста, Кобрына — усяго 35 чалавек.

Залаты медаль у кампетэнцыі «Тэхналогія моды» заваявала ў Краснадары Вольга Кушнер, навучэнка Гродзенскага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну. Свае навыкі і ўменні дзяўчына дэманстравала на працягу трох дзён. Для пачатку канкурсантам было прапанавана за восем гадзін вырабіць камізэльку на падкладцы, а пасля майстэрскага выканання задання дэкарыраваць сваю работу матэрыяламі з «тайнай» каробкі. Таксама ў рамках конкурсу малады дызайнер распрацоўвала эскізы сукенак і муляжным метадам дэкарыравала прапанаваную мадэль са складанай драпіроўкай. А яшчэ за дзевяць гадзін яна змадэлявала, раскроіла і пашыла сукенку.

У кастрычніку Вольга прадставіць нашу краіну на сусветным чэмпіянаце WоrldSkіlls у Абу-Дабі. Як і яшчэ адзін уладальнік «золата» — Іван Скорб, студэнт БДТУ, які перамог у кампетэнцыі «Вытворчасць мэблі».

Конкурс WоrldSkіlls — гэта своеасаблівыя алімпійскія гульні па розных прафесіях, якія праводзяцца кожныя два гады на працягу вось ужо 60 гадоў. У руху WSІ у цяперашні час удзельнічаюць 76 краін, якія ахопліваюць больш як 70 працэнтаў насельніцтва зямнога шара. Мэта WоrldSkіlls — папулярызацыя рабочых прафесій у сучасным грамадстве і павышэнне іх прывабнасці для моладзі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сукенка — за дзевяць гадзін

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.