Вы тут

З 2011 года ў краіне працуе краўдфандынгавая пляцоўка «Мае Сэнс»


З 2011 года ў краіне працуе краўдфандынгавая пляцоўка з сімвалічнай назвай «Мае Сэнс». Галоўная мэта, з якой яна стваралася, — дапамагаць збіраць сродкі на рэалізацыю карысных для грамадства спраў. А самая цікавая частка задумы — той фармат, у якім праводзіцца пошук грошай.


«Міс Мае Сэнс» На­тал­ля Шум­чэ­ня з Аляк­санд­рай Кас­цен­кай.

Гэта адбываецца праз аўкцыён сустрэч. Любы чалавек можа прыдумаць цікавую тэму для яго і прапанаваць у агульным доступе. А ў астатніх ёсць магчымасць рабіць стаўкі на такі імправізаваны лот. Стваральнік сустрэчы таксама загадзя выбірае той сацыяльны праект, у дапамогу якому будуць пераведзены сабраныя грашовыя сродкі. Як і на любым аўкцыёне, пераможцам становіцца той, хто прапануе найбольшую суму за адведзены час. Да 80 працэнтаў грошай пераводзіцца таму праекту, які вырашыў падтрымаць арганізатар сустрэчы. А пераможца (ён жа пакупнік лота) атрымлівае абяцаны прыз. Фармат сустрэчы можа быць любы: ад класічнага «пачастую гарбатай ці кавай» да самых неспадзяваных і арыгінальных прапаноў накшталт «індывідуальны занятак па тэнісе», «пачастунак чырвонай і чорнай ікрой», «класічны масаж» і мноства іншых. Дзякуючы такому крэатыўнаму падыходу дапамагчы можа кожны, нават той, у каго для гэтага не хапае сродкаў, але ёсць вольны час.

На сайце пляцоўкі mаеsеns.bу ўжо зарэгістравана больш як 85 тысяч карыстальнікаў, якія ахвяруюць свой вольны час ці грошы на добрую справу. Тут жа публікуецца справаздача: калі, куды і колькі грошай было пераведзена. Унесці ўклад вельмі проста: трэба азнаёміцца і пагадзіцца з правіламі, затым хуткая рэгістрацыя на сайце, запаўненне маленькай анкеты — і вы ўжо карыстальнік.

Мы пацікавіліся, што за людзі працуюць над падтрымкай гэтага праекта, і пазнаёміліся з адной з супрацоўніц пляцоўкі «Мае Сэнс» — Аляксандрай Касценка, якая пагадзілася адказаць на некалькі пытанняў.

— Раскажыце, як вы трапілі сюды?

— Раней я працавала трэнерам-адміністратарам нацыянальнай каманды краіны па пляжным валейболе. Сама работа мне падабалася, але кожны дзень не пакідала думка, што я магу рабіць нешта больш важнае і знакавае. Аднойчы мне патэлефанавала знаёмая і прапанавала паспрабаваць прайсці тут гутарку на працу, што я паспяхова і зрабіла праз некалькі дзён. З 1 красавіка 2016 года праект «Мае Сэнс» — мая асноўная і адзіная работа, якая прыносіць радасць кожны дзень. Я жыву ёй і прыходжу сюды з вялікім задавальненнем. А сама ідэя таго, што я працую з дабрачыннымі сацыяльна накіраванымі праектамі, натхняе з першага дня. Цяпер мой дэвіз «Маленькай дапамогі не бывае», бо кожны нават невялікі ўнёсак вельмі каштоўны.

— Вы самі выстаўлялі сустрэчы на аўкцыён?

— Напачатку было боязна: невядомА яшчэ, хто як успрыме тваю ідэю. Першай я вырашыла прапанаваць сустрэчу, звязаную з маім хобі: сумесную прабежку з індывідуальнымі рэкамендацыямі па бегу. Сустрэча прадалася за 50 рублёў. А потым ужо было зусім не страшна. Мне здаецца, што такі механізм збору сродкаў — гэта проста выдатная ідэя. У цябе не заўсёды ёсць грошы, каб дапамагчы, але часта ёсць час. І, калі ты бачыш, што гэты механізм працуе, разумееш, наколькі рэальна і проста дапамагаць.

— Раскажыце пра самы кранальны асабіста для вас момант, звязаны з праектам...

— Іх многа: малюнкі дзяцей, якім мы дапамаглі, іх лісты ў падзяку, шчаслівыя твары бацькоў і многае іншае. Але, ведаеце, самы, мабыць, кранальны здарыўся не так даўно. У нашым конкурсе ўнутранай прыгажосці «Міс Мае Сэнс», што праходзіў напрыканцы 2016 года, выйграла дзяўчына з асаблівасцямі развіцця Наталля Шумчэня. Момант, калі яна на цырымоніі ўзнагароджання выехала на сцэну, быў вельмі для мяне кранальны.

Ці мае сэнс удзельнічаць у дабрачынным руху, кожны вырашае для сябе асабіста. Але, як сказала сама Аляксандра, «шчырае імкненне дапамагаць дорыць пачуццё, з якім табе святлей быць сярод людзей».

Дар'я АРЭФ'ЕВА, студэнтка VІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Дапамога — тое, што заўсёды мае сэнс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».