Вы тут

Анлайн-платформа дазволіць дзецям папрактыкавацца ў любой прафесіі


Як школьніку вызначыцца з будучай прафесіяй? Даверыцца меркаванню сяброў, маніторыць прахадныя балы на розныя спецыяльнасці або змірыцца з выбарам бацькоў? Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта распрацавалі анлайн-платформу CanBe, якая дазволіць паспрабаваць сябе ў любой прафесіі.


Ка­ман­да пра­ек­та.

У камандзе — шэсць чалавек: Ілья Мельнік, Алена Давыдчык, Уладзімір і Цімафей Квачы, Максім Масарноўскі і Сяргей Каравай. Усе з факультэта сацыякультурных камунікацый (спецыяльнасць «Прыкладная інфарматыка. Вэб-праграмаванне і камп'ютарны дызайн»).

Чаму ўзнікла ідэя менавіта такога праекта? Ёсць інфармацыя, што кожны другі беларус расчараваны ў атрыманай ім спецыяльнасці. Гэта звязана з тым, што выбар будучай прафесіі выпадае на падлеткавы ўзрост і засноўваецца пераважна на колькасці нулёў у заробку і грамадскай думцы. Школьнікі робяць важны крок у жыцці не заўсёды асэнсавана.

Распрацоўшчыкі праекта па сабе ведаюць, як няпроста вызначыцца з будучым месцам вучобы і працы.

— Я выбірала хутчэй не прафесію, а спецыяльнасць у ВНУ, — кажа Алена. — У гэтым і заключаецца праблема. На пытанне «Кім ты хочаш быць?» я не магла даць канкрэтны адказ. Выбар профілю «фізмат» быў зроблены яшчэ ў 9-м класе, бо з фізікай і матэматыкай у мяне было ўсё добра. Са спецыяльнасцяў, дзе патрабаваліся гэтыя прадметы, шукала тую, на якой будзе прысутнічаць хоць крыху творчасці.

Некаторыя з членаў каманды падчас вучобы зразумелі, што хочуць развівацца ў іншай сферы. Напрыклад, Ілья, якому ў школе лёгка давалася інфарматыка, збіраецца працаваць не праграмістам, а відэографам, а Сяргей — падацца ў маркетынг.

Са сваёй ідэяй студэнты вырашылі паўдзельнічаць у хакатоне сацыяльных праектаў проста з любові да такіх мерапрыемстваў і спартыўнага інтарэсу (хакатон — гэта «марафон розумаў», дзе спецыялісты з розных сфер разам працуюць над рашэннем нейкай праблемы). А ў выніку сталі фіналістамі конкурсу Socіal Weekend і атрымалі спонсарскую дапамогу — дзве тысячы рублёў.

Ідэя CanBe заключаецца ў правядзенні тэматычных тыдняў і знаёмстве з нюансамі пэўнай прафесіі. Карыстальнік анлайн-платформы зможа пачытаць інфармацыю аб спецыяльнасці, паглядзець відэаролік і нават адправіцца ў віртуальную экскурсію, каб паглыбіцца ў рабочую атмасферу. Плюс школьнікам прапануюць наведаць практычныя заняткі — правесці два дні на прадпрыемстве.

У сакавіку прайшлі пробныя заняткі па прафесіі «крэатыўны дырэктар». А першы тэматычны тыдзень запланаваны на 12—18 чэрвеня. Падчас яго падлеткаў пазнаёмяць з абавязкамі маркетолага. А на выхадныя (17—18 чэрвеня) запросяць папрактыкавацца ў мастацтве прасоўвання тавараў у адну з беларускіх абутковых сетак.

У найбліжэйшы час будуць арганізаваны таксама тэматычныя тыдні, прысвечаныя прафесіям журналіста і HR-спецыяліста. У планах — эканаміст, прадзюсар, гукарэжысёр, архітэктар, спецыяліст па нейронных сетках, футуролаг, канструктар робатаў.

— Цяпер мы шукаем тых, хто гатовы правесці практычныя заняткі і падзяліцца ведамі і вопытам са школьнікамі, — кажуць студэнты.

Свой праект яны пачалі рухаць як валанцёры, але ў будучым спадзяюцца яго манетызаваць. Зарабляць, напрыклад, на рэкламе адукацыйных рэсурсаў, шукаць партнёраў. Некаторыя паслугі анлайн-платформы (практычныя заняткі і карту шляхоў развіцця прафесіі) зробяць платнымі. Пры гэтым кошт будзе супастаўляльны з паходам у тэатр ці кавярню.

Паўнацэнны запуск сайта прызначаны на 1 верасня.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Архітэктар на тыдзень

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.