Вы тут

Перамовы па ўступленні Беларусі ў СГА знаходзяцца ў актыўнай стадыі


Гэта пацвердзіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір МАКЕЙ на міжнароднай канферэнцыі «Мінскі дыялог». Тэмай мерапрыемства, на якім сабралася каля 100 удзельнікаў, стала эканамічная бяспека ў глабалізаваным свеце.


— Беларусь імкнецца ўмацоўваць свае пазіцыі ў міжнароднай шматбаковай гандлёвай сістэме. Як мага больш хуткае далучэнне да Сусветнай гандлёвай арганізацыі будзе спрыяць пашырэнню нашых гандлёва-эканамічных сувязяў, станоўча паўплывае на інвестыцыйны клімат і дзелавы імідж краіны, — лічыць міністр.

Паводле яго слоў, з 2016 года беларускі бок значна актывізаваў перагаворны працэс з СГА па ўсіх кірунках, дзякуючы чаму сёння ёсць канкрэтныя вынікі. «На гэты момант падпісаны пратаколы аб завяршэнні перамоў з Японіяй і Карэяй, а да канца года мы плануем завяршыць перамовы яшчэ з шэрагам краін, — адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. — Не хачу перабольшваць, але сістэмная работа па ўзаемадзеянні з сакратарыятам і членамі СГА дазволіла нам выйсці на падрыхтоўку фінальнага дакумента — праекта даклада рабочай групы».

Акрамя таго, міністр дадаў, што цяперашнюю канфігурацыю беларускага знешняга гандлю нельга назваць прапарцыянальнай і камфортнай для нашай дзяржавы. «У перыяды сусветных фінансава-эканамічных крызісаў, якія ўзнікаюць рэгулярна, немагчыма выжыць у такой невялікай краіне, як Беларусь, калі яна будзе залежаць толькі ад нейкай адной крыніцы або напрамку. Таму выйсце адно — дыверсіфікацыя нашых гандлёва-эканамічных адносін», — сказаў Уладзімір Макей.

Па яго словах, сёння задача заключаецца ў тым, каб «Беларусь мела раўнамерныя адносіны» з партнёрамі па ўсім свеце. Калі забяспечыць адносіны ў фармаце «трэць-трэць-трэць» — частка тавараў на ЕС, частка — на ЕАЭС, а астатнія — на краіны «дальняй дугі», то наша дзяржава здолее справіцца з любой нестабільнай эканамічнай сітуацыяй, упэўнены міністр.

* * *

У мінулы панядзелак міністр замежных спраў Уладзімір Макей прыняў удзел у сумесным пасяджэнні калегій знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі, якое адбылося ў Маскве. Акрамя таго, беларускі міністр і міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў адкрылі выстаўку, прысвечаную 25-годдзю ўстанаўлення беларуска-расійскіх дыпламатычных адносін.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: На роўных з усімі партнёрамі

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.