Вы тут

Як адбываецца супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі


Дырэктар ААТ «Макеевічы» Марыя Глушакова лічыць, што Беларусь і Расія — адно цэлае. Гэта яскрава пацвярджае і расійскі сцяг, які развяваецца над дахам канторы гаспадаркі побач з беларускім і раённым. Марыя Іванаўна сумуе па тых савецкіх часах, калі мяжы паміж краінамі — а да яе ад аграгарадка ўсяго 1,5 кіламетра — нават не адчувалася. Цяпер усё інакш. Час ад часу пра мяжу нагадваюць пагранічнікі, якія перыядычна правяраюць машыны, што тут праязджаюць, а яшчэ — розныя грошы. Па звычцы насельніцтва ходзіць да суседзяў у крамы ды на кірмашы. І іх крыху напружвае, што кожны раз прыходзіцца мяняць рублі.


Міжнародны фестываль «Залатая пчолка» карыстаецца попытам у расіян.

На прынцыпах братэрства

Цеснага, як раней, супрацоўніцтва паміж расійскімі і беларускімі гаспадаркамі таксама ўжо няма. Хоць расіяне перыядычна звяртаюцца па дапамогу з уборкай ураджаю. Марыя Глушакова ўспамінае, як прыходзілася дапамагаць шумяцкай гаспадарцы «Краснаполле» і ершыцкай «Зары». Але далей гэтага кантакты не ідуць. Ну, бывае яшчэ, што памежнае расійскае насельніцтва звяртаецца ў «Макеевічы» ў прыватным парадку, каб набыць цялят.

Болей за ўсё расійска-беларускія сувязі ў раёне трымаюцца на сямейных стасунках. «Я сам расіянін, — кажа старшыня Клімавіцкага райсавета Мікалай Даўгун. — У 1939 годзе наша сям'я сюды пераехала з Суражскага раёна. Потым была вайна, бацька пайшоў на фронт. А калі вярнуўся, пачалі адбудоўваць гаспадарку. І рабілі гэта разам — і беларусы, і расіяне». Ён успамінае, як у савецкі час дзеці з раёна хадзілі ў расійскую школу, бо яна была бліжэй. Тады розніцы ў сістэмах адукацыі дзвюх дзяржаў не было. Усе займаліся па адной праграме.

Цяпер такое немагчыма. А вось прыкладаў, калі расіяне пераязджаюць на пастаяннае жыхарства ў Клімавіцкі раён, а тутэйшыя жыхары, наадварот, — у Расію, хапае. Але карані свае не забываюць. Генерал МУС Расійскай федэрацыі Васіль Чэмісаў адбудаваў на сваёй малой радзіме ў вёсцы Звянчатка царкву. Якраз на мяжы Беларусі і Расіі. «Хлопец са звычайнай сялянскай сям'і стаў такім вялікім чалавекам, даслужыўся да намесніка начальніка ГУУС Масквы, але не заганарыўся, не забыў беларускую зямлю, — з павагай кажа пра яго Мікалай Даўгун. — Прыязджае да нас па некалькі разоў на год. Дапамагаў з масквічамі дзелавыя кантакты завязваць». Яшчэ адзін жыхар вёскі Саўна Мікалай Крупінін стаў знакамітым акадэмікам, жыве ў Хантымансійскай акрузе. Вёскі яго ўжо няма, і ён на яе месцы пабудаваў капліцу і мемарыял у гонар загінулых на вайне землякоў. Таксама заўсёды рады дапамагчы беларусам.

Сувязі працягваюцца

Першыя пагадненні з памежнымі раёнамі Смаленскай вобласці — Ершыцкім, Рослаўльскім, Шумяцкім — Клімавіцкі раён заключыў яшчэ ў 1999 годзе. Праз некаторы час усталявалі кантакты і з Ельнінскім, Манастыршчынскім, Хіславіцкім раёнамі гэтай жа вобласці. Потым у спісе паявіліся раёны Бранскай вобласці і нават Масквы.

— Я прысутнічаў пры падпісанні пагаднення аб супрацоўніцтве з прэфектурай Усходне-Ізмайлаўскай адміністрацыйнай акругі Масквы, — працягвае Мікалай Даўгун. — Кіраўніка гэтага раёна асабіста запрасіў на наш фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка». Гэта дало магчымасць завязаць добрыя гандлёвыя стасункі з расіянамі нашым клімавіцкім прадпрыемствам. Сувязі працягваюцца па сённяшні дзень. Толькі за першыя 4 месяцы гэтага года наш лікёра-гарэлачны завод паставіў у Маскву прадукцыі на 103 тысячы долараў. Добрым попытам у расіян карыстаецца і клімавіцкая мука. На 1 мая ў расійскія Рослаўль і Клінцы адпраўлена было 540 тон мукі. Наша райпа рэгулярна выязджае гандляваць у памежныя раёны Расіі. Напрыклад, за 4 месяцы клімавіцкая спажыўкааперацыя рэалізавала ў Бранску тавараў на 50 тысяч долараў.

У Клімавіцкага раёна цэлы шэраг пагадненняў з суседзямі з Расіі.

З колішніх часоў існуюць добрыя ўзаемаадносіны паміж праваахоўнікамі Клімавіцкага і Шумяцкага раёнаў. Усе пачалося з таго, што добра пасябравалі старшыні райвыканкамаў. Селі за стол перагавораў, абмеркавалі праблемы і прыйшлі да высновы, што трэба заключыць паміж праваахоўнымі органамі дагавор аб супрацоўніцтве. У выніку кіраўнікі міліцыі з двух бакоў сустрэліся, пагаварылі і пачалі працаваць. Так прасцей вырашаць агульныя праблемы і, што галоўнае, аператыўней.

Новыя гарызонты

Летась Магілёўшчына стала піянерам у супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі. У Магілёве прайшоў першы сумесны з Бранскай вобласцю міжрэгіянальны форум, які напоўніў праграму ўзаемадзеяння новымі справамі.

«Вось чакаем бранскіх дэпутатаў, рыхтуемся да сумеснага круглага стала, каб абмяняцца вопытам работы органаў мясцовага самакіравання, — кажа Мікалай Даўгун. — Сустрэча адбудзецца ў рамках дагавора, які быў заключаны летась на форуме. Прыедуць старшыня аблсавета, дэпутаты розных узроўняў. Мы раскажам, як працуем па Указе №100. За перыяд яго дзеяння ў раёне знесена больш за 1600 дамоў. Існуе цэлая працэдура. Летась знеслі 222 дамы, сёлета ўжо дамоў 60. І вёскі прыгажэюць, не выглядаюць закінутымі. Працуем у акругах па ініцыятывах насельніцтва і раённых дэпутатаў. Узнікла неяк неабходнасць зрабіць для дзяцей аднаго з мікрараёнаў райцэнтра гульнявую пляцоўку. У выніку на пустэчы, дзе была ферма, расчысцілі тэрыторыю, нашы прадпрымальнікі дапамаглі з фінансамі, каб паставіць там футбольныя вароты. Яшчэ адзін дэпутат, які працуе ў МНС, паклапаціўся, каб каля возера зрабілі зону адпачынку з альтанкамі. Стала вельмі прыгожа».

На думку Мікалая Даўгуна, расіянам ёсць чаму ў нас павучыцца. «Мы і могілкі ўтрымліваем, і аварыйныя дрэвы зразаем, і пустуючыя дамы зносім. У расіян гэтага няма. Яны прыязджаюць і вучацца ў нас. Але ў іх ёсць свае прыклады для пераймання. Зараз у расіян пачаўся пад'ём прамысловай вытворчасці. Бранская вобласць, напрыклад, вырошчвае сёння столькі бульбы, як уся Беларусь. Праўда, там у асноўным задзейнічаны прыватны капітал. Ды і ўмовы існавання розныя. У той жа Расіі, напрыклад, намнога таннейшыя паліўна-энергетычныя носьбіты. Але мы пастаянна шукаем пункты судакранання, і працэс пакрысе рухаецца.

Старшыня Клімавіцкага райвыканкама Васіль ЗАХАРЭНКА:

— У дачыненні да супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі абедзвюх краін на першы план выходзіць чалавечы фактар. Ёсць сувязі, якія склаліся гістарычна, людзі, з якімі мы пачыналі сябраваць, знаёмяць нас са сваімі пераемнікамі. Прасцей супрацоўнічаць з памежнымі раёнамі, і гэта часта адбываецца нават без пагадненняў, на ўзроўні сяброўскіх сувязяў. Кіраўнікі гаспадарак, напрыклад, самі дамаўляюцца, як адзін аднаму дапамагчы. Нашы аграрыі заўсёды ездзяць да расіян на ўборку ўраджаю. У нас тэхнічныя магчымасці лепшыя. Але ў Расіі шмат выкупленых інвестарамі гаспадарак. Яны часцей бяруць на ўзбраенне найноўшыя тэхналогіі, і тут ёсць моманты, якім і нам карысна ў іх павучыцца.

Завязванню новых стасункаў спрыяе і наш міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка». Расія прадстаўлена на ім вельмі шырока — ад Калінінграда да Далёкага Усходу. У нас пабывалі прадстаўнікі амаль усіх абласцей Расіі. У складзе дэлегацый прыязджаюць і дыпламаты. Гэтым разам упершыню запрасілі прадстаўнікоў маладзёжнага парламента. Юнакі і дзяўчаты абедзвюх краін сядуць за круглы стол і складуць спіс агульных спраў. Так што супрацоўніцтва працягваецца.

Намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама Аляксандра МІХЕЕНКА:

— Каля 90% нашай клімавіцкай прадукцыі экспартуецца ў Расію. Па выніках леташняга форуму ў нас атрымалася залучыць у раён патэнцыяльнага інвестара з Масквы. Размова ідзе пра наладжванне вытворчасці газасілікатнай прадукцыі. Спадзяёмся, што да канца года адкрыем гэты праект, і пачнецца актыўная праца. Невялікае беларуска-расійскае ТАА «Канахоўка і К» збіраецца зрабіць у нас зону адпачынку.

Але сёння прадпрымальныя людзі дзейнічаюць асцярожна, эканамічныя абставіны ўсюды складаныя. Патэнцыяльных інвестараў цікавяць ільготы па падаткаабкладанні. Нават тых льгот, якія сёння гарантуе Указ №235, для іх недастаткова. Мараць, каб ільготы былі такія ж, як у СЭЗ. Што датычыцца гандлю паміж расійскімі і беларускімі рэгіёнамі, тут ніякіх складанасцяў не ўзнікае. Але, калі б нашы прадпрыемствы ў рамках Саюзнай дзяржавы мелі аднолькавы кошт на энерганосьбіты, наша прадукцыя на рынку Расіі канкурыравала б нашмат лепш.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Без бар'ераў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?