Вы тут

28-гадовы дырэктар кіруе гаспадаркай і выхоўвае трох сыноў


Сяргей Гарбачэўскі ўзначальвае раённае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Першы Беларускі», што на Вілейшчыне, і выхоўвае трох сыноў. Гаспадарка не малая, але малады дырэктар спраўляецца. У рабочым кабінеце затрымліваецца рэдка, пасля ранішняй планёркі — на поле, ферму, заўсёды на людзях і з людзьмі.


Сяргей Аляксандравіч не з тутэйшых, нарадзіўся ў Ваўкавыску, што на Гродзеншчыне. Пасля школы закончыў каледж па спецыяльнасці эканаміст-менеджар. Працаваў у сельгасарганізацыі «Зара і К» і адначасова вучыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. Сяргею Гарбачэўскаму прапанавалі рэалізаваць свой талент на Вілейшчыне. І ён пагадзіўся. Спачатку яго прызначылі намеснікам старшыні па агульных пытаннях адкрытага акцыянернага таварыства «Сцешыцы», пасля аб'яднання гаспадаркі з «Першым Беларускім» — выконваючым абавязкі дырэктара, а затым і дырэктарам.

Справы ў гаспадарцы на той час не ладзіліся: даўгі, недахоп тэхнікі, запчастак, угнаенняў, нізкія прыбаўленні ў вазе, надоі. І гэта зразумела. Малако, як кажуць, у каровы на языку. А кармавая база была дрэнная: нарыхтавалі недастаткова сенажу з-за дэфіцыту культурных траў, пасевы якіх выкарыстоўваліся па 10 і больш гадоў. Таму летась засеялі 900 гектараў канюшынай, люцэрнай, што дасць магчымасць назапасіць удосталь кармоў, а значыць, і прыбавіць у надоях. Ініцыятыўнасць маладога кіраўніка, прадуманы падыход да справы ўжо даюць добрыя вынікі.

Сёлета за чатыры месяцы ў гаспадарцы надаілі на адну карову на 250 літраў малака больш, чым за адпаведны перыяд летась, «вал» павялічылі на 210 тон. Малако здаецца дзяржаве толькі экстра-класам. Як адзначае Сяргей Гарбачэўскі, нічога надзвычайнага ў гэтым няма. Галоўнае — прытрымлівацца тэхналогіі.

— І ўсё ж, Сяргей Аляксандравіч, за што ўзяліся ў першую чаргу, калі вас прызначылі дырэктарам? — пацікавілася ў яго.

— За ўсё адразу, — адказвае ён. — У прыватнасці, пачалі даводзіць да ладу жывёлагадоўчыя памяшканні на ферме «Добравічы», сваімі сіламі зрабілі агароджу, сянажныя ямы. Гэты комплекс яшчэ не дабудаваны. Крэдытная лінія закончылася, а банку засталіся вінны немалыя сродкі. Будзем павялічваць колькасць жывёлы на гектар сельгасугоддзяў. Больш кароў — больш малака, ад рэалізацыі якога атрымаем прыбытак. І, спадзяюся, да канца года ўвядзём у дзеянне трэцюю чаргу жывёлагадоўчага комплексу.

— Не страшна было ўзваліць на сябе нялёгкую ношу: адна справа быць намеснікам, іншая — адказваць за ўсё асабіста? — дапытваюся ў свайго суразмоўніка.

— Хацелася паспрабаваць сябе ў новай справе, цікава было: ці атрымаецца? Шмат дапамагаў дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Нарачанскія зоры». Гаспадарка, якую ўзначальвае Генадзь Мечыслававіч Кучко, моцная і паспяховая. Звяртаўся і звяртаюся да яго па розных пытаннях, вопытны кіраўнік заўсёды дасць каштоўную параду, падтрымае добрым словам, — прызнаўся Сяргей Гарбачэўскі.

Сяргей Аляксандравіч сфарміраваў каманду аднадумцаў. Ёсць аграном, механік, ветурач, энергетык. Не хапае толькі заатэхніка. Забралі ў армію. Але пасля службы павінен вярнуцца на ранейшае месца работы. Перавагу Сяргей Аляксандравіч аддае маладым. Як сцвярджае, з імі прасцей працаваць: не абраслі стэрэатыпамі, лягчэй засвойваюць новыя тэхналогіі, больш ініцыятыўныя, амбіцыйныя, выконваюць усе распараджэнні. «Па ўсіх пытаннях мы можам спрачацца. Мяне можна ў нечым пераканаць. Але калі я прыняў рашэнне, то яго адназначна павінны выконваць», — кажа суразмоўнік.

— А ў вас ёсць амбіцыйныя планы?

— Планаў шмат. Але на рэалізацыю ўсіх адначасова не хапае сродкаў. Трэба наладжваць больш эфектыўную эканоміку, павялічваць пагалоўе жывёлы, зарплату. Будзе зарплата — будуць і людзі, — лічыць Сяргей Гарбачэўскі. Па яго словах, моладзь цяпер гатова працаваць з раніцы дапазна. Галоўнае, каб былі дастойныя заробкі і жыллё. У наступным годзе кіраўнік плануе ўзвесці гаспадарчым спосабам пяць домікаў. «Браць крэдыт і будавацца падрадным спосабам немэтазгодна. Тым больш што ў гаспадарцы ёсць брыгада будаўнікоў. Думаю, справімся сваімі сіламі».

Сам Сяргей Гарбачэўскі жыве ў Сцешыцах, за дзесяць кіламетраў ад месца работы. У маладога бацькі тры сыны: старэйшаму — шэсць гадоў, сярэдняму — тры, а малодшаму споўнілася толькі паўгода. Дзецьмі займаецца жонка.

— А хто яна па спецыяльнасці?

— Не паспела набыць, — усміхаецца Сяргей. — Мы пажаніліся, калі мая выбранніца вучылася ў 11 класе.

— І чаму так паспешліва пабраліся шлюбам? Відаць, на гэта была важкая прычына?

— Гэта не тое, што вы думаеце. Проста было вялікае каханне, — парыруе мужчына ў адказ.

Генадзь Касцевіч, намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама па эканоміцы:

— Сяргей Аляксандравіч — годны малады чалавек. Варта было набрацца мужнасці, каб прыехаць у іншую вобласць, не пабаяцца ўзначаліць адсталую шматпрофільную гаспадарку і за два гады палепшыць вынікі дзейнасці. Ён павялічыў аб'ёмы прадукцыі жывёлагадоўлі, раслінаводства. Каровы на гэтай ферме даюць па 13—14 літраў малака штодзень. А пачынаў з 10 літраў. Малады кіраўнік думае аб перспектыве развіцця сельгасарганізацыі, працуе над зніжэннем сабекошту прадукцыі, павышэннем зарплаты. Стварае дадатковыя рабочыя месцы, наводзіць парадак на зямлі, працуе над культурай земляробства. Наогул, у раёне робяць стаўку на маладыя кадры, і даволі паспяхова. У свае 28 гадоў Сяргей Гарбачэўскі не самы малады кіраўнік гаспадаркі. Нядаўна прыйшоў яшчэ адзін — дваццаціпяцігадовы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Малады і паспяховы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.