Вы тут

Расказваем пра маёнтак пад Віцебскам, дзе жыў Ілья Рэпін


125 гадоў таму ў маі знакаміты мастак Ілья Рэпін набыў маёнтак пад Віцебскам. Дзякуючы той, як сказалі б сёння, «здзелцы з нерухомасцю», Беларусь мае шанц завабіць турыстаў да месца, якое натхняла Майстра. Рэпінская «дача» ў былой вёсцы Здраўнёва ўсяго за 16 кіламетраў ад Віцебска.

Прадала маёнтак адзінокая жанчына Соф'я Яцкевіч. Яе сям'я валодала ім з 1836 года. А наогул, сядзіба пад рознымі назвамі вядомая з 1785-га. Ёсць адпаведныя архіўныя дакументы.


Сядзіба і наваколле.

І птушка шчасця на... дзвярах

7 мая 1892 года мастак пісаў дачцэ Льва Талстога, што ён знаходзіцца ў Заходнім краі, бліз Віцебска. Вось цытата: «...Вельмі ладны кавалачак... Я быў 1 мая там. Цяпло, зялёна, спяваюць салаўі. І мне не хацелася з'язджаць адтуль. Мяне цягне туды: узяцца за сякеру, вычышчаць лес, перабудоўваць каля дома, умацоўваць набярэжную, якую бязлітасна абрывае сярдзітая, бурлівая Дзвіна, і г. д. Туды! Туды!...»

У наступным лісце адзначыў, што працуе вельмі мала. Спачатку стаў пісаць узыход сонца над ракой. Але пейзаж не ўдаецца. Потым пісаў эцюд з дачкі Надзі на паветры. Яна ў паляўнічай сукенцы, са стрэльбай цераз плячо і «з гераічным выразам»...

І паведаміў, што пачаў рабіць партрэт яшчэ адной дачкі — Веры. Яна стаяла пасярод саду, з вялікім букетам грубых восеньскіх кветак, з бутаньеркай тонкай, вытанчанай. Была ў берэце. На твары выраз пачуцця жыцця, юнацтва і пяшчоты...

— Ілья Яфімавіч даўно марыў аб магчымасці пакідаць на летні час Пецярбург з яго мітуснёй і «сурагатамі ежы і пітва». І хацеў жыць у вёсцы «сярод прыроды». Пасля таго як імператар Аляксандр ІІІ набыў за 35 тысяч рублёў карціну «Запарожцы», мастак атрымаў фінансавую магчымасць ажыццявіць мару,— расказае Валерый ШЫШАНАЎ, намеснік дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея па навуковай рабоце.

Чаму знакаміты жывапісец прыехаў купляць маёнтак на Віцебшчыну, дакладна невядома. Але «ласкальныя разнастайныя» краявіды, «прыгожая, але злая і хуткая Дзвіна» выклікалі ў яго непрыхаванае захапленне. Сапраўды, месца, абранае Рэпіным, было не зусім звычайнае. Непадалёк выходзяць на паверхню пласты даламіту. І гэта прывяло да з'яўлення парогаў на рацэ. Пад дзеяннем вады на парогах утварыліся выбоіны, калдобіны, уступы. Удараючыся аб іх, вада бурліла, пенілася. Ды так, што, па словах сучаснікаў, «усё гэта ўяўляла ў мініяцюры дакладнае падабенства вадаспаду і яго дзеянняў».

Насамрэч дзіўная мясціна! Акрамя прыгажосці наваколля вялікага жывапісца прыемна здзіўлялі працавітасць і сардэчнасць народа. І беларусы адкрылі Майстру свет сваіх традыцый і паданняў.

— Знаходжанне на Беларусі напоўніла жыццё Рэпіна радасцю зносін з прыродай, цікавымі знаёмствамі, новымі творчымі задумамі... Тут мастак стварыў шэраг карцін, што ўвайшлі ў скарбніцу сусветнага выяўленчага мастацтва. Сярод іх: «Беларус», «Асенні букет», «На сонцы», «Дуэль», «Месячная ноч» і іншыя, — працягвае супрацоўнік музея.

Цікава, што ў музеі-кватэры Ісака Бродскага ў Санкт-Пецярбургу захоўваецца работа «Птушка Сірын». Гэта райская птушка з дзявочай галавой... І мала хто ведае, што напісаная яна была на дзвярной філёнзе...

Зрабіў сапраўдную сенсацыю

Зачараваны мясцінай, мастак не мог пахваліцца добраўпарадкаванасцю сядзібы. Маёнтак на 108 дзесяцінах зямлі на момант пакупкі знаходзіўся ў непрыглядным стане.

У маі-чэрвені 1892 года Рэпін паведамляў пра гэта ў лістах да Таццяны Талстой. «Лес страшна запушчаны, завалены хламам і раскрадзены. Шалёная Дзвіна з азвярэннем абрывала яе выдатныя чарназёмныя берагі. Фруктовы сад пусты. Дахі дома згнілі...», — пісаў ён.

Каб зрабіць утульны загарадны дом, Рэпіну міжвольна прыйшлося стаць архітэктарам і, напэўна, прарабам.

«Дуэль» напісана Ільёй Рэпіным у маёнтку «Здраўнёва» ў 1896 годзе.  Захоўваецца ў Дзяржаўнай Траццякоўкай галерэі ў Маскве.

— Ілья Яфімавіч аддаў шмат сіл добраўпарадкаванню Здраўнёва. З грэбня рачной тэрасы адкрываліся цудоўныя перспектывы на парослы лесам супрацьлеглы бераг, палі і аддаленыя паселішчы. Але некалькі парушыў гармонію шэраг гаспадарчых пабудоў. У цэнтры сядзібы знаходзіўся гаспадарчы двор, са свірнам, домам аканома, домам для рабочых і флігелем. Па беразе ўніз па цячэнні ракі забудову завяршалі хлявы, адрыны, двор для жывёлы і малацільны ток. Каб палепшыць гэтую пярэстую карціну, Рэпін высаджвае елкі на выездзе на бальшак. А вакол саду — палосы з ельніку, бярозы, ляшчыны. З лагчыны зрабілі сажалку. У садзе разбілі ліпавую алею. Уладкоўваецца пляцоўка для гульні ў кракет. Насупраць вокнаў майстэрні насыпалі горку для пазіравання. І мастак з гумарам назваў яе «Манблан». Яшчэ была дзярновая лаўка, у выглядзе амаль замкнутай акружнасці. Яе за падабенства да кратара вулкана мастак празваў Везувіем, — працягвае Валерый Шышанаў.

Не жадаючы саступаць напору Дзвіны, Рэпін ажыццяўляе будаўніцтва сапраўды «цыклапічнага» збудавання. Бераг быў выкладзены каменем на працягу 300 метраў.

Па ўспамінах мясцовых сялян, будаўніцтва мура «было сапраўднай сенсацыяй, многія прыходзілі паглядзець на гэта збудаванне».

Дамінантай сядзібы стаў панскі дом, з надбудаванай па эскізах мастака цэнтральнай часткай з дэкараванымі тэрасамі, гаўбіцамі і двухпавярховай вежай з назіральнай пляцоўкай вакол верхняга паверха...

Разбурэнне і адраджэнне

У Здраўнёве мастак праводзіў час з мая па верасень у 1892—1897 гадах. А да 1902 года там бываў рэдка і надоўга не спыняўся. У сядзібе адпачывалі яго шматлікія сваякі. Падоўгу жыў цесць, акадэмік архітэктуры Аляксей Шаўцоў, прыязджаў брат Рэпіна — Васіль са сваім сынам Ільёй. Гасцявалі і вучні Ільі Яфімавіча — Іван Трапічнікаў, Канстанцін Вяшчылаў, Мікалай Барысаў, Аляксей Яўленскі.

Апошнія два гады жыцця ў Здраўнёве правёў бацька Рэпіна — Яфім Васільевіч. Ён памёр у 90-гадовым узросце — у чэрвені 1894 года. Пахавалі яго на могілках вёскі Слабада за 5 вёрстаў ад сядзібы. На жаль, магіла не захавалася...

Рэпін апошні раз наведаў Здраўнёва ў 1904-м. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года памешчыцкія сядзібы былі разрабаваны. Але рэпінскую, захоўваючы добрую памяць пра мастака, сяляне не кранулі. У ліпені 1918 года, ратуючыся ад голаду, з Санкт-Пецярбурга ў маёнтак пераехала малодшая дачка Рэпіна Таццяна з дачкой Таццянай. Па просьбе сялян у двух пакоях дома сядзібы размясцілася школа. І дзве Таццяны сталі настаўніцамі. А загадчыкам школы быў прызначаны Іван Дыяканаў, былы семінарыст. Ён сын святара Слабодскай царквы, з якім Рэпіны даўно падтрымлівалі сяброўскія адносіны.

— У студзені 1921 года адбылося вяселле ўнучкі Рэпіна Таццяны і Івана. У Здраўнёве нарадзіліся праўнукі Рэпіна: Валянцін, Кірыл, Галіна, Раман. Лёс сваякоў выклікаў глыбокую занепакоенасць у Ільі Яфімавіча. Ён, пражываючы ў іншай сядзібе — «Пенатах», пасля 1918 года апынуўся на тэрыторыі Фінляндыі. У 1925-м над блізкімі мастака ў Здраўнёве навісла пагроза раскулачвання і высялення. Звароты Рэпіна да савецкай улады дапамаглі. І на некаторы час збераглі сядзібу і яе насельнікаў, — расказвае Валерый Шышанаў.

Аднак у канцы 1929 года новая хваля рэпрэсій прымусіла сваякоў мастака дамагацца дазволу на выезд з СССР. Што ім і ўдалося ажыццявіць у жніўні 1930 года. Перад ад'ездам струхлелы дом быў прададзены на дровы.

Здраўнёва дзесяцігоддзі заставалася ў запусценні. Сядзібу пачалі аднаўляць у другой палове 1980-х. Музей стварылі ў 1988 годзе. Але адноўлены будынак у 1995 годзе знішчыў пажар. І толькі праз пяць гадоў прытулак Рэпіна зноў сустрэў наведвальнікаў.

Валерый Шышанаў робіць фотаздымкі Здраўнёва і наваколляў. Цяпер іх можна ўбачыць у Віцебскім музеі прыватнага калекцыяніравання. І яны заварожваюць: наколькі па-рознаму выглядае любімая мясціна мастака! Фатаграфіі, зробленыя на працягу некалькіх гадоў у розныя поры года і час сутак, дазваляюць убачыць сядзібу па-новаму...

Адроджаная сядзіба стала прывабным месцам для турыстаў. І, безумоўна, у гонар юбілею набыцця Рэпіным сядзібы, абавязкова трэба яе наведаць.

Тут дзейнічае не толькі музей. Часта праводзяцца пленэры, музычныя вечарыны, народныя святы. Той жа, хто хоча спакою, адзіноты, зносін з прыродай, знойдзе прытулак у цені ліпавай алеі або на беразе Дзвіны. Тут можна дакрануцца да таямніц і скарбаў, якія натхнялі вялікага мастака.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Фота Валерыя ШЫШАНАВА

Загаловак у газеце: «І мне не хацелася з'язджаць адтуль»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.