Вы тут

Загадкавая асоба вялікага князя літоўскага Віценя


Не меней загадкавая асоба вялікага князя літоўскага Віценя. Ягонае славянскае імя (як і яго брата, полацкага князя Воіна) нібыта сведчыць, што ён быў славянінам. А некаторыя рускія летапісы выводзяць яго то са смаленскіх, то з полацкіх князёў. Ордэнскі храніст Пётр з Дусбурга называе Віценя «сынам караля Літвы» Пукувера або Лютавера. Віценю прыпісваецца прыняцце дзяржаўнага герба «Пагоня», далучэнне да ВКЛ Падляшша. Паводле іншых легендарных звестак, Віцень служыў у Тройдзеня каморнікам і за свае «цноту і доброе захованне» так палюбіўся вялікаму князю, што той зрабіў яго маршалкам. І на гэтай высокай пасадзе Віцень праявіў сябе так, што пасля смерці Тройдзеня яго выбралі вялікім князем. Прыгожая легенда, якая даводзіла легітымнасць улады Віценя і яго паслядоўнікаў, бо лічылася, што дынастыя Гедзімінавічаў паходзіць ад яго. З Віценем да ўлады ў ВКЛ прыйшла новая дынастыя, карані якой губляюцца ў невядомасці, а імёны яе прадстаўнікоў (Гедзімін, Альгерд, Кейстут, Карыят, Скіргайла і г. д.) выводзяць нас на скандынаўскія (прынамсі, дацкія) і кельцкія вытокі.


З «Хронікі Еўрапейскай Сарматыі». А. Гваніні 1578 г.

Пэўна, Віцень, як і яго браты Гедзімін і Воін, належаў да ваеннай кансорцыі, што абслугоўвала Нёманскі гандлёвы шлях і якая вядомая ў летапісах пад назвай Літва (як у свой час аналагічная кансорцыя ваяроў і купцоў Русь). Менавіта сярод правадыроў дружын Літвы і шукалі панёманскія гарады сабе князёў, ваяўнічых і модных. Іх паслугамі карыстаўся і Полацк. Мы не можам нават вызначыць іх этнічную прыналежнасць. Звычайна іх лічаць балтамі. Але ці мог балт насіць славянскае імя Віцень, ці кельцкае Гедзімін, ці дацкае Альгерд? Не ведаем, ці былі яны паганцамі (як прадстаўлены ў рускіх і нямецкіх летапісах і хроніках), ці належалі да народных канфесій — арыянства ці багамільства. Вось колькі пытанняў, на якія не могуць або не хочуць адказаць гісторыкі. Напрыклад, чаму полацкі епіскап Якаў у дамове з Рыгай (дзесьці 1309 год) называе Віценя «сынам маім», як сваё духоўнае чада?

Пазнейшыя ідэалагічныя штампы сапраўды апаганілі вобразы нашых уладароў, ператварыўшы іх у дзікіх, жорсткіх паганцаў, што і толькі ўмелі махаць мячамі ды праліваць кроў. Вось той жа Віцень, які, паводле нямецкага храніста, бурыць касцёлы і ўсклікае да хрысціян: «Дзе Бог ваш? Чаму ён не дапамагае вам, як нашы багі дапамаглі цяпер і іншыя разы?» Калі чытаем гэтую выдумку, сапраўды можа скласціся ўражанне, нібыта Віцень люты паганец. Толькі вось чамусьці храніст не напісаў, што гэты паганец запрасіў у Наваградак каталіцкіх манахаў і заснаваў там касцёл, які, дарэчы, і спалілі пасля хрысціяне-крыжакі. Невядома яму і дзейнасць Віценя па заснаванні Літоўскай праваслаўнай епархіі.

Віцень правіў і як хрысціянскі ўладар, падтрымліваючы і праваслаўе і каталіцтва, і як паганскі, захоўваючы паганства, у якім знаходзіліся паганцы-балты і нават часткова славяне. Можна сказаць, гэта быў народны правадыр. Як тут не прыгадаць тагачасныя Альбігойскія войны, калі «правільныя хрысціяне» рэзалі «няправільных хрысціян» і крывёю котараў і вальдэнсаў быў затоплены квітнеючы Лангедок. У Вялікім княстве такога не адбылося ні пры Віценю, ні пры ягоных паслядоўніках.

Хоць Віцень задушыў паўстанне жамойтаў, якія не прызнавалі яго ўлады, але гэта было не татальнае знішчэнне людзей і іхняй веры, а вымушаная палітычная акцыя. За жамойтамі-паўстанцамі стаяў ордэн, які ўмела скарыстаўся жамойцкім сепаратызмам. У адрозненне ад Міндоўга, які шчодра раздаваў і свае, і чужыя землі крыжакам, абы з іх дапамогай утрымаць уладу, Віцень за кожны кавалак сваёй зямлі змагаўся і прэтэндаваў і на чужую, бо хацеў зрабіць сваёй. Ён не толькі абараняе Вялікае Княства, але і робіць спусташальныя паходы ў Лівонію, Прусію, Мазовію, актыўна падтрымлівае Рыгу ў барацьбе з рыцарамі. Ягонае войска разам з рыжанамі 1 чэрвеня 1298 года на рацэ Трайдэры разбіла ўшчэнт ордэнскае войска. Такога паражэння Лівонскі ордэн ніколі не ведаў. На дапамогу лівонскім рыцарам прыйшлі тэўтонскія рыцары. Пад іх ударамі літвіны пакінулі Лівонію. Аднак мір, заключаны Віценем з Лівонскім ордэнам, на доўгія гады звязаў лівонцам рукі.

Галоўным ворагам ВКЛ зрабіўся Тэўтонскі ордэн з найлепшай тагачаснай арміяй. Тэўтонскія рыцары сустрэлі годнага саперніка, аб лёгкіх перамогах трэба было забыцца. Усе спробы крыжакоў захапіць Гародню былі няўдалымі. Сам Віцень і яго паплечнікі наладжвалі належны адпор агрэсарам, а паход у 1314 годзе на Наваградак увогуле закончыўся катастрофай. Крыжацкая армія, пазбаўленая дружынай Давыда Гарадзенскага складоў правіянту, вярнулася ў Прусію значна зменшанай і поўнасцю дэмаралізаванай. Аднак і Віцень зведаў прыкрыя паражэнні.

Рыцары Тэўтонскага ордэна.

Гэтак, 7 красавіка 1311 года ягоная дружына была разбіта ў Прусіі ордэнскім войскам на чале з вялікім камандорам Генрыхам фон Плоцке. Віцень з рэшткамі свайго войска вырваўся з акружэння і сышоў ад пагоні. Нельга не адзначыць, што Віцень, як сапраўдны дружынны правадыр, асабіста вадзіў сваіх воінаў у паходы, плячо ў плячо змагаўся з імі супраць ворагаў. А жыццё ваенных правадыроў небяспечнае. Любая бітва можа стацца для іх апошняй. Зноў-такі мы нічога не ведаем пра смерць Віценя. Ці ён загінуў у 1315 годзе падчас аблогі крыжацкага замка Хрыстмемель, ці, як сцвярджалі крыжакі, яго забіў «канюшэц» Гедзімін, ці, паводле беларускіх летапісаў, ён загінуў ад удару маланкі. Сапраўды нейкая міфічная смерць міфічнага героя.

Прынамсі, такім Віцень уяўляўся беларускім летапісцам ХVІ стагоддзя, ды і ягонае жыццё ахутана міфамі. Напрыклад, гісторык Тэадор Нарбут, спасылаючыся на нейкі рукапіс, расказваў захапляльную гісторыю. Нібыта Віцень разам са сваім бацькам Лютаверам княжыў у Полацку, біўся з татарамі і трапіў да іх у палон. Некалькі гадоў правёў у абозе хана Батыя.

Пасля вяртання з няволі ён княжыў у Полацку, пакуль яго па просьбе Тройдзеневага сына манаха Лаўрэнція на з'ездзе літвінскіх станаў не выбралі вялікім князем літоўскім. Сюжэт для добрага гістарычнага рамана. Нельга не заўважыць сувязь Віценя з Полацкам, нават полацкага князя Воіна лічаць ягоным братам. Таму, пэўна, у летапісах і з'явілася туманнае паведамленне, нібыта ў 1307 годзе Віцень па просьбе палачан выгнаў з Полацка лівонскіх немцаў, што атабарыліся там на правах новых гаспадароў. Менавіта з імем Віценя гісторыкі звязваюць далучэнне Полацкай зямлі да ВКЛ, хоць дакладней казаць аб іх саюзе. Пэўна, асоба Віценя прыцягнула сімпатыі палачан — і ён стаў «сынам» полацкага епіскапа.

Калі казаць, што гісторыя — гэта міфалагізаванае апавяданне аб мінулым, дык Віцень якраз ідэальна ўпісваецца ў яе, як герой і правіцель, своеасаблівы наш кароль Артур, але ў адрозненне ад яго не міфічны, а рэальны.

Вітаўт ЧАРОПКА

Загаловак у газеце: Віцень (?—1315)

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.