Вы тут

На Навагрудчыне ўсталююць памятныя знакі


Сёлета адзначаецца 700-годдзе Навагрудскай епархіі і 25-годдзе аднаўлення яе дзейнасці. Мерапрыемствы, звязаныя з гэтай датай, ужо праходзяць у горадзе і раёне, і яшчэ шмат што запланавана. Нядаўна адбылася ўстаноўка звона на Свята-Мікольскім саборы. Звон спецыяльна адлілі і прывезлі з Расіі. Ён мае своеасаблівае гучанне. Плануецца таксама ўсталяванне памятных знакаў у горадзе і раёне.


Яны будуць невялікага памеру — два на два метры ў шырыню і шэсць у вышыню. Унутры некаторых з іх будзе вісець звон.

У Навагрудку памятны знак будзе ўсталяваны на скрыжаванні вуліц Мінскай і Свярдлова (калісьці там стаяў Траецкі храм, які, на жаль, не захаваўся да нашага часу з-за шматлікіх ваенных падзей). Ён будзе падобны на колішнюю царкву, толькі ў мініяцюры. Таксама там змесцяць інфармацыйную шыльду са звесткамі пра стварэнне Навагрудскай епархіі і тую ролю, якую яна выконвала ў свой час на Навагрудчыне.

Памятныя знакі такога ж кшталту будуць устаноўлены і ў аграгарадках Навагрудскага раёна — у Кашалеве, у г. п. Любчы. У Нягневічах — на развілцы вуліц Леніна і Паплаўскай. У Брольніках — на вуліцы Цэнтральнай, каля развілкі дарог насупраць млына. Таксама на ўездзе ў Шчорсы, у кірунку Лаўрышаўскага манастыра. Плануецца ўстаноўка і пры ўездзе ў вёску Валеўку.

Памятныя знакі зробяць у форме каплічак, але ўсе яны будуць разнапланавымі.

— Навагрудчына цікавая і сваім ландшафтам — нізінамі і пагоркамі. Таму, праектуючы помнікі, стараемся абазначыць усе мясцовыя асаблівасці, — адзначае загадчык сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама Наталля ЖЫШКО. — Напрыклад, у Любчы ёсць замак, рэнесансны пасёлак — у старой часткі мястэчка вельмі адметнае планаванне. Таму важна, каб памятны знак адпавядаў гэтай мясцовасці. У Кашалеве можна ўбачыць узвышша, а затым упадзіну, гэта таксама важна ўлічыць. Праекціроўшчыкі яшчэ працуюць над формай аб'ектаў, і мы дбаем пра тое, каб яны ўпісаліся ў рэгіянальныя асаблівасці месца і неслі ў сабе пэўныя гістарычныя звесткі. Працуем таксама над дакументацыяй. Узгадненне на правядзенне работ з Міністэрства культуры мы ўжо атрымалі, а зараз рыхтуем усё, каб прадставіць праекты, макеты на мастацкім савеце ў Гродне.

Праектнай арганізацыяй выступае мясцовае прадпрыемства «ВІДЗІ-Арх». Сродкі на стварэнне памятных знакаў — пазабюджэтныя. Гэта грошы гараджан, навагрудскіх прадпрыемстваў і епархіі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Навагрудскі раён

Загаловак у газеце: Царква ў мініяцюры

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.