Вы тут

​У Віцебску прэзентавалі другі ў краіне Цэнтр бяспекі


У Віцебску прэзентавалі другі ў краіне Цэнтр бяспекі. Яго прызначэнне — навучыць правільным паводзінам у экстрэмальных сітуацыях.


Падчас адкрыцця цэнтра.

Як паведаміў міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, генерал-лейтэнант унутранай службы Уладзімір Вашчанка, аналагічныя ўстановы з'явяцца ва ўсіх абласцях. У перспектыве — і ў райцэнтрах. А самы першы ў краіне запрацаваў у 2015 годзе ў Гомельскай вобласці. Дзейнічае ён на базе ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС. Яго наведвальнікамі за гэты час сталі больш за 40 тысяч чалавек.

У цырымоніі адкрыцця цэнтра ў Віцебску бралі ўдзел прадстаўнікі парламента. Гасцям паказалі пакой, дзе арганізоўваюць тэматычны квест. У гульнявой форме тут вучаць выклікаць ратавальнікаў, правільна дзейнічаць падчас пажараў у памяшканнях і на двары.

Абсталяванне цэнтра дазваляе стварыць штучную маланку, імітаваць пажар з вялікім задымленнем. Мадэлююцца сітуацыі, калі трэба дапамагчы тым, хто праваліўся пад лёд, каго ўдарыла токам.

А ці ўсе ведаюць, як правільна карыстацца ліфтам? І што рабіць, калі з табой у ліфце едзе зламыснік? У Цэнтры бяспекі навучаць аптымальна дзейнічаць у розных небяспечных выпадках. Як і ратаваць, калі ў дыхальныя шляхі чалавека трапіў нейкі прадмет. Тут, наогул, навучаць першай дапамозе пры траўмах і крытычных станах. У прыватнасці, раскажуць і пакажуць, чым дапамагчы пры ўкусе змяі і насякомых, калі прахожы страціў прытомнасць, калі чалавек тоне...

Ёсць тут і стэнд з інфармацыяй пра АЭС у розных краінах. Яго мэта — паменшыць адпаведную фобію ў грамадстве, бо ў ЕС і Расіі такіх станцый дзясяткі.

Цэнтр можна будзе наведаць у складзе групы па папярэдняй заяўцы. Міністр упэўнены, што гэта месца будзе цікавым і карысным для турыстаў, бо экскурсіі сюды дазволяць пазбегнуць траўмаў і захаваць жыццё.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Фота Віктара НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Навучыць, забаўляючы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».