Вы тут

Чаму Мальту называюць «другой Панамай»?


Група журналістаў абвясціла, што Мальта — астравок у Міжземным моры — ператварылася ў «пірацкую базу» для ўхілістаў ад падаткаабкладання. Вядома, гэтая гучная заява ўстрывожыла многіх у Еўрапейскім саюзе. Тым больш што менавіта Мальта цяпер старшынствуе ў ЕС. А 3 чэрвеня ў гэтай астраўной дзяржаве прызначаны ўсеагульныя выбары, перадвыбарчая кампанія праходзіла ў абстаноўцы рэзкіх рознагалоссяў і абвінавачванняў у карупцыі ў адрас кіруючай Лейбарысцкай партыі. У чым насамрэч сакрэт поспеху астраўной дзяржавы?


Аскепкі імперыі

Мальта — калыска старажытнай гісторыі і культуры. Першыя пасяленцы з'явіліся на астравах больш за 6000 гадоў таму; ад іх засталіся розныя каменныя збудаванні — адны з самых старажытных на планеце. Пасля Мальта стала часткай Фінікіі, жыхары якой заснавалі тут адзін з найпрыгажэйшых старадаўніх гарадоў — Мдзіну, якая на доўгія стагоддзі стала галоўным горадам Мальтыйскага архіпелага. З часам гэтая стратэгічная тэрыторыя пасярэдзіне Міжземнага мора была захоплена рымлянамі, затым візантыйцамі, а пазней мусульманамі, якія пакінулі свой след у незвычайнай і складанай для нас мальтыйскай мове — сумесі арабскай мовы з італьянскай.

У Сярэднія вякі Мальта знаходзілася ў складзе Іспанскай імперыі. У ХVІ стагоддзі яна была перададзена рыцарам ордэна Святога Іаана Іерусалімскага, вядомага ўсяму свету пад назвай Мальтыйскага ордэна. Яны ж заснавалі сучасную сталіцу Валета. Праз два стагоддзі востраў быў заваяваны Напалеонам, а затым увайшоў у склад Брытанскай імперыі. Толькі ў 1964 годзе краіна нарэшце атрымала незалежнасць ад Вялікабрытаніі, а з 1974-га абвешчана рэспубліка. Аднак аж да 1979 года, калі на Мальце была ліквідавана апошняя брытанская ваенна-марская база, кіраўніком дзяржавы дэ-юрэ па-ранейшаму лічылася брытанская каралева. У 2004 годзе краіна ўвайшла ў Еўрасаюз.

Нядаўна каланіяльнае мінулае дзіўным чынам нагадала пра сябе, калі Мальта адмовілася падтрымліваць Вялікабрытанію на перагаворах з ЕС. Улічваючы цесныя гістарычныя сувязі, Брытанія разлічвала, што гэтая краіна стане яе саюзнікам. Аднак лідары маленькай дзяржавы даюць зразумець, што агульнае мінулае — не падстава грэбаваць уласнымі інтарэсамі, а ЕС у якасці старэйшага брата іх задавальняе больш. Прэм'ер-міністр Мальты Джозэф Мускат нагадаў, што Мальта прыклала нямала намаганняў, каб атрымаць незалежнасць у 1964 годзе. «Мы прайшлі доўгі шлях ад былой калоніі да асноўнага абаронцы пазіцыі Вялікабрытаніі ў перагаворах, але мы памятаем, якой цаной нам дасталася членства ў ЕС, і не забудзем пра свае інтарэсы», — заявіў кіраўнік урада. Ён не раз казаў, што краіна зойме пазіцыю «сумленнага брокера» ў будучых перагаворах Злучанага Каралеўства з ЕС, асабліва падкрэсліваючы «відавочнасць» таго, што Вялікабрытанія не можа разлічваць на больш спрыяльныя ўмовы, чым тыя, што ў яе былі як у члена Еўрасаюза. «Еўрапейскі саюз дае Мальце настолькі адчувальныя эканамічныя перавагі, што заняў ролю старэйшага брата і зрабіў нас сваімі вернымі саюзнікамі», — заўважае незалежны аналітык з Валета Марк Мікалефам. Фінансаванне з агульнага бюджэту ЕС дало штуршок развіццю малога і сярэдняга бізнесу, дазволіла адрамантаваць дарогі і адрэстаўрыраваць фартыфікацыйныя збудаванні ХVІ стагоддзя ў сталіцы.

Паспяховая мадэль

Маленечкую Мальту, размешчаную ў самым сэрцы Міжземнамор'я, на скрыжаваннях Еўропы, Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, сёння многія аналітыкі называюць мадэллю эканамічнага прагрэсу. Нягледзячы на свае абмежаваныя магчымасці з-за невялікага памеру тэрыторыі, дзе пражывае крыху больш за 434 тысячы чалавек, краіна адкрыта свету і ўжо на працягу многіх гадоў актыўна прыцягвае на сваю тэрыторыю замежныя інвестыцыі. Цяпер дзяржава можа пахваліцца тым, што з'яўляецца адной з самых паспяховых краін Еўразоны з зарэгістраваным летась ростам ВУП 6,7 працэнта і нізкім узроўнем беспрацоўя — 4,1 працэнта. Стабільнае эканамічнае развіццё архіпелага вядзе да таго, што Мальта становіцца месцам прыцягнення для вялікай колькасці міжнародных кампаній, якія знаходзяцца ў пошуку ідэальнага рынку ў межах ЕС і Міжземнаморскага рэгіёна і часта імкнуцца перанесці сваю дзейнасць менавіта сюды.

Да моцных бакоў дзяржавы адносіцца кваліфікаваны рынак працы, імкненне ўрада распрацоўваць спецыяльныя навучальныя праграмы па абслугоўванні новых галін прамысловасці краіны.

Дзякуючы свайму стратэгічнаму размяшчэнню і добрай рэпутацыі міжнароднага аэрапорта Мальты краіна стала прызнаным цэнтрам рэгістрацыі паветраных суднаў і паслуг, што аказваюцца для авіяцыі. Дзякуючы магутным партовым збудаванням і прывілеяванаму размяшчэнню Мальты яна становіцца цэнтрам кіравання і абслугоўвання суднаў і яхтаў. Краіна кантралюе больш за 5 працэнтаў сусветнага флоту супер-яхтаў.

Краіна мае салідны вопыт у вытворчасці фільмаў, што разам з захапляльнымі краявідамі робіць яе больш прывабнай для рэжысёраў і прадзюсараў з усяго свету. У апошнія гады Мальта ператварылася ў міжнародны рынак фінансавых паслуг дзякуючы сваёй магутнай базе ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і кваліфікаваным кадрам. Краіна валодае ці не самай прагрэсіўнай базай для інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, што забяспечвае стабільныя патокі інвестыцый у лічбавыя сродкі масавай інфармацыі, дызайн, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, гульні і анлайн-гульні. У сілу свайго геаграфічнага становішча, знаходзячыся на перакрыжаванні гандлёвых шляхоў, Мальта з'яўляецца ідэальнай платформай для кампаній, якія імкнуцца перавозіць тавары ў Еўропу ці Афрыку, што дае ёй усе магчымасці развівацца ў якасці магутнага лагістычнага цэнтра. Сёння прамысловая галіна ператварылася тут у сферу з высокай дабаўленай вартасцю, заснаванай на тэхналогіях.

Паток турыстаў бесперапынна расце. Штогод краіна прымае каля 1,5 мільёна чалавек, якія наведваюць яе з самымі рознымі мэтамі. Гэтая малюсенькая астраўная дзяржава ў самым сэрцы Міжземнага мора з'яўляецца адным з самых запатрабаваных цэнтраў сусветнага турызму. Сакрэт яе папулярнасці сярод турыстаў просты: нягледзячы на свае памеры, Мальта прапануе гасцям разнастайныя віды турызму і адпачынку. Гэтая краіна з'яўляецца адным з найбуйнейшых сусветных цэнтраў вывучэння англійскай мовы і прымае студэнтаў з усяго свету.

Вылавіць сумнеўных

Мальта сапраўды валодае падатковай сістэмай, у рамках якой кампаніі плацяць самы нізкі падатак на прыбытак сярод краін ЕС. У той час як мясцовыя кампаніі павінны плаціць падатак на прыбытак па стаўцы 35%, міжнародныя карпарацыі абкладаюцца падаткам усяго ў 5% дзякуючы складанай сістэме, пры якой акцыянеры могуць атрымліваць падатковыя вылічэнні ў памеры да 6/7 ад усёй сумы падаткаў, выплачаных на Мальце. Сярэдняя стаўка карпаратыўнага падатку ў ЕС складае каля 22%.

Мяркуючы па дакладзе, заказаным членамі Еўрапарламента ад кааліцыі зялёных партый, Мальта толькі за перыяд з 2012 па 2015 год дапамагла транснацыянальным карпарацыямі пазбегнуць выплаты падаткаў на суму ў 14 млрд еўра, якія ім давялося б заплаціць у іншых еўрапейскіх краінах. ЕС імкнецца прадухіліць стварэнне кампаніямі сваіх філіялаў, якія валодаюць толькі паштовым адрасам, у краінах, дзе такія філіялы могуць прэтэндаваць на больш мяккі падатковы рэжым. Менавіта такая сітуацыя існуе на Мальце, дзе адпаведныя падраздзяленні рэгіструюцца вельмі часта.

Норберт Вальтэр-Бар'янс, міністр фінансаў зямлі Паўночны Рэйн — Вестфалія, самай населенай ў Германіі, заявіў, што Мальта ператварылася ў «Панаму Еўропы». Для ўрада краіны гэта стала вельмі балючым абвінавачаннем, бо ўсяго год таму ў рамках «Панамскага дасье» высветлілася, што начальнік канцылярыі прэм'ер-міністра Мальты і адзін з міністраў мелі таемныя кампаніі, зарэгістраваныя ў Панаме. 19 мая група журналістаў апублікавала вынікі ўласнага расследавання, у рамках якога яны азнаёміліся больш як са 150 тыс. дакументаў. Называючы іх «мальтыйскім дасье», група сцвярджае, што яны даказваюць факты ўхілення ад падаткаў з боку зарэгістраваных на Мальце міжнародных карпарацый.

Ці справядлівае такое стаўленне да гэтай краіны? Мальта заяўляе, што яе дыскрымінуюць, і абвінавачвае іншыя, буйнейшыя краіны ЕС у тым, што тыя імкнуцца займець большую частку даходаў, што атрымлівае самая маленькая краіна супольнасці. Падатковая сістэма заўсёды рупліва ахоўвалася рознымі ўрадамі краіны, якія сцвярджалі, што ў арганізацыі рэгістрацыі фірмаў няма нічога тайнага і што кантроль над сваёй падатковай сістэмай — адзіны інструмент, дзякуючы якому невялікія краіны ЕС могуць захоўваць сваю канкурэнтаздольнасць.

Пасля публікацыі «мальтыйскага дасье» міністр фінансаў Эдвард Шыклуна заявіў: «Не варта недаацэньваць спробы прынізіць нашу маленькую краіну». Міністр імкнуўся растлумачыць, што мальтыйскія ўлады дзеляцца банкаўскай інфармацыяй з іншымі краінамі па запытах іх прававых органаў. Прэм'ер-міністр Джозэф Мускат таксама заўважыў: «Наш рэгістр кампаній больш празрысты, чым у Германіі ці Люксембурга. Наша палітыка заключаецца ў тым, каб спрыяць стварэнню новых кампаній у нашай краіне».

У сваю чаргу, лідар правацэнтрысцкай Нацыяналістычнай партыі Сайман Бусуціл заявіў, што карупцыя, якая ахапіла ўрад, з'яўляецца асноўнай прычынай прэтэнзій, якія вылучаюцца да Мальты. У цэнтры ўвагі знаходзіцца так званая праграма індывідуальнага інвеставання, якая дазволіла Мальце зарабіць мільёны на продажы пашпартоў багатым замежнікам. Віцэ-старшыня спецыяльнага камітэта Еўрапейскага парламента, створанага для расследавання «Панамскай справы», Ана Гомес заявіла: «Усе гэтыя скандалы вакол Панамы наносяць шкоду рэпутацыі Мальты і ЕС. Мы ўстрывожаныя тым, што існуючыя сістэмы або адсутнасць іх не ў стане прадухіліць такія з'явы, як адмыванне грошай і даходаў, атрыманых злачынным шляхам».

Хоць Джозэф Мускат і Сайман Бусуціл рэзка разыходзяцца ў сваіх ацэнках «Панамскага дасье», абодва яны ставяць сваёй мэтай у выпадку перамогі на выбарах пераканаць кіраўніцтва ЕС у тым, што падатковая сістэма Мальты не з'яўляецца незаконнай ці амаральнай. Рэпутацыя, як вядома, каштуе надзвычай дорага.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: У сэрцы Міжземнамор'я

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».