Вы тут

Месца Беларусі ў канцэпцыі 4.0


Першы нямецка-беларускі форум «Чацвёртая прамысловая рэвалюцыя (Іndustrіе 4.0): лічбавая трансфармацыя эканомікі», які днямі прайшоў у Мінску, можна без перабольшання назваць значнай падзеяй для сталіцы. ХХІ стагоддзе няўхільна павышае патрабаванні да навукова-тэхнічнага суправаджэння вытворчага працэсу, і ўсе нюансы трансфармацыі ў гэтай сферы, якая адбываецца ў свеце, трэба добра ведаць, каб эфектыўна ўкараняць у беларускую эканоміку.


Як адзначыў на адкрыцці канферэнцыі кіраўнік прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь Уладзімір Аўгусцінскі, важнасць падобнага мерапрыемства заключаецца і ў тым, што ў Беларусі не цалкам рэалізавана яшчэ і прамысловая рэвалюцыя трэцяга ўзроўню. Нагадаю, што, на думку швейцарскага эканаміста Клауса Марціна Шваба, у цэнтры трэцяй рэвалюцыі знаходзілася электроніка і інфармацыйныя тэхналогіі, якія аўтаматызавалі вытворчасць. А сутнасцю чацвёртай прамысловай рэвалюцыі называюць масавае ўкараненне інавацый, якія базуюцца на камбінацыях тэхналогій. У выніку фізічны, лічбавы і біялагічны сусветы ўсё больш збліжаюцца.

У сваім прывітальным слове пасол Германіі Петэр Дэтмар адзначыў, што канцэпт Іndustrіе 4.0 распрацаваны ў Германіі ў цесным супрацоўніцтве ўрада і бізнесменаў, якія аднолькава зацікаўлены ў дыгіталізацыі прамысловасці. У цяперашні момант Кітай, Японія, ЗША, Паўднёвая Карэя і Францыя таксама вядуць распрацоўкі падобных канцэпцый. Германія зацікаўленая ў рэалізацыі сваёй канцэпцыі, паколькі з'яўляецца эканомікай з высокай доляй прамысловасці. Мэта Іndustrіе 4.0 — стварэнне самаарганізаванай прамысловай вытворчасці, дзе чалавек, тэхналогіі і прамысловыя вырабы ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. У доўгатэрміновай перспектыве гаворка ідзе пра трансфармацыю ўсяго грамадства.

Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Баляслаў Пірштук выказаў зацікаўленасць Беларусі ў тым, каб найлепшая эканоміка Еўропы прадэманстравала нам свае магчымасці. У нас ужо шмат добрых прыкладаў супрацоўніцтва з Германіяй. Гэта важна для Беларусі як для адкрытай эканомікі.

Супрацоўніца Федэральнага міністэрства эканомікі і энергетыкі ФРГ Анжэлік Вайкум-Грос адзначыла, што ўсе, хто не будзе прымяняць Іndustrіе 4.0 на практыцы, не маюць будучыні. Гэта новая канцэпцыя грунтуецца на адкрытых стандартах для лічбавага свету — у выніку іх укаранення абсталяванне ад розных вытворцаў зможа ўзаемадзейнічаць. Дасягаць гэту мэту важна ўзгоднена. Дыгіталізацыя эканомікі можа стаць важнай тэмай і ў рамках беларуска-германскай камісіі.

Дзмітрый Корчык, намеснік міністра прамысловасці Рэспублікі Беларусь, заўважыў, што Беларусь цесна звязана з развіццём прамысловага комплексу ў Германіі і павінна інтэгравацца з ім. Ужо ёсць вялікі вопыт супрацоўніцтва, у прыватнасці БМЗ рэалізаваў сумесны праект трубнай вытворчасці на чвэрць мільярда долараў. Сёння Беларусь занятая мадэрнізацыяй падыходаў па прамысловай палітыцы. І нямецкі вопыт укаранення Іndustrіе 4.0 для нас вельмі важны.

Сяргей Набешка, намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, пагадзіўся, што хуткасць з'яўлення новых тэхналогій проста неймаверная. Нам трэба разумець, як інтэгравацца ў сучасную глабальную эканоміку. Калі кажуць пра платформу 4.0 — гэта злом уяўленняў аб бізнесе і прыбытку. Гэта немінучае заўтра.

Сяргей Вайцяхоўскі, намеснік генеральнага дырэктара Кампаніі па развіцці індустрыяльнага парка «Вялікі камень», заявіў, што ўкараненне Іndustrіе 4.0 цягне за сабой зніжэнне выдаткаў і павышэнне канкурэнтаздольнасці. Парк «Вялікі камень» нацэлены на ўдзел у гэтым працэсе. У прыватнасці, неўзабаве чакаецца прыход нямецкай кампаніі Дзіфенбахер, якая павінна ўкласці больш за 200 мільёнаў еўра ў вытворчасць кампазітных матэрыялаў.

Аналізуючы выступленні ўдзельнікаў, можна выказаць здагадку, што з прычыны памеру эканомікі ўдзел нашай краіны ў чацвёртай прамысловай рэвалюцыі не патрабуе стварэння яе ўласнай канцэпцыі. Можна далучыцца да адной са створаных у блізка размешчаных да Беларусі эканоміках. І нямецкая Іndustrіе 4.0 выглядае магчымым варыянтам, бо ўжо наладжана цеснае супрацоўніцтва беларускай эканомікі з Германіяй.

Асаблівасцю чацвёртай прамысловай рэвалюцыі стане адыход ад канвеернай зборкі прадукцыі і шырокае ўкараненне робатаў, аб'яднаных у адзіную сістэму пры дапамозе сэнсараў. Робаты здольныя працаваць 24 гадзіны ў суткі, што патанніць вытворчасць. З'явіцца магчымасць аператыўна і танна вырабляць невялікія партыі прадукцыі па канкрэтным заказе або для невялікага рынку.

Мінусам стане адсутнасць неабходнасці ў вялікай колькасці рабочых на сучаснай вытворчасці. Часы прамысловых гігантаў з калектывамі ў 15—20 тысяч рабочых няўхільна адыходзяць у мінулае. Рабочым з простымі спецыяльнасцямі будзе ўсё цяжэй знайсці працу па профілі. Усё больш будуць запатрабаваны крэатыўнасць і творчыя прафесіі. Усё гэта пацягне кардынальнае змяненне жыцця грамадства.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».