Вы тут

Кукавала зязюля...


У краіне-суседцы павышаюць, як быццам, пенсійны ўзрост. Нехта — як некалі ў нас — кажа, што гэта трэба, нехта — сцвярджае, што не... Прычым кожны — сваімі сродкамі.

Адзін з мастакоў-гумарыстаў дзвюх бабуль намаляваў: старэнькіх, у крук сагнутых, на кавенькі свае абапіраюцца — некуды ідуць... Зверху надпіс: «Ведаем, што на працу, але не памятаем куды».

Складанае пытанне.

І не толькі для іх.


«Бартар»

Вечар. Аўтобус: новы прыпынак — новыя пасажыры. Гэтым разам — маладая матулька з дзіцем. Харошанькі хлопчык, гадоў, можа, пяць. Не маленькі, здавалася б, але ж вочкамі шукае, дзе б хутчэй сесці.

— Тут сядайце, — паволі ўстаючы, прапануе адзін з мужчын і ўжо ў адрас хлопчыка дадае: — Але я не дарма табе месца саступіў, а ў доўг. Давай з табою дамовімся: ты, калі вырасцеш, уступіш мне, добра?

— Добра, — згодна ківае хлопчык і, усеўшыся, хвілін з дзесяць засяроджана маўчыць, час ад часу пазірае на мужчыну.

Падобна, хоча запомніць яго ў твар, каб потым, калі вырасце, не пераблытаць.


Урок

...Сто разоў казалі малой (ёй 13), што з мабільніка праз навушнікі нельга слухаць музыку (прынамсі, доўга), тлумачылі, што гэта нядобра — найперш для здароўя... Але ж для тэлефона таксама, бо скончыцца зарад...

Дзяўчынка чула і не чула. Ёй даводзілі зноў і зноў, пакуль...

Неяк яна з іншымі дзецьмі на экскурсію паехала. Дарогі туды (і не блізкі ж свет — у Полацк), можна сказаць, не заўважыла (бо з раніцы, з музыкай), а вось назад...

Зарад у тэлефоне і сапраўды скончыўся. Дзеці вакол былі незнаёмыя. Папрасіць у некага мабільны, каб патэлефанаваць бацькам і сказаць, у колькі прыедзе (тыя абяцалі сустрэць), яна не адважылася. Аўтобус ішоў са спазненнем...

Дамоў у выніку ехала адна, праз увесь горад.

І з прыпынку ішла адна, можна сказаць, па цёмначы...

Можа, зразумела, для чаго — найперш — патрэбен тэлефон?


На вакзале

Анекдот: «Півавар Гельмуд Штольц пабываў у Расіі. Некаторыя рэчы яго здзівілі, некаторыя абурылі, некаторыя ў яго ўкралі». Дзе ён сам тады быў, незразумела.

...Іншая рэч вось гэты гаспадар. Ён свае рэчы пакінуў каля лаўкі, на прыпынку, а сам адхінуўся — пайшоў купляць талоны на праезд, а ў гэты час...

Не, яго сумкі нікога не зацікавілі. Хіба сабаку? Той падышоў, абнюхаў, падняў нагу...

Трэба разумець, якія рэчы, такі іх лёс?


Моцны арэшак

Класіка: «Пить можно всем, необходимо только знать: где и с кем, за что, когда и сколько».

А вось чаго (канкрэтна: віна, каньяку, гарэлкі...), паэт не напісаў. А таму досыць інтэлігентны дзядок з кійком, прытэпаўшы ў спецыяльны аддзел, да бутэлек прыглядаецца доўга.

— Скажыце, а «Моцны арэшак» гэта што? — пытае нарэшце ў крамніцы.

— Гэта настойка. І досыць моцная, — з ахвотай тлумачыць жанчына, ужо трымаючы пляшку. — Мае знаёмыя бралі яе. Хвалілі: казалі, што п'ецца добра, па мазгах не б'е... Хіба што ногі потым заплятаюцца. Будзеце браць?

— Не. Ногі ў мяне і так заплятаюцца. Мне б для галавы што-небудзь...

Процьма бутэлек. Нялёгкі выбар. Не ўсякаму «па зубах», як і той арэшак.


Тое на тое

Вёска. Вясна. Свята — і такое ж рэдкае! Чалавек нарадзіўся — хлопчык, можна сказаць, асілак (амаль чатыры кіло)!

Бацька з той радасці і сам выпіваў, і людзей частаваў: шчодра, як здавалася, але ж чацвёра яго сябрукоў «на дасягнутым» не спыніліся: купілі нейкай атруты, дабавілі яшчэ.

Сумная арыфметыка: двое з іх прачнуліся дома, адзін — у бальніцы (ледзьве адкачалі), а яшчэ аднаго знайшлі на вуліцы — нежывым.

У выніку ў вёсцы тое на тое: адзін чалавек нарадзіўся, адзін памёр.


Другі бок медаля

Новы год, новыя суседзі, а з імі — новыя... пахі. І не толькі парфумы: на лесвіцу амаль штовечар «выплывае» водар смажанага мяса, пірагоў, вострай салянкі, капусты... Гатуе нехта, стараецца, што для сямейнікаў, напэўна ж, добра?

Днямі тыя сямейнікі ўпершыню без куртак ды плашчоў на вуліцу выйшлі — вынеслі, так бы мовіць, свае жываты, свае лішнія кілаграмы.

...Знаёмы мастак казаў: калі ты недаеў — ты пад'еў, калі ты пад'еў — ты пераеў, а калі пераеў — атруціўся.

Са смачнай ежай гэта, відаць, найлягчэй.


Праблемы зроку

Праверана: мужчыны, уступіўшы ў так званы грамадзянскі шлюб, па-ранейшаму лічаць сябе свабоднымі, жанчыны — замужнімі. Ліза, напрыклад, са сваім маладым чалавекам шэсць гадоў пражыла, верыла, ведала і ўсім гаварыла, што гэта ўжо назаўсёды. А вось ён...

Ён — замест прапановы рукі і сэрца — зусім іншую зрабіў: сказаў, што ім трэба расстацца, бо яны — не пара. Ён, прынамсі, высокі, а яна — малая...

Каб «разгледзець» гэта, хлопцу спатрэбілася ажно шэсць гадоў.


З прывітаннем?

З вандровак па іншых гарадах некалі модна было прывозіць наборы паштовак, адмысловыя кнігі-буклеты, потым — карцінкі-магніцікі. А што — зручна: дома на халадзільнік «прыклеіў» і ўсё: на вачах Ісакіеўскі сабор з Піцера, найстарэйшае аліўкавае дрэва з Грэцыі, Карлаў мост
з Прагі, певень з Партугаліі, праменад з Ніцы... Гэта нам — на ўспамін.

Што ад нас?

У Мінску ў адным з сувенірных кіёскаў кінуўся ў вочы магніцік з надпісам: «Прывітанне з краіны бульбашоў!»

Не ведаю, як вам, а мне цікава было б паглядзець, напрыклад, на ўкраінца, які наладзіў бы вытворчасць, а потым і продаж вось такіх магніцікаў-прывітанняў — «з краіны (прабачце!) хахлоў». Альбо на рускага... «з краіны кацапаў».


Прыклад

Дзень, горад, шумнае скрыжаванне. Пад святлафорам (апроч тройкі пешаходаў) — сабака: пастаяў, пачакаў, пакуль яму загарыцца зялёнае святло, жвава перабег на другі бок вуліцы.

Бяздомнік, бач, але гарадскі — ведае правілы.

У адрозненне ад людзей.


Бумеранг

Тады пра нейкае там планаванне сям'і ніхто не гаварыў. Згулялі маладыя вяселле, значыць праз год (а то і раней) можна збірацца на хрэсьбіны: адны, потым другія, трэція...

У гэтай пары дзяцей не было — ні праз год, ні праз тры, ні праз пяць.

А яны ж чакалі, хацелі! Маладзіца (у той час лічылася, што загана толькі ў жанчынах) абышла ўсіх дактароў ды шаптух, аб'ездзіла шмат курортаў...

І такі ж дамаглася свайго: зацяжарыла, данасіла, на сёмым годзе сямейнага жыцця нарадзіла хлопчыка. На дзіва ўдалага: у тры гадкі ён ужо літары ведаў, у чатыры — чытаў. І ўсё прасіў у бацькоў, каб яму сястрычку купілі.

А тыя б і рады! Бацька — з усіх дарог і на ўсякі выпадак — лялек дадому звозіў, маці — (на ўсё ж дэфіцыт быў) прыгожыя сукеначкі ў шафу складала, чаравічкі купляла, стужачкі ў косы.

Заплятаць не мела каму, бо яшчэ раз зацяжараўшы, нарадзіла... яшчэ аднаго сынка.

Тры дні потым (сама расказвала) плакала, тры дні зусім не жартам хадзіла за дакторкай, упрошвала, каб памяняла яна гэтага харошага хлопчыка на любую дзяўчынку: ну быць жа не можа, каб ніхто не хацеў!

Але ж не ўгаварыла: не ўзяла тая грэх на душу, выпісала іх з сынам.

Бацькі абодвух сталі гадаваць. Абодвум вышэйшую адукацыю далі, вяселлі справілі, з жыллём дапамаглі, але...

Першым, старэйшым сынам усё жыццё нахваліцца не маглі: чалавекам стаў ва ўсіх адносінах! Кар'еру зрабіў, сям'ю стварыў, дзяцей гадуе, пра бацькоў клапоціцца.

А вось з малодшым змалку праблемы былі: наракала маці, што непаслухмяны, што гультаяваты, што не вучыцца, не дапамагае, што выпівае, жэніцца-разводзіцца, што нейкі ён зусім чужы ім, асабліва ў старасці...

Як яны яму? У маленстве.


Што да чаго

«Каб пераканацца, што госць пайшоў, трэба спусціць яго з лесвіцы».

Мусіць, помнячы гэтае правіла, Міхайлаўна ўскідвае на плечы куртку, насоўвае чаравікі — збіраецца праводзіць.

— Гэта ты, каб госці хутчэй сышлі? — пытаецца малая ўнучка. — І да нас не вярнуліся?

Магчыма.


Жанчыны

Пятніца. Электрычка.

— У вас свабодна? — пытаецца нейкая жанчына і садзіцца насупраць.

Следам і з тым жа пытаннем прыходзіць другая — відавочна незнаёмая, але ж...

— Вы сваю кофту самі вязалі? — пытае ў суседкі.

— Ну...

— І ў мяне такія ніткі ёсць, толькі іншага колеру. Якія бралі пруткі?

...Электрычка ехала далей. «Вязальшчыцы» гаманілі — як блізкія прыяцелькі.

Бо жанчыны, бо ў іх адно, як мінімум, агульнае захапленне.


Кукавала зязюля...

Вёска. Грады. Зязюля з першым «ку-ку». І зноў знянацку: пры сабе — ні капейкі! Амаль як у таго дзядзькі...

Ён, казалі, свята ў прыкметы верыў і таму, каб буйныя грошы вадзіліся, напрадвесні па ўсіх кішэнях — што ў портках, кашулях, жакетках — дробныя раскладаў. Хваліўся, што ўжо сёлета знячэўку зязюля яго не заспее, бо што б ні надзеў...

І сапраўды: цямком яшчэ з ложка падняўся, босы-голы амаль на ганак выйшаў, а там — ку-ку...

Падманула зязюля не нас адных.


Ад усмешкі...

Сталіца, праспект, тратуар. Некалі знаўцы беларускай даводзілі, што слова гэта — калькаванае з рускай, што па-нашаму месца, дзе ходзяць, трэба называць ходнікам.

Пакуль спрачаліся, шмат што змянілася: тратуары, у прыватнасці, падзялілі на «зоны» — асобна для тых, хто ходзіць, і асобна для тых, хто ездзіць — на роварах. Іх нямала ўжо; носяцца, як чэрці, а таму «дарожкі» лепей не блытаць.

Мы ідзём па сваёй — смела і нават са смехам, бо наперадзе нейкі начальнік — у дыхтоўным касцюме, высокі, шыракаплечы, з пышнай шавялюрай, з дарагім партфелем. І з... белымі паперкамі на падэшвах. Можа, туфлі прадаваліся так, можа, ён (ці нехта?) забіраў з рамонту і забыўся зняць?

...Можна было б нагадаць. Але тады на праспекце стане менш усмешак, ад якіх і насамрэч часам святлее. Нават пахмурны дзень.

Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.