Вы тут

Як у Беларусі святкуюць Русалле


У панядзелак пасля Сёмухі ў нашых продкаў традыцыйна пачынаўся Русальны тыдзень. На Міншчыне, таксама як і ў астатніх рэгіёнах Беларусі, за выключэннем Гродзенскага Панямоння, гэты тыдзень вельмі шанавалі, не пачыналі ніякай работы, не пралі, не ткалі, не вілі вяровак, не гарадзілі платоў, каб у гаспадарцы не здарылася якога-небудзь няшчасця. Таму невыпадкова і мы разам з праектам «Наперад у мінулае» на працягу чэрвеня будзем расказваць пра Русалле. Дарэчы, сама назва гэтага свята выводзіцца ад лацінскай назвы антычнага свята руж. Мы ж кіруемся на Любаншчыну і Хойніччыну.


Русалле?

Для нашых продкаў Русальны тыдзень па значнасці стаяў у адным шэрагу з Калядамі, Масленіцай і Велікодным тыднем і даволі рэзка абмяжоўваў прастору чалавечай дзейнасці, фактычна звужаючы яе да межаў сядзібы і вёскі. Усё астатняе наваколле на гэты час станавілася надзвычай небяспечным і непажаданым для любой дзейнасці.

Гэты тыдзень быў своеасаблівым завяршальным акордам вясны, пары росквіту і буяння жыццёвых сіл прыроды. У некаторых мясцовасцях асобнымі элементамі, а нават і цалкам ён (як правіла, восьмы тыдзень пасля Вялікадня) уключаўся ў купальскае свята (у некаторых мясцовасцях наогул святкаваўся перад Купаллем). Абрад провадаў русалкі звязаны са з'яўленнем на зямлі ў гэты час русалак «з таго свету» і вяртаннем назад «у могілкі»

Сама ж русалка выступае як захавальніца ўрадлівасці, адна з апякунак пладаноснай зямлі і распарадчыкаў воднай стыхіі. Са старажытнасці нашы продкі верылі, што дрэвы і расліны мелі душу, як і любы чалавек. Яны спрабавалі з дапамогай гамеапатычнай, або імітатыўнай, магіі (заснаваная на законе падабенства, згодна з якім падобнае выклікае падобнае або вынік падобны на яго прычыну) паскорыць рост дрэў і раслін. З гэтай мэтай ладзіліся абрадавыя ігрышчы, якія з'яўляліся магічнымі заклінаннямі, накіраванымі на тое, каб прымусіць лясы пакрыцца зеленню, травы — прарасці, пасевы — падняцца, кветкі — распусціцца.

На Любаншчыне на заканчэнні Русальнага тыдня здзяйснялі своеасаблівы абрад: дзяўчаты плялі вянкі, палілі вогнішча, вадзілі карагоды вакол яго, спявалі песні і кідалі вянкі ў агонь. Адной з мэт выканання абраду было выкліканне дажджу для забеспячэння палеткаў вільгаццю.

Русалкі — хто яны?

Сама русалка ў розных мясцінах увасаблялася па-рознаму: пераапранутая дзяўчына, лялька (чучала), нябачная міфічная істота, якая хаваецца ў жыце і да якой ідзе дзявочае шэсце. Чучала русалкі на Хойніччыне рабілі з куля саломы — уніз калоссем, а ўверх камлём, перавязвалі чырвоным поясам, выразалі шыю, галаву, на якую надзявалі чапец, спадніцу, з дзвюх жменяў саломы рабілі рукі, якія абкручвалі хусткамі. На шыю завязвалі чырвоную хустку; спераду падвязвалі чырвоны фартух, малявалі фарбамі твар і надзявалі вянок. Пакуль не сцямнее, русалачку-чучала хавалі ў каморы, а потым бралі пад рукі і вялі на ўзгорак. Тройчы спявалі песню, а тады вялі яе ў жыта. Лічылася, што ў жыце русалка прападае, бо ўся адзежа на ёй паганая.

Часам у абрадзе выкарыстоўваецца вянок. Ён становіцца заменнікам русалкі. Сімвалічным месцам дзейства з`яўляецца пагорак. Русалку, перш чым весці ў жыта, вялі на пагорак, дзе разам з ёю вадзілі карагод. Другое свяшчэннае месца, куды праводзілі русалак, — могілкі. Такі звычай быў распаўсюджаны ў Брагінскім і Нараўлянскім раёнах Гомельскай вобласці. Дзяўчаты з вянкамі ў адных сарочках увечары ішлі да могілак, спяваючы русальныя песні. Да могілак трэба было прыйсці тройчы.

Кіруемся на Хойніччыну

На Хойніччыне мясцовыя жыхары лічаць, што абрад нездарма стаў традыцыйным для іх супольнасці. Па народным павер'і, русалкамі становяцца дзяўчаты, якія памерлі цнатлівымі на русалачным тыдні. Яны звычайна жывуць у вадзе — у вірах, твані, але, калі зацвітае жыта, яны па расе перабягаюць туды. І там робяць заломы, весяляцца. Яны зусім голыя, як маці нарадзіла, з вяночкамі кветак на галовах. Не дай бог трапіць ім у рукі — заласкаюць, зашлакочуць.

Русальны тыдзень тут даўней святкавалі на працягу трох дзён — у нядзелю, панядзелак, аўторак — і называлі Тройцай. Па сведчанні беларускага празаіка Барыса Сачанкі, двор, хату ўпрыгожвалі зялёнымі бярозкамі, галінкамі клёну, ліпы. Дзяўчаты, па-святочнаму апрануўшыся, збіраліся ў купкі і спявалі песні. У гэтыя дні нельга было купацца, бо маглі злавіць русалкі. Традыцыю правядзення абраду провадаў русалкі сучасныя ўдзельнікі перанялі ад сваіх продкаў — прабабуль, бабуль і матуль, захаваўшы і выкарыстоўваючы пры гэтым традыцыйныя прадметы: касцюмы, вялікі і маленькія абрадавыя вянкі.

Спачатку кожная жанчына ідзе ў свой сад, нарывае кветак, сплятае сабе маленькі вянок, апранае традыцыйны строй і ідзе ў прызначанае месца, дзе збіраюцца аднавяскоўцы. Тут жанчыны з вянкамі на галовах плятуць з падрыхтаваных загадзя галінак і кветак галоўны — вялікі вянок. Другая частка жанчын упрыгожвае русалку — маладую дзяўчыну — галінкамі і лісцямі клёну. Галіна Харошка кажа: «Русалка характарызавалася як незамужняя, прыгожая і дэманічная істота, якая рабіла шкодныя рэчы, таму яе трэба прагнаць з нашай вёскі».

Потым, калі ўпрыгожана русалка і сплецены вянкі, усе ўдзельнікі абраду выбудоўваюць шэсце, дзе наперадзе ідзе русалка з аховай — мужчынам сталага ўзросту і маладым хлопцам. Яны трымаюць у руках крапіву, каб адганяць непаслухмяных дзяцей, якія стараюцца раней сарваць зеляніну з русалкі.

Як толькі спявачкі завядуць русальную песню «Правяду, правяду русалачку да бору», вялікае шэсце накіроўваецца праз вёску да жытнёвага поля. Ісці да поля, што ў канцы вёскі, далёка, таму неаднаразова выконваюцца ўсе хойніцкія русальныя песні:

Правяду русалку да бору, а сама вярнуся дадому.

Правяду русалку да мяжы, а сама вярнуся да дзяжы.

Правяду русалку ў шчыры бор, а сама вярнуся ў таткаў двор...

Удзельнікі абраду спяваюць песні і нясуць вялікі вянок, пасля іх ідуць усе астатнія. Шэсце рухаецца праз усю вёску да жытняга поля. Калі ўдзельнікі шэсця падыходзяць да жытнёвага поля, адна група (старэйшыя жанчыны) пачынае вадзіць карагоды з русальнымі песнямі вакол распаленага вогнішча, а моладзь і дзеці гоняць русалку ў жыта, зрываюць з яе зелле і нясуць да вогнішча, каб асвяціць яго. Калі русалку разарвалі, асвячалі агнём малыя вянкі і галоўны вялікі вянок, пасля чаго яго разрывалі. Пасля заканчэння свята гэтае зелле неслі на агароды, каб накрыць капусту.

Як бачым, русалку мы прагналі, зямля і прырода ўвайшлі ў сілу, таму чакаем Купалля, каб разам купалаваць, вадзіць карагоды вакол вогнішча і, натуральна, парамі скакаць цераз яго, каб ачысціцца ад злых духаў.

Марына ВЕСЯЛУХА

vеsіаluhа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея ВЫСКВАРКІ

Дарэчы, пра русалак пісаў у сваіх нарысах бацька Максіма Багдановіча Адам Ягоравіч: «В воде же живуть русалки. Они, впрочем, могуть считаться «земноводными», потому что обитають в воде только с осени до «русальной недели» (первая после Троицы). Тогда они выходят из воды и поселяются на ветвях деревьев, особенно на берёзах. Русалки качаются на их гибких ветвях, подзывая прохожих: «Человек! Человек! Ходи калыхаться!» А если кто сдуру подойдёт к ним близко, то они защекочуть его до смерти. Представляются они воображению белоруса красивыми женщинами с распущенными длинными волосами. Пока русалки не выйдуть из воды, т. е. до русальной недели, считается опасным купаться, потому что или болезнь какая-нибудь приключится, или русалки себе затащат в глубь реки и утопят. Существует поверье, что дети, умершие до крещения, превращаются в русалок».

У вядомага даследчыка даўніны Еўдакіма Раманава чытаеш: «На русалку выбіраюць дзеўку маторную. Косы ей распусцяць, адзежу знімуць, на плечы андарак ускінуць. І плятуць вянок із васількоў, хмелю, зорачак. Вянок бальшы. Колькі дзевак е, толькі і вянок плятуць. Надзенуць ей, русалцы, етый вянок і вядуць у жыто. І пяюць, і барабаняць у дошкі, у заслонкі, і агні паляць. Ну, прывядуць яе к жыту і піхнуць у жыта; вянок знімаюць, андарак разрываюць і бягуць уцікаць. А яна (голая) за імі, да ў ладкі плешча».

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.