Вы тут

Як дзіцячыя лагеры рыхтуюцца да сезона?


Тры кашулі, пяць пар шкарпэтак і ўбор для дыскатэкі. Вось далёка не поўны спіс таго, што дзіцяці абавязкова трэба ўзяць з сабой у лагер. Больш за 350 тысяч школьнікаў адпачнуць гэтым летам у аздараўленчых лагерах. Як там рыхтуюцца да заезду? Мы наведаліся ў лагер «Гарызонт», дзе ўжо ў панядзелак чакаюць першую змену.


Лагер, добра знаёмы яшчэ савецкім школьнікам, знаходзіцца непадалёк ад пасёлка Радашковічы, за 40 кіламетраў ад сталіцы. Тут улетку адпачываюць дзеці супрацоўнікаў не толькі прадпрыемства «Гарызонт», але і яшчэ больш чым 700 арганізацый Мінска і Мінскай вобласці.

Праз дарогу — лагер «Маяк», які цудам пазбегнуў закрыцця.

— Ён быў на балансе іншага прадпрыемства холдынга. Не акупляўся. І летам 2015 года проста не адкрыўся. З мінулага года мы далучылі яго да сябе. Цяпер за змену можам прыняць 1080 дзяцей, — расказвае дырэктар Сацыяльнага комплексу «Кіруючай кампаніі холдынга «Гарызонт» і начальнік аздараўленчага лагера Вольга ІЛЬІНА.

Суседні «Маяк» прынялі ў дастаткова сціплым стане. Лагер больш за год не працаваў, і яго тэрыторыя стала зарастаць. Летась там пачалі рамонт. Абнавілі актавую залу, сталовую, адзін з жылых карпусоў. Цяпер у памяшканнях значна камфортней. Тут паставілі новую мэблю, «перашылі» столь, аздобілі сцены ў холе дэкаратыўнай тынкоўкай.

— Інтэр'ер у пакоях будзем узмацняць тэкстылем, — дадае начальнік лагера. — Нам у Гродне цяпер шыюць шторы і пакрывалы.

Работы на далучанай тэрыторыі яшчэ шмат. Затое вырашылася праблема дэфіцыту памяшканняў для гурткоў. Педагогі будуць задаволены.

Ідзём у галоўнае месца лагера — сталовую. Пакуль без стуку лыжак і паху баршчу. Для дзяцей будзе арганізавана пяціразовае харчаванне, дагаворы на пастаўку прадуктаў даўно падпісаны.

— За аснову мы бралі двухтыднёвае меню, рэкамендаванае Рэспубліканскім цэнтрам гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Школьнікі штодзень будуць атрымліваць фрукты, малочныя прадукты. У рацыён абавязкова ўваходзяць кашы, супы, мяса, — расказвае Вольга Ільіна.

За змену ў лагеры выпіваецца амаль дзве тысячы літраў кефіру, з'ядаецца 6,5 тысячы апельсінаў і 12,5 тысячы катлет. На тэрыторыі будзе працаваць буфет. Таму ў спякоту дзеці змогуць купіць сабе ваду і марожанае.

Пытанне бяспекі таксама пад кантролем. На варотах заўсёды стаіць вартаўнік, плюс на летні час у лагер камандзіруюцца два супрацоўнікі міліцыі.

Па словах Вольгі Ільіной, попыт на аздараўленчыя пуцёўкі расце другі год запар. У свеце сітуацыя неспакойная, вось бацькі і аддаюць перавагу адпачынку дома. На другую і трэцюю змены ўжо ў красавіку не было месцаў. Яшчэ па сто чалавек запісалі ў чаргу на той выпадак, калі хтосьці ад броні адмовіцца.

Да заезду дзяцей лагер рыхтуе не толькі матэрыяльную базу, але і выхаваўча-забаўляльную праграму. Для школьнікаў прыдумваюць розныя праекты. Напрыклад, дзецям старэйшага ўзросту ў мінулыя гады прапаноўвалі паспрабаваць сябе ў якасці аніматараў, прайсці прафесійна-арыентацыйнае тэсціраванне. Сёлета ахвотных будуць вучыць бізнес-мысленню.

Утрымліваць дзіцячы лагер прадпрыемству сёння няпроста, прызнаецца суразмоўніца.

— Але наш генеральны дырэктар Юрый Прадко падтрымлівае развіццё сацыяльнай сферы. Вельмі дапамагаюць гарадскія ўлады.

Лагер таксама стараецца зарабляць. Прапануе платныя праекты — заняткі па робататэхніцы, кітайскай мове, курс для дзяўчат па этыкеце, макіяжы і стылі, англамоўную змену (сумесна з брытанскімі дзецьмі). А ў міжсезонне, калі тэрыторыя пераўтвараецца ў аздараўленчы комплекс для дарослых і дзяцей, прымае ў сябе спартакіяды і турзлёты. Каб да новага сезона мець магчымасць абнавіць яшчэ корпус.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Мінск — Радашковічы — Мінск

 

У тэ­му

  • З 2003 го­да Фе­дэ­ра­цыя праф­са­юзаў Бе­ла­ру­сі вы­дат­коў­вае гро­шы на лет­няе азда­раў­лен­не дзя­цей у за­га­рад­ных круг­ла­су­тач­ных ла­ге­рах. Срод­кі ідуць на зні­жэн­не кош­ту пу­цё­вак для школь­ні­каў са шмат­дзет­ных, ня­поў­ных, ма­ла­за­бяс­пе­ча­ных сем'­яў, дзя­цей-ін­ва­лі­даў. Сё­ле­та на гэ­тыя мэ­ты ФПБ на­кі­ра­ва­ла 110 ты­сяч руб­лёў. Ле­тась — 100 ты­сяч, што да­зво­лі­ла на льгот­ных умо­вах азда­ра­віць 2178 дзя­цей.
  • У цэ­лым ма­тэ­ры­яль­ная да­па­мо­га з праф­са­юз­на­га бюд­жэ­ту на куп­лю пу­цё­вак у мі­ну­лым го­дзе скла­ла больш за 1,5 міль­ё­на руб­лёў. На­кі­роў­ва­ец­ца так­са­ма фі­нан­са­ван­не на на­быц­цё мэб­лі ў ла­ге­рах, гуль­ня­во­га і спар­тыў­на­га ін­вен­та­ру.
  • Каб га­ран­та­ваць бяс­печ­ныя ўмо­вы зна­хо­джан­ня дзя­цей у лет­ні­ках, пра­фі­лак­ты­ку траў­ма­тыз­му, тэх­ніч­ныя ін­спек­та­ры пра­цы пра­вя­ра­юць ла­ге­ры да па­чат­ку се­зо­на. Асаб­лі­вая ўва­га ўдзя­ля­ец­ца гуль­ня­вым і спар­тыў­ным пля­цоў­кам.
  • Спар­тыў­ны клуб ФПБ ак­тыў­на азда­раў­ляе пад­час лет­ніх ка­ні­кул школь­ні­каў са спе­цы­я­лі­за­ва­ных ву­чэб­на-спар­тыў­ных уста­ноў. Ле­тась у ад­мыс­ло­вых ла­ге­рах (круг­ла­су­тач­ных і дзён­ных) ад­па­чы­лі і па­вы­сі­лі сваё май­стэр­ства 21 ты­ся­ча дзя­цей.

Лічыльнік

За пуцёўку для дзіцяці ў спартыўна-аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем бацькам давядзецца аддаць у сярэднім 269 рублёў (сумы прыводзяцца з улікам датацый), з дзённым знаходжаннем — 23 рублі. Змена ў кругласутачным аздараўленчым лагеры будзе каштаваць 235 рублёў (у дзённым — 18 рублёў), у профільным аздараўленчым з кругласутачным знаходжаннем не менш за дзевяць дзён — 25, у дзённым лагеры працы і адпачынку — 15. Памеры датацый на пуцёўкі павялічаны ў сярэднім на 9 працэнтаў.

Загаловак у газеце: Да заезду гатовы!

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.