Вы тут

Як пад Мінскам рыхтуюцца да ваеннага парада на Дзень Незалежнасці


На аэрадроме «Ліпкі» рэпеціруюць толькі баявыя машыны. Знешне яны яшчэ не «ў форме»: тэхніку пафарбуюць напярэдадні свята. Ва ўсім астатнім — што датычыцца зладжанасці парадных разлікаў, вытрымлівання дыстанцыі і хуткасці руху, а таксама выраўноўвання ў адну лінію — «жалезныя коні», а таксама іх «вершнікі» гатовы да галоўнай урачыстасці года. Засталіся толькі штрыхі...


Па традыцыі адкрые механізаваную калону танк Перамогі — легендарны Т-34-85, які 3 ліпеня 1944 года пад камандаваннем гвардыі малодшага лейтэнанта Дзмітрыя Фролікава першым уварваўся ў беларускую сталіцу.

Тое, што гэта менавіта тая трыццацьчацвёрка, сведчаць не толькі дакументы, а і прабоіны на корпусе — вораг сустрэў вызваліцеляў жорсткім супраціўленнем.

Ужо прайшло столькі часу, а танк па-ранейшаму на хаду. Старшы лейтэнант Дзяніс Зяваліч, які падчас парада з'яўляецца камандзірам танка, свой удзел у галоўнай урачыстасці краіны трымае ў сакрэце нават ад родных. Аказваецца, яго дзед, Яраслаў Зяваліч, у далёкім 1944-м вызваляў Мінск. Ды яшчэ і на танку Т-34! Праўда, іншай мадыфікацыі.

Усяго на парадзе будзе задзейнічана звыш 280 адзінак баявой тэхнікі — у параўнанні з папярэднім годам колькасць парадных разлікаў павялічана амаль у два разы! Механізаваная калона расцягнецца прыкладна на тры кіламетры.

— Для ўдзелу ў парадзе адабраныя самыя лепшыя, дысцыплінаваныя ваеннаслужачыя, якія падчас падрыхтоўкі будуць павышаць сваё майстэрства кіроўцы, удасканальваць уласныя веды па тэхнічнай частцы ўзбраення і ваеннай тэхнікі, у тым ліку маршавую падрыхтоўку, — адзначыў намеснік камандуючага войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл палкоўнік Уладзімір КУЛАЖЫН, які адказвае за падрыхтоўку механізаванай калоны да парада. — Парадныя разлікі складаюць каля 30% узораў узбраення і ваеннай тэхнікі, якія створаны і мадэрнізаваны на айчынных прадпрыемствах.

У прыватнасці, ракетныя сістэмы залпавага агню «Паланэз». Гонар айчыннага абаронна-прамысловага комплексу ўжо двойчы ўдзельнічаў у парадзе, але менавіта сёлета ён упершыню будзе прадэманстраваны шырокай публіцы як самастойны дывізіён Узброеных Сіл. Па словах экспертаў, зброя ўнікальная. Але, як прызнаюцца тыя, хто непасрэдна кіруе «Паланэзам», ён настолькі просты, што дастаткова два-тры тыдні, каб асвоіць тэхніку.

— У парадзе будуць удзельнічаць машыны баявога кіравання, баявыя машыны і транспартна-зараджаючыя машыны комплексу «Паланэз» — усяго 6 машын, — расказвае камандзір 77-га асобнага рэактыўнага артылерыйскага дывізіёна 336-й артылерыйскай брыгады Міхаіл КРЫВАШЭЙ. — Яшчэ тры машыны будуць прадстаўлены для прагляду грамадзянскаму насельніцтву на арганізаванай выстаўцы.

Эксклюзіў сёлетняга парада днямі раскрыў міністр абароны. Пасля таго як пройдуць парадныя разлікі і скончыцца афіцыйная ўрачыстасць, гледачы парада змогуць бліжэй пазнаёміцца з тэхнікай: разгледзець яе, сфатаграфавацца і нават дакрануцца. У тым ліку і да найноўшых распрацовак беларускага ВПК — упершыню на мінскі праспект выедуць браніраваныя машыны «Кайман» і «Волат», радыёрэлейныя станцыі, мабільныя зенітныя артылерыйскія комплексы «Зеніт», выратавальная і медыцынская тэхніка.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: На танку Перамогі — нашчадак пераможцы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.