Вы тут

Сцяпан Жабінскі паўтарыў лёс многіх «звяздоўцаў»


У 1927 годзе, калі газета адзначала першае сваё дзесяцігоддзе, у «Звязду» ўладкаваўся партызан з Заходняй Беларусі, непрымірымы змагар з польскімі панамі Сцяпан Жабінскі. Праз 90 гадоў гісторыю яго жыцця нам расказаў яго унук — жыхар Віцебска Аляксандр Гаралёў.


Герой Першай сусветнай

— Сцяпан Антонавіч Жабінскі нарадзіўся ў сялянскай сям'і ў 1894 годзе ў Гродзенскай губерні. Атрымаў дыплом настаўніка ў Свіслачы, дзе скончыў семінарыю. Ваяваў у Першую сусветную. За гераізм быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам. Цудам захавалася фатаграфія таго часу, — расказвае ўнук былога «звяздоўца».

Сцяпан цудам выжыў пасля прымянення немцамі хімічнай зброі. У 1918 годзе вярнуўся дадому.

Сваякі беражліва захоўваюць арыгінал яго ўспамінаў, набраны на друкаванай машынцы. Радкі пра ўдзел Сцяпана Жабінскага ў барацьбе на тэрыторыі Заходняй Беларусі можна прачытаць у кнізе «Гады выпрабаванняў і мужнасці». Яна была падрыхтаваная да друку ў 1973-м выдавецтвам «Беларусь».

«У ліпені 1920 года пад націскам Чырвонай Арміі польскія войскі пачалі адступаць. Усе мы з нецярпеннем чакалі хутчэйшага вызвалення і спрыялі гэтаму ўсімі даступнымі сродкамі... Насельніцтва ўрачыста сустрэла чырвонаармейцаў. У гэты ж дзень у Свіслачы адбыўся першы адкрыты сход камуністычнай арганізацыі. Быў абраны валасны камітэт. Я стаў яго старшынёй», — пісаў Сцяпан Антонавіч.

Падначалены Дзяржынскага

У вызваленым Беластоку быў створаны Часовы польскі рэвалюцыйны камітэт. Ім кіравалі Юльян Мархлеўскі і Фелікс Дзяржынскі. Камітэт распрацаваў праграму сацыялістычных мерапрыемстваў у Польшчы.

«Наш рэўкам першай сваёй задачай лічыў паляпшэнне жыцця працоўных. Мы ўзялі на ўлік ураджай у маёнтках, арганізавалі грамадскія кухні, у якіх атрымлівалі харчаванне чырвонаармейцы і бежанцы, якія вярнуліся. У Свіслачы, у будынку настаўніцкай семінарыі, адкрылі бібліятэку, па вёсках стваралі хаты-чытальні і народныя дамы. Нашы агітатары адпраўляліся ў вёскі, выступалі там з лекцыямі і дакладамі перад насельніцтвам», — успамінаў Жабінскі.

Калі палякі заручыліся падтрымкай Антанты, летам 1920 года ўлада змянілася. І Сцяпан Жабінскі вымушаны быў перайсці на нелегальнае становішча. Калі яго малая радзіма перайшла пад юрысдыкцыю Польшчы, ён пайшоў у партызаны. Не раз за рэвалюцыйную барацьбу яго арыштоўвалі.

Вязень польскіх турмаў

У Вільне ён браў актыўны ўдзел у байкоце выбараў у сейм. Калі знаходзіўся ў турме ў Варшаве, восенню 1922 года ў Польшчы выбіралі прэзідэнта. Сцяпан Жабінскі тады напісаў зварот да беларускай моладзі. Ліст перахапілі польскія ўлады.

Ён напісаў: «Польскія паны заўсёды плакалі, што Польшчу падзялілі і прыгняталі яе ворагі. А што цяпер робяць яны самі? Без малога за тры гады свайго незалежнага існавання польскія паны пралілі ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне столькі слёз, што ўся Польшча афарбавалася ў чырвоны колер... Што датычыцца мяне, скажу: жэрабя кінутае, барацьба з панамі — да смерці!»

Гэты зварот зачыталі падчас судовага працэсу. Жабінскага прысудзілі да чатырох гадоў строгага турэмнага заключэння. Калі знаходзіўся ў турме каля нямецкай мяжы, ледзь выжыў. Бо зімой 1924—1925 гадоў там не тапілі. На сценах камер быў іней. А самым страшным месцам была лазня. У ёй прымушалі вязняў прымаць халодны душ, каб потым адвесці ў ледзяныя камеры. Зняволеныя лічылі час знаходжання ў турме не гадамі, а колькасцю лазняў...

Ахвяра савецкіх рэпрэсій

У 1927-м Сцяпан Жабінскі цудам дабраўся да тэрыторыі, дзе была савецкая ўлада.

— Мая мама чула ад дзеда падрабязнасці таго рызыкоўнага пераходу. Ён з сябрамі заплаціў грошы тым, хто ведаў, як можна перайсці мяжу. Правялі па лесе. А далей сказалі, што неабходна хуценька перабегчы поле. І калі яны перабягалі поле, па ім сталі страляць з польскага боку. А на савецкай тэрыторыі іх сустрэлі ўзброеныя людзі, якія былі настроеныя таксама вельмі агрэсіўна. Напэўна, прынялі групу за дыверсантаў, або кантрабандыстаў. Такіх, дарэчы, у той час было нямала на польска-беларускай мяжы, — працягвае ўнук Жабінскага.

У «Звяздзе» былы падпольшчык і партызан працаваў з 1 жніўня 1927 года да 3 сакавіка 1933-га. Перакладаў з польскай мовы. Потым быў намеснікам загадчыка і кіраўніком сектара замежнай інфармацыі.

— Быў, як кажуць, на кароткай назе з вядомымі людзьмі. Калі хаджу па Мінску, радуюся, што дзед ведаў тых, у гонар каго назвалі многія вуліцы. Маёй маме, напрыклад, расказваў пра Купалу, Прытыцкага і іншых. На жаль, не захаваліся віншавальныя паштоўкі ад іх, лісты, сумесныя фотаздымкі. І можна зразумець — чаму. Калі навісла пагроза рэпрэсіі, хатні архіў амаль што поўнасцю прыйшлося знішчыць, — тлумачыць Аляксандр Гаралёў.

З 1934 года Сцяпан Жабінскі падчас ссылкі жыў у Хабараўскім краі. А з 1937 года — у сяле Краснае Бранскай вобласці. Там у яго нарадзіліся сын і дзве дачкі.

Былы журналіст выкладаў у школах. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі ў падполлі дапамагаў партызанам...

Пасля рэабілітацыі мог патрабаваць вяртання 2-пакаёвай кватэры ў цэнтры Мінска, уладкавацца на прэстыжную пасаду, але не стаў гэтага рабіць. Жыў з сям'ёй у Віцебску. Працаваў настаўнікам. Крыўды на савецкую ўладу не трымаў.

Памёр Сцяпан Жабінскі ў 1975-м годзе. Яго сын займаў адказную кіраўнічую пасаду на караблебуданіўчым заводзе ва Украіне. Старэйшая дачка на Гродзеншчыне працавала галоўным заатэхнікам. У жывых на сёння толькі малодшая — маці Аляксандра Гаралёва. Цяпер Людміле Сцяпанаўне за 70.

Унук Жабінскага Аляксандр Генадзевіч Гаралёў, якому рэдакцыя ўдзячная за расказ пра дзеда, не звязаны са СМІ. Даслужыўся да палкоўніка ў сістэме МУС. Пенсіянер, але працуе... Падчас службы ахвотна супрацоўнічаў з рэдакцыямі, асабліва з карпунктам «Звязды». І толькі нядаўна прызнаўся, што «Звязда» для яго сям'і — родная газета без перабольшання.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».