Вы тут

У Магілёве вынеслі прысуд забойцам прадпрымальніка


Валерый знік майскім вечарам летась. Вырашыў пераначаваць у гаражы, дзе яны з сябрам займаліся аўтасэрвісам. Дом, у якім ён жыў разам з жонкай, знаходзіўся непадалёк. У іх сям'і якраз нарадзілася дзіця, а прадпрымальніку трэба было выспацца. Тым больш што гараж па знешнім выглядзе больш нагадвае камфартабельны катэдж, на другім паверсе якога былі пакоі, трэнажорная зала.


Калі на наступны дзень муж не вярнуўся дахаты, жонка забіла трывогу. Хутка высветлілася, што разам з чалавекам знікла частка канапы з гаража і некаторыя яго асабістыя рэчы. Потым спаленыя рэшткі той самай канапы праваахоўнікі знайшлі ў лясным масіве Магілёва. А хутка стала вядома, што забойства здзейснілі яго непасрэдныя таварышы па бізнесе 40-гадовы Яўген і 48-гадовы Максім. Усё адбылося 20 мая, а 31-га Максіма затрымалі па падазрэнні ў забойстве. Падчас вобыску ў яго былі канфіскаваны некаторыя рэчы, якія мелі дачыненне да злачынства, у тым ліку наручнікі. На іх потым крыміналісты знойдуць сляды геному забітага. Падазраваны зразумеў, што труп будзе знойдзены, і напісаў яўку з павіннай. Потым узялі і яго таварыша.

— Яўген быў уладальнікам рознага бізнесу, — расказвае падрабязнасці гучнай справы намеснік Магілёўскага транспартнага пракурора Рэнат Мазоль. — Пэўны час займаўся таксі і выдзеліў аднаго з работнікаў — Валерыя. Яны пачалі сумесна пераганяць аўтамабілі, потым адкрылі аўтасэрвіс. Дом, у якім жыла сям'я Валерыя, па словах абвінавачанага, таксама быў іх сумеснай маёмасцю, але дакументальна аформлены на пацярпелага. Яны быццам бы купілі яго ў складчыну. Неўзабаве ў іх пайшлі рознагалоссі ў бізнесе. І Валерый пачаў прэтэндаваць цалкам на ўвесь дом. Як потым прызнаўся суду Яўген, у яго была думка звярнуцца ў суд, каб падзяліць маёмасць. Але нешта гэтаму перашкодзіла. Замест гэтага ён паклікаў таварыша і ўзяў «для размовы» драўляную біту і нейкі металічны прадмет. А яшчэ яны прыхапілі наручнікі, каб ахвяра зразумела, што ўсё вельмі сур'ёзна.

— Што адбывалася далей — поўная цемра, — працягвае Рэнат Мазоль. — Яны тысячу разоў мянялі паказанні, але дакладна вядома, што забойцы нанеслі пацярпеламу не менш за два ўдары па галаве і адзін у вобласць грудзей. Потым накінулі пояс ад халата і — задушылі.

Каб схаваць наступствы «крывавай размовы», таварышы спешна замятаюць сляды. Кроў замываюць, а труп і астатнія рэчы, якія сведчаць аб забойстве — частку канапы, адзенне, — вывозяць на машыне падалей ад месца падзей. Канапу спальваюць у лесе, айфон разбіваюць і кідаюць у вадаём. Застаецца толькі надзейна схаваць труп. І Максім бярэцца зрабіць гэта ў гаражы аднаго з магілёўскіх прадпрыемстваў па месцы сваёй працы. Цела забітага ён проста закатвае ў бетон. Момант, калі машына заязджае ў гараж, а потым выязджае, зафіксавалі размешчаныя на тэрыторыі камеры відэаназірання. Пахаваўшы труп, Максім едзе спальваць знятае з забітага адзенне.

— Зламыснікі рабілі ўсё, каб заблытаць сляды, — расказвае Рэнат Мазоль. — Нават калі вывозілі труп, карысталіся рацыяй. Яны ж пэўны час працавалі таксістамі. Той, хто ехаў першым, папярэджваў аб наяўнасці ДАІ і іншых аўтамабіляў.

Машыну, на якой вывозілі цела забітага, Максім потым прадаў знаёмаму. Там на некаторых агрэгатах таксама былі знойдзены сляды крыві. Біту і арматуру праваахоўнікі так і не знайшлі. Забойцы сказалі, што выкінулі ў смеццевы бак. А вось ювелірныя вырабы выкінуць рука не паднялася. Спачатку забралі ланцужок з крыжыкам, які ўпаў з шыі Валерыя, калі з яго здзекаваліся. Суд гэты факт кваліфікаваў абвінавачаным як разбой. Астатнія каштоўнасці, гаворыцца ў справе, Максім зняў ужо з забітага, калі хаваў яго ў сваім гаражы. Частку з іх аддаў суседу, а другую закапаў. Хоць першапачаткова сцвярджаў, што ўсё выкінуў у Дняпро.

— Яўген усё браў на сябе, бо забойства групай асоб больш сурова караецца, — расказвае дзяржабвінаваўца. — Максім казаў, што ніякага актыўнага ўдзелу не прымаў, толькі вывозіў труп. Але ёсць факты, якія бясспрэчна даказваюць іх сумеснае дачыненне да забойства. Быў момант, калі Максім спрабаваў знішчыць яўку з павіннай. Следчы перад перадачай справы ў суд даў яму з ёй азнаёміцца. На нейкі час мужчына застаўся адзін. І гэтага яму хапіла, каб вырваць дакумент і схаваць. Гэта толькі пагоршыла яго становішча, бо да ўсяго астатняга яшчэ прыбавілася крымінальная адказнасць па артыкуле 377 — крадзеж дакумента.

Калі зачытвалі прысуд, у зале, дзе не было ніводнага вольнага месца, стаяла мёртвая цішыня. Жонка забітага прасіла, каб абвінавачаных прысудзілі да выключнай меры пакарання. Але суд даў кожнаму з іх па 22 гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. У Яўгена хапіла мужнасці папрасіць у жонкі забітага прабачэння. А вось Максім нават не прызнаў сваёй віны.

Па этычных меркаваннях імёны герояў крымінальнай гісторыі зменены.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Замест доўгу забралі жыццё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.