Вы тут

Мінскія ратаўнікі арганізавалі грандыёзны фэст


На пляцоўцы ля Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі ўчора было вельмі людна. З палаткі, перапоўненай дымам, дзеці і дарослыя выцягвалі людзей. Вялікая чарга выстраілася да аўтамабіля-перавёртыша, які круціў пасажыраў на 360 градусаў. Тых, хто не баіцца вышыні, уздымалі наверх у люльцы аўтакрана. Катэры рассякалі акваторыю Камсамольскага возера. З такім размахам фінішавала рэспубліканская акцыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях "Не пакідайце дзяцей адных!"


- Мы нездарма праводзім акцыю ў такі час, - расказаў намеснік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталь Дэмбоўскі. - У дзяцей ужо скончыўся навучальны год. І тут вельмі важна ўдарыць па ўсіх франтах адначасова. Звярніце ўвагу: акрамя правіл пажарнай бяспекі, тут яшчэ прысутнічаюць і інспектары дарожнага руху, якія вучаць правільна ездзіць на веласіпедах і пераходзіць дарогу. Праводзім мы і віктарыны - а калі дзеці адказваюць няправільна, то інспектары тлумачаць, які варыянт верны і чаму. І не забываемся і на экалагічны лікбез. Справа ў тым, што бяспека не можа быць нейкай прыватнасцю - наадварот, яна заўжды складаецца ў адзін вялікі "пазл". А тут паралельна з гульнёй школьнікі атрымліваюць неабходныя веды. Бо ўсе пляцоўкі ў той ці іншай ступені мадэлююць сітуацыі з рэальнага жыцця.

Занятак знайшлі нават для самых маленькіх гасцей фэсту. Яны стваралі малюнкі на тэму бяспекі разам з бацькамі і настаўнікамі, забаўляліся з сабакамі кіналагічнай службы. А музычную атмасферу ствараў аркестр Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС.

- Вельмі здорава, што для нашых дзяцей арганізована такое мерапрыемства, - кажа настаўніца сярэдняй школы №60 Мінска Рамуальда Рудая, якая прыехала на свята разам са сваім класам. - Я, як маці і як настаўніца, лічу, што гэта патрэбна. Дзеці могуць не толькі весела правесці час, але і даведацца нешта новае.  Гэта вельмі цудоўна - так развітацца са школай на тры месяцы.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Яўгена Пясецкага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?