Вы тут

1 чэрвеня завяршаецца рэгістрацыя на ЦТ


Рэгістрацыя для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні ідзе ў краіне поўным ходам. Аднак тым, хто яшчэ не знайшоў час, каб запасціся пропускамі на тэсты, трэба паспяшацца. 1 чэрвеня ў 19 гадзін пункты рэгістрацыі закрыюцца. Усе каналы сувязі па аплаце ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні і адзіны банк даных удзельнікаў ЦТ будуць закрыты. І 2 чэрвеня ні ў кога з тых, хто па нейкай прычыне спазніўся, дакументы прымацца ўжо не будуць.


Пытанне — колькі ж сёлета будзе прэтэндэнтаў на студэнцкі білет — хвалюе многіх, прычым не толькі абітурыентаў, але і прадстаўнікоў ВНУ: ці будзе ім з каго выбіраць сабе першакурснікаў? Адказ мы атрымаем зусім хутка. За тры дні да заканчэння рэгістрацыі сваё жаданне ўдзельнічаць у цэнтралізаваным тэсціраванні афіцыйна аформілі больш як 83 тысячы чалавек. Гэты паказчык пакуль адстае ад мінулагодняга... У сярэднім штодня ў пункты рэгістрацыі звяртаюцца ад 4 да 5 тысяч чалавек. Нагадаем, што летась на ЦТ зарэгістраваліся 100 801 чалавек.

Больш за ўсё пропускаў аформлена для здачы на ЦТ рускай мовы — 68 тысяч. Прайсці тэст па беларускай мове выказалі жаданне каля 26 тысяч чалавек. Трэба заўважыць, што абітурыентам упершыню дадзена права здаваць на ЦТ чатыры дысцыпліны замест трох. У тым выпадку, калі малады чалавек канчаткова вызначыўся з профілем навучання, ён можа здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па дзвюх дзяржаўных мовах, а пазней выбраць лепшы з двух сертыфікатаў, забяспечыўшы сабе хоць некалькі дадатковых балаў. Праўда, у прыёмную камісію ВНУ трэба будзе падаваць, як і раней, толькі тры сертыфікаты і два сертыфікаты — у прыёмную камісію ССНУ.

У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў канстатуюць: больш як трэцяя частка абітурыентаў рэгіструюцца на чатыры дысцыпліны. Агульная колькасць аформленых чалавека-тэстаў перавышае 281 тысячу. На тэсціраванне па матэматыцы запісаліся крыху больш як 46 тысяч чалавек, па фізіцы — больш як 27 тысяч, столькі ж — на хімію. Больш як 26 тысяч будуць здаваць замежныя мовы і гэтак далей.

Да завяршэння рэгістрацыі, гэта значыць да 1 чэрвеня, у абітурыента ёсць права здаць пропуск ці змяніць кола экзаменацыйных дысцыплін. Для гэтага трэба звярнуцца ў пункт рэгістрацыі з пропускам па тым прадмеце, які трэба замяніць, і аформіць пропуск для ўдзелу ў ЦТ па іншай дысцыпліне. У выпадку страты пропуска на ЦТ абітурыенту таксама трэба звяртацца ў пункт рэгістрацыі, каб атрымаць яго дублікат.

Нагадаем, што новымі правіламі прыёму прадугледжаны тры рэзервовыя дні для здачы ЦТ: сёлета гэта 6, 8 і 10 ліпеня. Але арганізатары ЦТ папярэджваюць: да здачы тэст-іспытаў у рэзервовы дзень будуць дапушчаны толькі тыя абітурыенты, якія зарэгістраваліся ў вызначаныя тэрміны (з 2 мая па 1 чэрвеня) і змогуць даказаць, што ў іх былі сур'ёзныя прычыны для пропуску экзамену (гэта можа быць, напрыклад, хвароба, удзел у міжнародных спаборніцтвах ці фестывалях, важная службовая камандзіроўка). У тым выпадку, калі абітурыенты ўдзельнічалі ў ЦТ у асноўны дзень, але не змаглі дапісаць сваю работу з-за пагаршэння стану здароўя, яны таксама змогуць скарыстацца рэзервовым днём. Для аказання абітурыентам медыцынскай дапамогі ва ўсіх пунктах правядзення тэсціравання арганізуюцца дзяжурствы медыцынскіх работнікаў, таму такія выпадкі фіксуюцца непасрэдна на месцы.

Карыснай для маладых людзей можа аказацца і наступная інфармацыя. У тым выпадку, калі абітурыент не можа асабіста зарэгістравацца для ўдзелу ў ЦТ (сітуацыі ў жыцці могуць быць самыя непрадказальныя), зрабіць гэта за яго можа законны прадстаўнік: ён павінен прад'явіць у пункце рэгістрацыі дакумент, які пацвярджае яго асобу і статус законнага прадстаўніка, а таксама копію дакумента, што пацвярджае асобу абітурыента, завераную натарыяльна. Акрамя таго, законны прадстаўнік абітурыента можа дзейнічаць на падставе даверанасці, заверанай натарыяльна.

Цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове стартуе ў краіне ў панядзелак — 12 чэрвеня. Рускую мову абітурыенты будуць здаваць 14 чэрвеня, грамадазнаўства — 16 чэрвеня, матэматыку — 18 чэрвеня, біялогію — 20 чэрвеня, замежную мову (англійскую, нямецкую, французскую, іспанскую, кітайскую) — 22 чэрвеня, хімію — 24 чэрвеня, фізіку — 26 чэрвеня, гісторыю Беларусі — 28 чэрвеня, геаграфію — 30 чэрвеня, сусветную гісторыю найноўшага часу — 2 ліпеня.

Атрымаць сертыфікаты абітурыенты змогуць у пунктах правядзення ЦТ з 10 ліпеня, а ўдзельнікі тэсціравання ў рэзервовыя дні (яно праводзіцца на базе БДУ) — з 13 ліпеня. Сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання будуць дзейнічаць цяпер два гады — і гэта яшчэ адно з важных новаўвядзенняў прыёмнай кампаніі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Ускочыць у апошні вагон...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».