Вы тут

Ці будзе на Заходняй Дзвіне ўсталяваны пантонны мост?


Падчас сумеснай са «Звяздой» прамой лініі ў Полацкім райвыканкаме прагучала пытанне: ці будзе на Заходняй Дзвіне на Дзень беларускага пісьменства ўсталяваны пантонны мост?


Пра адпаведную ідэю паведамлялі ў мясцовых СМІ. Часовы пераход праз раку дазволіў бы за некалькі хвілін апынуцца на беразе, дзе знаходзіцца Курган Бессмяротнасці і Музей баявой славы. Там таксама можна было б прагуляцца па парку.

Намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Аляксандр Каладынскі растлумачыў, што з рэалізацыяй гэтай ідэі ёсць складанасці. У прыватнасці, шмат трэба зрабіць, каб гарантаваць бяспеку людзей. Пантоны, як правіла, выкарыстоўваюцца толькі ваеннымі або ў выпадку надзвычайных сітуацый. Пытанне застаецца адкрытым.

Дзве жанчыны пацікавіліся нюансамі прадпрымальніцкай дзейнасці. Адна з іх хоча адкрыць краму па продажы кветак. Папрасіла дапамогі ў пошуку адпаведнага памяшкання. Інфармацыя аб нерухомасці, якую можна арэндаваць або купіць, ёсць на сайце райвыканкама. Мясцовыя чыноўнікі гатовы падрабязна пракансультаваць па гэтым пытанні.

Вельмі эмацыянальнай была заяўніца, у бацькавай кватэры якой вада некалькі дзён капала са столі. Спачатку выклікалі аварыйную службу. Водазабеспячэнне перакрылі. Потым супрацоўнікі ЖКГ замянілі стаяк. Але гэта не паўплывала на цечу. Наступным разам высветлілі, што праблема ў трубе з гарачай вадой... Жанчына прасіла пакараць вінаватых за непрафесійны падыход. Намеснік старшыні паабяцаў разабрацца.

Дарэчы, скаргі на камуналку — па-ранейшаму ў «топавым спісе». Месяц таму, расказаў Аляксандр Каладынскі, праблема, пра якую паведамілі падчас прамой лініі, была вырашана за 15 хвілін. Намеснік старшыні райвыканкама выслухаў скаргу, патэлефанаваў кіраўніку ЖКГ, той накіраваў сантэхніка, які адкруціў вентыль сістэмы падачы вады. Пытанні гэтыя павінны вырашацца гэтак жа хутка і без пасрэдніцтва начальства.

Дазванілася і жанчына, якая не можа карыстацца калодзежам, бо бетонныя кольцы трэба мяняць: вада дрэннай якасці. Гэта той выпадак, калі ўлада не абавязана рамантаваць, ва ўсякім разе — за кошт бюджэту, бо калодзеж прыватны. Трэба наняць спецыялістаў і заплаціць за замену кольцаў.

Усяго за тры гадзіны патэлефанавалі сем чалавек. У райвыканкаме адзначаюць, што суботнія прамыя лініі застаюцца запатрабаванымі. Але бывае, што звяртаюцца 2—3 чалавекі. Кожны таксама атрымлівае пісьмовы адказ.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Мост на свята?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».