Вы тут

Ад апошніх званкоў да выпускных вечароў


Для 87 тысяч дзевяцікласнікаў і амаль што 58 тысяч адзінаццацікласнікаў сёння прагучыць апошні званок, які, між іншым, азначае зусім не кропку, а новы этап у іх жыцці. Наперадзе хлопцаў і дзяўчат чакаюць выпускныя і ўступныя экзамены.


Нагадаем, што дзевяцікласнікі пішуць дыктоўку па беларускай і рускай мовах, а веданне матэматыкі ў іх правераць з дапамогай кантрольнай работы. Даты правядзення пісьмовых экзаменаў для выпускнікоў базавай школы — 2, 6 і 8 чэрвеня.

Адзінаццацікласнікаў чакаюць два пісьмовыя экзамены (па матэматыцы, беларускай ці рускай мове на выбар) і два вусныя (па замежнай мове і гісторыі Беларусі). Экзаменацыйная кампанія праходзіць у вельмі сціслыя тэрміны і стартуе ўжо першага чэрвеня.

— Галоўная адметнасць сёлетніх выпускных экзаменаў — гэта аб'ём матэрыялу на экзамене па гісторыі Беларусі, бо адзінаццацікласнікі ўпершыню будуць здаваць поўны школьны курс па гісторыі сваёй краіны, — падкрэслівае начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Святлана УКЛЕЙКА. — Два апошнія гады, пасля пераносу абавязковага экзамену па гісторыі ў старшую школу, адзінаццацікласнікі здавалі гісторыю Беларусі пачынаючы з 1917 года — толькі той матэрыял, які яны вывучалі два апошнія гады. Але нельга сказаць, што цяпер колькасць экзаменацыйных білетаў істотна павялічылася. Усё было сістэматызавана: загадзя падрыхтавалі і апублікавалі не толькі экзаменацыйныя білеты і метадычныя рэкамендацыі, але і выдалі дадатковы матэрыял, каб спрасціць школьнікам задачу па падрыхтоўцы да выпускнога выпрабавання.

Летась упершыню ў бацькоў, якія хваляваліся за сваіх дзяцей, была магчымасць яшчэ падчас экзамену асабіста пазнаёміцца са зместам заданняў. Міністэрства адукацыі не толькі абвяшчала па тэлебачанні і радыё, але і размяшчала на сваім сайце экзаменацыйныя заданні па беларускай, рускай мовах і матэматыцы для вучняў 9-х і 11-х класаў. Таму ва ўсіх цікаўных была магчымасць даведацца, што ж сабой уяўляе выпускны экзамен і чым адрозніваюцца заданні для базавага і павышанага ўзроўню вывучэння прадметаў... «У гэтым годзе практыка размяшчэння на сайце міністэрства ў свабодным доступе экзаменацыйных тэкстаў і кантрольных работ будзе захаваная», — паабяцала Святлана Уклейка.

Увогуле, чэрвень — традыцыйна самы «час гарачы» для беларускіх школ, бо 2 чэрвеня распачынаюцца таксама і ўступныя экзамены для будучых гімназістаў. Усяго ў краіне дзейнічае 210 гімназій.

Для тых, хто жадае паступіць у гімназіі ці гімназіі-інтэрнаты, прадугледжаны тры ўступныя іспыты: па беларускай, рускай мовах і матэматыцы. Ахвотныя паступіць у гімназіі-каледжы мастацтваў здаюць беларускую ці рускую мову на выбар і матэматыку. Плюс правяраюцца іх здольнасці ў галіне асобных відаў мастацтва.

Экзамен па рускай мове (дыктоўка) пройдзе для ўсіх 2 чэрвеня, па матэматыцы (кантрольная работа) — 5 чэрвеня, дыктоўка па беларускай мове — 7 чэрвеня. Праверка здольнасцяў у галіне асобных відаў мастацтва адбудзецца 9 чэрвеня. Працягласць экзамену складае 45 хвілін. Пачатак усіх выпрабаванняў — у 11.00. Тэксты і заданні для правядзення ўступных іспытаў па вучэбных прадметах, у тым ліку ў рэзервовы дзень (10 чэрвеня), будуць абвяшчацца па тэлебачанні і радыё. У гімназіях, гімназіях-інтэрнатах, гімназіях-каледжах мастацтваў улічваюцца як вынікі ўступных выпрабаванняў па трох вучэбных прадметах, так і гадавыя адзнакі па гэтых дысцыплінах, атрыманыя па завяршэнні навучання ў пачатковай школе. Максімальная сума, якую можа набраць дзіця, складае 60 балаў. Варта мець на ўвазе, што пры роўнай колькасці балаў пераважнае права на залічэнне ў гімназіі будуць мець дзеці з больш высокім сярэднім балам гадавых адзнак за 4 клас, а ў гімназіях-каледжах мастацтваў — дзеці з больш высокім узроўнем здольнасцяў у асобных відах мастацтваў. Загад аб залічэнні вучняў у гімназіі павінен быць аформлены не пазней за 12 чэрвеня.

Праводзіць выпускныя вечары Міністэрства адукацыі рэкамендуе 9 і 10 чэрвеня, каб у выпускнікоў застаўся час адпачыць і падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання, якое стартуе ў гэтым годзе 12 чэрвеня. А месцам іх правядзення могуць быць або навучальныя ўстановы, або ўстановы дадатковай адукацыі ці культуры, і ні ў якім разе не кавярні ці рэстараны. Зразумела, што спіртныя напоі знаходзяцца на развітальных імпрэзах пад строгай забаронай, а вось сустракаць світанак ніхто выпускнікам не забараняе, але пад наглядам дарослых. Увогуле, бяспецы выпускнікоў традыцыйна ўдзяляецца шмат увагі... У сталіцы пад правядзенне выпускных вечароў «забраніравана» 10 чэрвеня. Развітанне са школай распачнецца ў 20 гадзін. Што да часу заканчэння, то яго бацькоўскія камітэты могуць вызначаць самастойна разам з кіраўніцтвам школ і адміністрацыямі раёнаў.

Апошнім пунктам у экзаменацыйным марафоне стануць уступныя экзамены ў 10-я класы ліцэяў, якія пройдуць з 15 па 20 чэрвеня. Адзінае выключэнне — Ліцэй БДУ, дзе ўступныя экзамены традыцыйна праходзяць у маі. Усяго па краіне дзейнічаюць 27 ліцэяў для матываваных і адораных школьнікаў. Загады аб залічэнні ў склад ліцэістаў павінны ўбачыць свет не пазней за 25 чэрвеня. Паралельна з экзаменамі ў ліцэі будзе праходзіць прыём у кадэцкія вучылішчы і ліцэі сілавых ведамстваў.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».