Мы з мужам вельмі хочам дзіця, аднак я ніяк не магу зацяжарыць. Мая сяброўка выхоўвае дачку адна. Муж ніяк матэрыяльна ёй не дапамагае, а на ўтрыманне дзіцяці вельмі патрэбныя грошы. Сяброўка гатовая вынасіць і нарадзіць нам малое. Скажыце, ці можа яна стаць сурагатнай маці? Святлана, г. Мазыр.
На пытанне адказвае Кацярына РЫНЕЙСКАЯ, галоўны спецыяліст упраўлення прававога рэгулявання сацыяльнай дзейнасці дзяржавы галоўнага ўпраўлення норматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі:
— Перш за ўсё адзначу, што паслугай сурагатнай маці можа скарыстацца толькі жанчына, для якой выношванне і нараджэнне дзіцяці па медыцынскіх паказчыках фізіялагічна немагчыма або звязана з рызыкай для яе жыцця ці (або) жыцця немаўляці. А патэнцыйная сурагатная маці павінна адпавядаць шэрагу крытэрыяў, якія дазволяць ёй нарадзіць дзіця для іншай пары.
Прававыя і арганізацыйныя асновы прымянення сурагатнага мацярынства вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь ад 7 студзеня 2012 г. «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях» (далей — Закон).
Згодна з названым законам, сурагатнай маці можа быць жанчына ад 20 да 35 гадоў, якая знаходзіцца ў шлюбе, мае дзіця і не валодае медыцынскімі супрацьпаказаннямі да сурагатнага мацярынства і на момант заключэння дагавора на сурагатнае мацярынства:
— не прызнавалася судом недзеяздольнай або абмежавана дзеяздольнай;
— не пазбаўлялася судом бацькоўскіх правоў і не абмяжоўвалася ў іх;
— не адхілялася ад абавязкаў апекуна, папячыцеля за неналежнае выкананне ўскладзеных на яе абавязкаў;
— не з'яўляецца былым усынавіцелем (удачарыцелем), калі ўсынаўленне (удачарэнне) адменена судом па яе віне;
— не асуджвалася за здзяйсненне цяжкага, асабліва цяжкага злачынства супраць чалавека;
— не падазраецца і не абвінавачваецца па крымінальнай справе.
Сурагатнае мацярынства прымяняецца на падставе дагавора сурагатнага мацярынства (далей — Дагавор), істотныя ўмовы якога акрэслены ў артыкуле 21 Закона.
Дагавор заключаецца ў пісьмовай форме і патрабуе натарыяльнага засведчання. Асобы, якія знаходзяцца ў шлюбе, заключаюць Дагавор з пісьмовай згоды сваіх сужэнцаў.
Пацыенты, у дачыненні да якіх мяркуецца прымяненне дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій, павінны прайсці медыцынскі агляд. Гэта патрабаванне пастанаўлення Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 1 чэрвеня 2012 г. №54 «Аб некаторых пытаннях прымянення дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій». Гэты ж дакумент зацвярджае пералік медыцынскіх паказанняў і супрацьпаказанняў да сурагатнага мацярынства.
Медыцынскія агляды пацыентаў праводзяць арганізацыі аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу. Па выніках праведзенага абследавання ўрач-тэрапеўт выносіць пацыентцы адно з наступных заключэнняў:
— прымяненне дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій і выношванне цяжарнасці не супрацьпаказана;
— прымяненне дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій і выношванне цяжарнасці супрацьпаказана.
Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста мы будзем шукаць на іх адказы.
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».