Вы тут

Пакланіцца героям — святы абавязак


Так лічыць кадэт з Гомеля, які за год даведаўся пра лёс сваіх продкаў, што не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай.

З Іванам Бронавым мы пазнаёміліся падчас круглага стала ў Храме-помніку ў гонар Усіх Святых, падчас якога абмяркоўвалася стварэнне рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Абаронцы памяці і праўды аб Вялікай Айчыннай вайне».


Кадэт першага курса Гомельскага гарадскога кадэцкага вучылішча прыехаў у Мінск, каб расказаць, навошта неабходна такая арганізацыя, і падзяліцца ўласным вопытам пошукавай дзейнасці. У трынаццаць гадоў ён даведаўся пра лёс дзевяці сваіх прадзедаў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Толькі двое з іх вярнуліся дамоў. Пяцёра загінулі на полі бою. Двое і дагэтуль лічацца зніклымі без вестак.

— Да майго паступлення ў вучылішча ў нашай сям'і рэдка ўспаміналі сваіх продкаў, — расказвае Ваня. — З першых дзён вучобы я стаў наведваць пошукавы клуб «Пунсовыя пагоны», якім кіруе наш настаўнік гісторыі, удзельнік гомельскага грамадскага аб'яднання «Абаронцы памяці і праўды аб Вялікай Айчыннай вайне» Павел Дзенісенка. Я з асаблівай цікавасцю заняўся пошукавай работай — спачатку вырашыў даведацца пра ваенныя лёсы самых блізкіх мне людзей. І першы блін не аказаўся камяком: высветліў, што дзядуля майго бацькі, Іван Фёдаравіч Бронаў, загінуў у 1944 годзе пры вызваленні Польшчы.

За год Ваня даведаўся пра лёсы яшчэ васьмі сваіх продкаў. Прычым хлопчык не проста атрымаў неабходную інфармацыю ў абагульненым электронным банку даных «Мемарыял», а вывучыў баявыя журналы тых злучэнняў, дзе яны ваявалі, даследаваў абставіны іх гібелі, высветліў, якімі ордэнамі і медалямі, а самае важнае — за што былі ўзнагароджаны яго продкі. Сёння сабраныя хлопчыкам дакументы — галоўная каштоўнасць сямейнага архіва.

Кадэт падзяліўся цяжкасцямі, з якімі сутыкнуўся падчас пошукаў. «Адзін з маіх сваякоў загінуў у Польшчы, — гаворыць Ваня. — Усе байцы з першапачатковага месца былі перапахаваны ў Варшаве. Іх імёны ўвекавечылі, а вось пра майго прадзеда чамусьці забыліся...»

Па дапамогу хлопчык звярнуўся ў Польскі Чырвоны Крыж, дзе яму парэкамендавалі звязацца з аналагічнай арганізацыяй Беларусі — там паабяцалі вырашыць пытанне на працягу трох гадоў. Але ў Вані ёсць пажылыя сваякі, якія могуць так і не даведацца, ці будзе ўвекавечана імя героя іх сям'і.

Каб аблегчыць пошукі іншым, кадэт прапануе стваральнікам электронных архіваў падаваць першапачатковыя назвы населеных пунктаў, якія пасля былі перайменаваны. Акрамя таго, удзельнікам будучай арганізацыі ён раіць дапоўніць пашпарты пахаванняў, якія змешчаны на сайтах мясцовых выканаўчых камітэтаў, фотададаткам — каб чалавек мог пабачыць, у якім месцы спачывае яго продак.

Пер­шым Ва­ня знай­шоў свай­го пра­дзе­да Іва­на Фё­да­ра­ві­ча БРО­НА­ВА, які за­гі­нуў у 1944 го­дзе пры вы­зва­лен­ні Поль­шчы.

Гэта ў Ваневым выпадку пашанцавала. Калі знайшоў, дзе пахаваны яго прапрадзед Іван Панкратавіч Траццяк, звярнуўся да настаўніка школы вёскі Папаратнае, што ў Жлобінскім раёне (менавіта там спачывае яго продак), папрасіў зрабіць фотаздымак пахавання і даслаць яму.

— Дзякуючы Андрэю Нічыпору, мае сваякі, якім ужо дарога не па сілах, убачылі гэтае месца, — кажа Іван. — А сам я абавязкова наведаю пахаванні сваіх гераічных продкаў. Пакланіцца героям — мой святы абавязак.

Выхаванне моладзі ў духу патрыятызму і любові да Айчыны на прыкладзе герояў Другой сусветнай — адна з галоўных задач, якую ставяць перад сабой стваральнікі рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Абаронцы памяці і праўды аб Вялікай Айчыннай вайне». Акрамя таго, аб'яднанне будзе займацца прапагандай ведаў аб Вялікай Айчыннай вайне сярод насельніцтва, увекавечваннем памяці яе герояў, маніторынгам стану помнікаў і пахаванняў, пошукам і данясеннем да грамадскасці гістарычнай праўды, яе абаронай.

На думку паэта Ізяслава Катлярова, неабходнасць падобнай арганізацыі навідавоку. «Можна шмат казаць пра фашызм, але калі спрабуюць з фашыстаў зрабіць герояў ці ўнушыць нам, што савецкія воіны і нямецка-фашысцкія захопнікі — адны і тыя ж людзі, то нашы дзяды і прадзеды нават у магілах адчуваюць сябе зганьбаванымі, — лічыць пісьменнік. — Таму, несумненна, арганізацыя можа стаць аб'яднаўчай сілай для тых, хто імкнецца захаваць праўду».

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.