Вы тут

Прадстаўленне беларускага мастацтва ў Кітаі мае быць пастаянным


Сёння ў Пекіне распачынаюцца Дні культуры Беларусі, якія працягнуцца да 30 мая — дня адкрыцця Цэнтра культуры Беларусі ў кітайскай сталіцы, які будзе часта і якасна прадстаўляць Паднябеснай наша мастацтва.


Зноў Кітайская Народная Рэспубліка замацоўваецца на месцы аднаго з найгалоўнейшых стратэгічных беларускіх партнёраў, бо дыпламатычныя стасункі прынята падкрэсліваць культурнымі праектамі, а цэнтры беларускай культуры дагэтуль існуюць толькі ў чатырох краінах (Расіі, Польшчы, Ізраілі і Пакістане), у той час як Дні культуры Беларусі рэгулярна арганізуюцца ў розных месцах. Нягледзячы на афіцыйны характар, гэтым разам праграма падабралася добрая і неаспрэчным дасягненнем арганізатараў можна лічыць выстаўку беларускай графікі «Нелінейная рэальнасць», якая будзе дэманстравацца на розных пляцоўках Пекіна.

Дні беларускай культуры «вязуць» у Кітай «Лебядзінае возера» Вялікага тэатра оперы і балета, плануюць майстар-класы сучаснага беларускага мастака і старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгора Сітніцы, шэраг афіцыйных мерапрыемстваў і, нарэшце, выкшталцоную выстаўку сучаснай беларускай графікі з фонду Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Экспазіцыя ўключае ў сябе 63 работы 39 мастакоў — ужо класічных майстроў Арлена Кашкурэвіча ці Васіля Шаранговіча, сярэдняга пакалення, якое прадстаўляюць Юрый Хілько, Юрый Якавенка, зноў жа Рыгор Сітніца, і моладзі — выпускнікоў альбо студэнтаў кафедры графікі Акадэміі мастацтваў.

«Мэта выстаўкі — пазнаёміць кітайскіх гледачоў з рознымі пакаленнямі беларускіх графікаў і паказаць адрозныя погляды на мастацтва ўвогуле, — кажа дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Наталля Шаранговіч. — Экспазіцыя выяўляе разнастайнасць тэхнік, а ў графічным мастацтве Беларусі захаваліся амаль усе тэхнікі, якія гэты напрамак толькі можа прапанаваць, — лінагравюра, літаграфія, афорт, сухая ігла, меца-цінта, што выкарыстоўваліся майстрамі яшчэ ў XVІІІ—XІX стагоддзях, любімыя сучаснымі графікамі аўтарскія тэхнікі, увод акварэлі альбо ўвогуле графіка, якая робіцца рукамі. Разнастайнасць тэхнік паказвае, наколькі вялікія магчымасці ў беларускіх мастакоў. Беларуская школа графікі, якая налічвае не адно дзесяцігоддзе, толькі набірае сваю моц, але яна даўно і ярка пра сябе заявіла, у тым ліку ў кніжнай графіцы, у станковай графіцы, і яна будзе здольна засведчыць у Кітаі ўзровень беларускага мастацтва».

Выстаўка будзе дэманстравацца ў розных месцах Пекіна да канца ліпеня. У цэлым жа падчас дзён культуры Беларусі мяркуецца не толькі паказваць, але і дасягаць пэўных дамоўленасцяў у кірунку культурнага супрацоўніцтва. У прыватнасці, плануецца падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве ў сферы кінематаграфіі паміж нашым Міністэрствам культуры і кітайскім Галоўным дзяржаўным упраўленнем па справах прэсы, выдавецтваў, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання. Праўда, пакуль невядома, чым гэта павінна абярнуцца на практыцы. Што датычыцца Цэнтра культуры Беларусі ў Пекіне (Цэнтр культуры Кітая ў Беларусі існуе са снежня 2016 года), то, гледзячы на працу аналагічнай установы, напрыклад у Маскве, дзе адбылося нямала прывабных культурных падзей, можна меркаваць, што Кітай будзе забяспечаны рознага кшталту «плюшкамі» ў выглядзе рознабаковага мастацтва і разнастайных праектаў з нашай краіны. Толькі калі аўдыторыя маскоўскага цэнтра пашыраецца за кошт этнічных беларусаў, што жывуць у Расіі і адгукаюцца на гасцінцы з радзімы, беларуская культура ў Пекіне застанецца «дзіковінкай». Ці здольны будзе цэнтр прыцягнуць і ўтрымаць кітайскага наведвальніка, пакажа будучыня.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Балет, графіка і майстар-класы

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.