Вы тут

Чым здзівіў фестываль фларыстыкі ў Гродне?


Прыгожае відовішча арганізаваў дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. Прафесійныя дэкаратары прадставілі кампазіцыі, якія становяцца новай моднай тэндэнцыяй у афармленні інтэр'еру і выбары падарунка.


Пры аглядзе вытанчаных букетаў і інсталяцый, у першую чаргу падумалася: а ці па кішэні гэта сярэднестатыстычнаму беларусу? Дэкаратары Вера і Андрэй Баркевічы растлумачылі: букеты гэтыя асаблівыя. Яны могуць прастаяць і пяць гадоў, пры тым што кветкі натуральныя. Дасягаецца такі вынік спецыяльным стабілізатарам, які запаўняе сцябло кветкі. Праўда, у нас такія тэхналогіі невядомы, а вось у некаторых краінах, напрыклад Францыі, Японіі, Калумбіі, гэтым сакрэтам валодаюць.

— Букеты папулярны ў нявестаў на вяселлі, — расказала Вера, — праўда яны і даражэйшыя ў некалькі разоў, чым проста жывыя кветкі.

На думку Андрэя, мужа Веры, букет чырвоных руж здольны прымірыць сямейную пару, згладзіць спрэчку. Прытым кветкі не трэба трымаць у ванне з вадой, бо яны і так не завянуць і не асыплюцца праз некалькі дзён. А можа, варта прынесці ў падарунак цёмна-сінія ружы? Гэта, як кажуць, на густ... Дарэчы, у прыродзе такога колеру няма, але ёсць спецыяльныя фарбы. Такі букет можа каштаваць ад 100 рублёў і вышэй.

У экспазіцыі звяртаў на сябе ўвагу дзявочы вянок. Ён выдзяляўся і густам, і стылем. Але попыту на такія вырабы няма, зазначыла Вера. Больш хадавымі лічацца невялічкія кампазіцыі. Іх набываюць гасцініцы, кафэ, рэстараны.

У дворыку музея размясцілася мохавая кампазіцыя на сцяне і камянях. Дызайнер са звыклага прыроднага матэрыялу робіць твор мастацтва ў стылі мадэрн. Новы кірунак не зусім звыклы і далёка не танны.

Уразіць наведвальнікаў незвычайнымі кампазіцыямі — такую мэту ставілі перад сабой арганізатары фестывалю фларыстыкі. Таму з'явіліся на музейным дворыку чырвоныя макі на драўляным палатне, высокія сухія дрэвы, стыльна пафарбаваныя і ўпрыгожаныя кветкамі, нават ліхтары былі перавітыя гірляндамі з раслін.

— Я даведаўся, што фестываль кветак існуе ў Лондане. Пачалі шукаць, хто б мог прадставіць свае кампазіцыі ў нашым горадзе, далі згоду на ўдзел каля дзесяці дэкаратараў, — расказаў супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі Беніямін Ерузалім. — Мы імкнуліся адлюстраваць новыя напрамкі ў афармленні. Цяжэй за ўсё было знайсці кампанію, якая займаецца мохам. Дарэчы, валуны з выявамі засталіся ў нас ад пленэра, а з мохам ад іх вее даўніной...

Частка дэкарацый на выстаўцы-фестывалі застанецца ў музеі, і іх змогуць назіраць ва ўтульным музейным дворыку ўсе наведвальнікі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА

Загаловак у газеце: Букет у стылі мадэрн

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.