Вы тут

Ці здолее Грэцыя выкараскацца са шматгадовага крызісу?


На пасяджэнні ўплывовага Савета міністраў фінансаў краін еўразоны ў Бруселі было абмеркавана пытанне выдзялення Афінам чарговага траншу, гэтым разам у памеры 7 млрд еўра. Доўгачаканага рашэння Еўрагрупа так і не прыняла. Хоць перад гэтым грэчаскія заканадаўцы адобрылі новы пакет мер жорсткай эканоміі і далейшага скарачэння дзяржвыдаткаў, разлічаны на 2019—2020 гады. Намаганні Афін па прыняцці патрэбных мер і правядзенні рэформаў былі ацэнены станоўча, тым не менш ад краіны чакаюць дадатковых намаганняў. Ці здолее Грэцыя ўрэшце выкараскацца са шматгадовага крызісу?


Загналі ў кут

Грэчаскі прэм'ер Алексіс Цыпрас, які прыйшоў да ўлады на хвалі абяцанняў не прагінацца перад крэдыторамі, перад галасаваннем заявіў, што гэта апошнія меры жорсткай эканоміі і пасля іх пачнецца доўгачаканае аднаўленне эканомікі Элады. Аднак кіраўніку ўрада, рэйтынг папулярнасці якога цяпер рэзка ўпаў, ужо мала хто верыць. Гэта наглядна прадэманстраваў усеагульны страйк. Так, на вуліцы Афін выйшлі больш за дзесяць тысяч грэкаў. Акцыя пратэсту пачалася мірна, але скончылася сутыкненнямі дэманстрантаў, у пераважнай большасці анархістаў, з паліцыяй, якая ўжыла слёзатачывы газ і вадамёты.

Афіны пагадзіліся ўжо каторы раз падняць падаткі, а таксама паменшыць пенсіі і зарплаты дзяржслужачых. Апошніх таксама чакаюць чарговыя звальненні. Увогуле, звыклы набор мер «а ля МВФ». Напэўна, не варта празмерна энергічна, як гэта робіць апазіцыя, вінаваціць Алексіса Цыпраса ў здрадзе інтарэсам грэчаскіх выбаршчыкаў і невыкананні перадвыбарчых абяцанняў. Грэчаскі ўрад зноў жа далёка не першы раз апынуўся загнаным у кут. Афінам плаціць у ліпені па рахунках, але плаціць, як звычайна, няма чым. Так што адзінае выратаванне ад дэфолту — транш Бруселя. «Цяпер іх (лідараў ЕС. — Заўв. Аўт.) чарга выконваць абяцанні, як гэта зрабілі мы, — сказаў пасля галасавання ў парламенце прэм'ер Цыпрас. — Мы разлічваем, што Еўрагрупа прыме станоўчае рашэнне па грэчаскім доўгу, якое будзе адпавядаць ахвярам грэчаскага народа».

Зрэшты, для таго каб стрымаць абяцанне аб пачатку аднаўлення эканомікі, мала адных траншаў. Грэчаскаму ўраду неабходная рэструктурызацыя вялізнага доўгу, які зараз, нягледзячы на сур'ёзнае спісанне ў 2012 годзе, ушчыльную наблізіўся да 180 працэнтаў ад ВУП. Толькі пасля гэтага грэкі змогуць разлічваць на ўключэнне ў праграму колькаснага змякчэння, што праводзіцца Еўрапейскім цэнтрабанкам, і на вяртанне на фінансавыя пляцоўкі, што дапаможа ім выходзіць з крызісу. Нагадаем, што Афіны ўжо атрымалі ў выглядзе крэдытаў парадку 260 млрд еўра. Апошняя праграма дапамогі разлічана на 86 млрд.

Вялізны доўг Грэцыі стаў прычынай нерашучасці МВФ, які не хоча ўдзельнічаць у апошняй праграме. У Вашынгтоне хочуць быць упэўненымі, што грэкі здолеюць выконваць абавязацельствы па абслугоўванні і выплаце доўгу. Не дзіўна і тое, што ўрад Грэцыі знізіў прагноз па развіцці эканомікі на 2017 год з 2,7 да 1,8%.

«Бюджэтны» цуд

З іншага боку, самая праблемная эканоміка ЕС упершыню за 20 гадоў паказала прыкметы выхаду з дэпрэсіі — бюджэт Грэцыі стаў прафіцытным. На гэтым фоне МВФ і Брусель узмацнілі ціск, як бы дэманструючы, што «расправіць плечы» Афінам усё роўна не дадуць. Паводле даных грэчаскай статыстычнай службы Еlstаt, па выніках 2016 года бюджэт агульнага дзяржаўнага сектара рэспублікі ўпершыню з 1995-га быў закрыты з прафіцытам. Першасны прафіцыт склаў больш чым 6,9 мільярда еўра (3,9% ВУП краіны), а агульны — 1,3 млрд. Для параўнання: яшчэ за год да гэтага дэфіцыт грэчаскага бюджэту быў роўны 10,4 мільярда еўра (5,9% ВУП), а ў 2013 годзе аж 23,7 млрд.

Станоўчых зрухаў удалося дасягнуць дзякуючы павелічэнню даходаў пры скарачэнні выдаткаў. Зрэшты, даходы выраслі не занадта моцна — на 2,65 млрд еўра на год (галоўным чынам за кошт росту падатковых паступленняў і страхавых фондаў), затое выдаткі ўдалося абрэзаць адразу на 9 млрд еўра — да 86,1 млрд. Уласна, у гэтым і заключалася адна з галоўных умоў з боку міжнародных фінансавых інстытутаў і Еўрасаюза, выстаўленых грэкам.

Але пакуль праблема яшчэ вельмі далёкая ад вырашэння. У 2015 годзе дзярждоўг Грэцыі складаў 311,6 мільярда еўра (177,4% ВУП), а летась дасягнуў адзнакі ў 314,8 мільярда еўра (179% ВУП). Сітуацыя пагаршаецца тым, што працэс другой ацэнкі стану спраў з грэчаскімі даўгамі з боку крэдытораў не можа завяршыцца вось ужо некалькі месяцаў, а без гэтага краіна чарговы (і вельмі неабходны для яе) транш фінансавай дапамогі не атрымае.

Пры гэтым з боку крэдытораў рэгулярна гучаць папераджальныя заявы. Напрыклад, дырэктар МВФ Крысцін Лагард паведаміла, што фонд можа адмовіцца ад падтрымкі Грэцыі, калі яе доўг не будзе адпавядаць «разумным параметрам». Праўда, яна нагадала, што краіна атрымлівае дапамогу па каналах Еўрапейскага стабілізацыйнага механізма, а таксама прызнала неабходнасць «некаторай рэструктурызацыі» існуючай пазыкі. Са свайго боку, Цыпрас ізноў абвінаваціў крэдытораў у ціску на Грэцыю і зацягванні імі ацэнкі сітуацыі з абавязкамі, заявіўшы, што тыя патрабавалі «ў 42 разы больш мер», чым ужо прадпрынята, напрыклад чарговых звальненняў дзяржслужачых.

На думку вядомага расійскага эканаміста Васіля Калташова, дасягненне Афінамі бюджэтнага прафіцыту павінна задаволіць МВФ і іншых крэдытораў краіны, таму што іх задачай з'яўляецца не ліквідацыя доўгу, а яго стабільнае абслугоўванне пры абмежаваным дэфіцыце бюджэту або яго адсутнасці. Але грэчаская эканоміка пры гэтым ніякага аздараўлення не адчувае і наўрад ці ў хуткім часе адчуе: узровень жыцця ў краіне знізіўся адчувальна. «Апошні раз нейкія пазітыўныя навіны для Грэцыі былі ў 2014 годзе, калі было абвешчана, што еўрапейская эканоміка пераадолела крызіс, але з таго часу ніякіх змен да лепшага не адбылося, — кажа Калташоў. — Усе вынікі ў галіне бюджэтнай эканоміі былі дасягнуты зусім зверскімі сродкамі — напрыклад, ліквідацыяй вялікай колькасці вакансій. «Бюджэтны» цуд у эканоміцы Грэцыі нічога не мяняе, а дасягненне прафіцыту не пацягне за сабой ніякіх бонусаў. Калі Грэцыя сама спраўляецца з гэтай задачай, навошта ёй яшчэ дапамагаць? Такая логіка крэдытораў».

Гальштукі ў шафе

Не прывёў да належных вынікаў і разлік на прыватызацыю розных актываў, які, па задуме грэчаскіх крэдытораў, павінен быў прыцягнуць інвестыцыі ў краіну. Патрэбнай колькасці ахвотных інвеставаць у дэпрэсіўную эканоміку не знайшлося, а калі нейкія буйныя аб'екты і ўдалося прадаць замежнікам, то адбывалася гэта з вялікім скрыпам. Адметны прыклад — перадача ў канцэсію да 2051 года другога па значнасці ў Грэцыі порта Салонікі міжнароднаму кансорцыуму, які складаецца з кампаній Dеutsсhе Іnvеst Еquіtу Раrtnеrs GmbH, Bеltеrrа Іnvеstmеnts LTD і Tеrmіnаl Lіnk SАS. Гэтая група выйграла міжнародны тэндар па набыцці 67% акцый порта, прапанаваўшы за іх 231,9 млн еўра і абавязаўшыся інвеставаць у яго яшчэ 180 млн еўра ў наступныя сем гадоў. Аднак пошук інвестараў для порта Салонікі працягваўся без малога тры гады, прычым у працэсе ў якасці прэтэндэнтаў на куплю разглядаліся такія буйныя структуры, як Расійская чыгунка і дацкі кантэйнерны аператар Mаеrsk, але ў выніку яны прайгралі конкурс. У працэсе гэтай прыватызацыі пад ціскам заходніх крэдытораў у Грэцыі адбылося павышэнне традыцыйна нізкіх (бо субсідзіруюцца дзяржавай) тарыфаў на выкарыстанне водных шляхоў, у выніку чаго насельніцтва стала менш карыстацца марскім транспартам, а сувязі паміж кантынентальнай Грэцыяй і яе астравамі аслабелі.

Трагізм сітуацыі, падкрэслівае Калташоў, заключаецца ў тым, што краіна не можа ні пагасіць свой доўг, ні аспрэчыць яго, бо ў гэтым выпадку страціць адну з галоўных крыніц свайго даходу — турыстаў з Еўрасаюза, перш за ўсё з Германіі. «Толькі ў выпадку перамогі Марын Ле Пен і фарміравання франка-брытанскага блока нешта магло б змяніцца. Так што Грэцыя працягне цярпець усе знявагі, якія толькі захочуць МВФ і Еўрасаюз», — канстатуе расійскі эканаміст.

Пры гэтым афіцыйныя колы Грэцыі — прынамсі, значная іх частка — шмат у чым схільныя да рэалізацыі падобнага сцэнарыя. Адразу ж пасля перамогі Эмануэля Макрона ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў у Францыі прэзідэнт Грэцыі Пракопіс Павлопулас на адкрыцці Форуму старажытных цывілізацый у Афінах заявіў літаральна наступнае: «Еўрапейская культура паказвае, што яна хоча аднавіцца. Мы, еўрапейскія народы, поўныя рашучасці не пакінуць ва ўладзе тых, хто выступае за разбурэнне Еўропы, за разбурэнне еўрапейскай цывілізацыі. Еўрапейскія народы не хочуць пакінуць у сябе рэшткі нацызму і фашызму, каб тыя спынілі ход еўрапейскай цывілізацыі, і вынікі галасавання ў Францыі паказалі гэта».

Так, Грэцыя — парламенцкая рэспубліка, і ў Цыпраса, што адносіцца да еўраскептыкаў, значна больш паўнамоцтваў. Аднак ад яго былой ваяўнічасці і рашучасці не засталося і следу — прэм'ер працягвае весці краіну ў агульнаеўрапейскім рэчышчы, нягледзячы на ўсе страты. І падобна, што іншага выбару ў яго проста няма.

Старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер раней назваў вечным фінансава-эканамічны крызіс у Грэцыі, але выказаў пры гэтым надзею на яго ўрэгуляванне. «Грэчаская эканоміка апынулася на вырашальным скрыжаванні, — цытуе Blооmdеrg кіраўніка афінскага Фонду эканамічных даследаванняў Нікаса Ветаса. — Цяпер яе стан прыкладна такі ж, як тры гады таму. І хоць многія негатыўныя сілы цяпер аслабелі, гарантый, што яна ўвойдзе ў фазу стабільнага росту па-ранейшаму няма».

Спадзяванні прэм'ер-міністра Грэцыі на інвестыцыйнае цунамі для Элады пакуль застаюцца няспраўджанымі. Гэтаксама як і абяцанне адзець нарэшце гальштук. Як вядома, Цыпрас прынцыпова не носіць гальштук, але пасля прыходу да ўлады ў студзені 2015-га ён паабяцаў, што надзене гальштук, як толькі даб'ецца палягчэння цяжару дзярждоўгу, у сувязі з чым многія еўрапейскія калегі на сустрэчах дарылі Цыпрасу гальштукі. Пакуль яны, напэўна, вісяць дзесьці ў шафе.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Праклён Элады

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Піць — хваробу лячыць...

Эканоміка

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Рынак нерухомасці заўсёды нестабільны перад значнымі мерапрыемствамі, якія прыцягваюць турыстаў.

Спорт

Якаў Зянько: На лёдзе даю  волю эмоцыям

Якаў Зянько: На лёдзе даю волю эмоцыям

Ён — адзін з нямногіх прадстаўнікоў беларускага фігурнага катання на міжнароднай арэне.