Вы тут

Чым здзівіць сталічны цырк гэтым летам?


У "Белдзяржцырку" пачалася дэманстрацыя новай праграмы пад назвай "Небыліца", пераважная частка нумароў якой выконваецца артыстамі з Расіі. Стваральнікі абяцаюць парадаваць гледачоў разнастайнымі жанрамі, відовішчнымі трукамі, незвычайнай дрэсурай і добрым гумарам. Карэспандэнты "Звязды" пабывалі на генеральнай рэпетыцыі праграмы, каб даведацца, чым сёлета будуць здзіўляць дарослых і маленькіх гледачоў.


Па задуме аўтараў галоўны герой пастаноўкі — вечна заняты работай ва ўласнай фірме мужчына — набывае дом у мястэчку пад назвай Небыліца. Але на новым месцы сустракае незвычайнага гаспадара — гасціннага дамавіка ў выкананні заслужанага артыста Расіі Андрэя Авярушкіна. Той знаёміць яго са шматлікімі незвычайнымі мясцовымі жыхарамі, якія не толькі становяцца для героя сябрамі, але і змяняюць яго адносіны да ўласнага жыцця.

У новай праграме спалучаюцца ўсе асноўныя цыркавыя жанры: акрабатыка, эквілібрыстыка, гімнастыка, клаунада, ілюзіянізм і дрэсіроўка. Апошняй асабліва шмат, прычым гадаванцы ў артыстаў пераважна незвычайныя. Калі прысутнасцю сабак на манежы наўрад ці кагосьці можна здзівіць, то дрэсіраваныя козы і тхары — сапраўды ўнікальнае відовішча. Галоўным нумарам праграмы самі стваральнікі лічаць выступленне дрэсіраваных буйвалаў і мядзведзяў "Самхо", прычым касалапыя тут выступаюць у ролі… наезнікаў. Менавіта фота гэтага выступлення трапіла на афішу праграмы.

— Небывальшчына — гэта род літаратуры, як правіла, казкі, — расказаў мастацкі кіраўнік "Белдзяржцырка" Вітаўтас ГРЫГАЛЮНАС. — Ідэя праграмы прыйшла ў сувязі з тым, што нам трэба будзе працаваць на свяце "Александрыя збірае сяброў", якое праводзіцца падчас Купалля. Таму нумары падбіраліся ў адпаведнасці з гэтым. Менавіта тады мы зразумелі, што можа атрымацца асобная праграма. Зыходзілі з канкрэтных рэпрыз, якія ёсць у кожнага артыста, і спрабавалі скласці з гэтага цэльнае прадстаўленне. Безумоўна, ёсць яшчэ пэўныя хібы, якія мы бачым, але ўсё абавязкова давядзём да ладу бліжэйшым часам.

Многія штатныя беларускія артысты цяпер знаходзяцца на гастролях ў Расіі, у прыватнасці ў Краснадары і Хабараўску, іншыя рыхтуюцца да свята ў Александрыі. Менавіта таму працаваць гэтым летам у Мінску будуць расіяне. Гэта накладвае пэўны адбітак на праграму — яна заснавана пераважна на рускім фальклоры. Фальклорна-акрабатычны ансамбль "Русічы", акрабаты на арэлях пад кіраўніцтвам Алішэра Аліева, камічныя акрабаты на першах пад кіраўніцтвам Ігара Пянькова — гэтыя і многія іншыя нумары мінская публіка зможа ўбачыць на працягу больш як месяца (праграма будзе дэманстравацца да канца чэрвеня). Пазнаёміцца з майстэрствам беларускіх цыркачоў таксама будзе магчыма — падчас праграмы выступіць, напрыклад, пара маладых паветраных гімнастаў ў складзе Максіма Вінаградава і Веранікі Рыбчонак.


Запрашальнік

Сустракаем найлепшых цыркачоў свету

З 21 па 24 верасня ў "Белдзяржцырку" пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта пройдзе Першы Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва. Мерапрыемства прымеркавана да 950-гадовага юбілею сталіцы і стане адной з самых знакавых яго падзей. У фестывальнай праграме прымуць удзел як сусветна вядомыя "зоркі" цырка, так і таленавітыя артысты-пачаткоўцы. Мінчане і госці сталіцы атрымаюць магчымасць пазнаёміцца з найлепшымі дасягненнямі цыркавога мастацтва з усяго свету.

— На сённяшні момант на ўдзел у конкурсе ўжо прыйшло 170 заявак, — адзначыў дырэктар “Белдзяржцырка” Уладзімір ШАБАН. — Нам трэба будзе адабраць з іх 25. Геаграфія надзвычай шырокая, пачынаючы ад Аўстраліі і заканчваючы Лацінскай Амерыкай. Мяркую, што на форуме будуць прадстаўлены ўсе кантыненты. Кожны фестываль ганарыцца сваім складам журы, у нас свой удзел ужо пацвердзілі прадстаўнікі Іспаніі, Францыі, Аўстраліі, Украіны, Венгрыі, Расіі, Германіі. Нашы кіраўнікі зробяць з нумароў унікальную праграму, таму, спадзяюся, глядач застанецца задаволеным. Акрамя таго, мы хочам заявіць пра сябе як пра структуру, здольную арганізаваць фестываль такога маштабу. Цяпер чакаем толькі зацвярджэння з боку Мінгарвыканкаму, арганізацыйны камітэт і палажэнне ўжо створаны. Будзем імкнуцца, каб мерапрыемства стала вянцом святкавання 950-годззя сталіцы.

Па выніках конкурснай праграмы будзе прысуджаны Гран-пры, па два залатыя, срэбраныя і бронзавыя медалі, прыз глядацкіх сімпатый і спецыяльны прыз мэра Мінска. А найлепшыя нумары фестывалю будуць прадстаўлены ўжо ў асенняй праграме "Белдзяржцырка".

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.