Вы тут

Па волі лёсу?


Выбар, які робім сёння, абавязкова, няхай і праз дзясяткі гадоў, нагадае аб сабе.


Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, падчас тэракту ў англійскім Манчэстэры ніхто з беларускіх грамадзян не пацярпеў. З палёгкай уздыхнулася: дзякуй Богу, а потым і падумалася: а што беларусам рабіць у тым далёкім Манчэстэры? Але ўчора вечарам крыніца неафіцыйная — сяброўка па скайпе з Германіі — паведаміла, што пацярпелы, прынамсі адзін, усё ж ёсць. Дваццацігадовы Мікіта, сын нашай агульнай знаёмай Таццяны. Зрэшты, грамадзянства ў яго, як і ў маці, даўно брытанскае, таму і не ведалі пра яго нашы дыпламаты. У хлопца цяжкія раненні, цяпер ён у коме і ўрачы не даюць гарантыі, што, калі ён выжыве, вернецца да нармальнага жыцця. Маці б'ецца ў роспачы, з якой яна засталася фактычна сам-насам: муж паўтара года назад памёр, бацькоў у Беларусі таксама няма ў жывых, ні братоў, ні сясцёр. Тут жыве яшчэ Мікітаў біялагічны бацька, але калі і шукаць спачування і падтрымкі, дык у яго апошняга. Менавіта так мы паразважалі ўчора, ведаючы, як Таццяна з Мікалаем разводзіліся і сына дзялілі.

Яны былі прыгожай парай — маладзенькая стройная жонка, натуральная бландзінка з сінімі вачыма і чорнымі доўгімі веямі, і высокі, хударлявы, не па гадах сур'ёзны муж. Таццяна ў любой кампаніі прываблівала зачараваныя погляды — не толькі прыгажуня, але яшчэ і дасціпная разумніца. Мікола быў яе маўклівым ценем, было відаць, што ён жонку проста абажае і... пабойваецца.

Бо ў жонкі былі планы на жыццё, якіх ён не падзяляў, — яна хацела жыць у палацы, ездзіць на дарагім аўто, насіць футра, адпачываць на моры. «Я — брыльянт, які патрабуе дарагой аправы», — ці то жартам, ці то ўсур'ёз часта паўтарала яна і ні ў чым сабе не адмаўляла, трацячы ўсе грошы на брэндавае адзенне і на дарагую касметыку. Муж стараўся як мог: працаваў на дзвюх работах, улез у крэдыты, але ж купіў прыстойную двухпакаёўку, даволі дарагую машыну. Таццяна, папрацаваўшы пасля заканчэння «меда» ў лабараторыі, заявіла, што гэта «сумна і нудна», і села мужу на шыю капітальна, адрэзаўшы, што на работу больш не пойдзе. Грошай на яе капрызы стала не хапаць, і яна пачала ўсім расказваць, што проста выйшла замуж не за таго чалавека.

Калі нарадзіўся Мікіта, мы падумалі, што страказа наша нарэшце супакоіцца. Тым больш што з таненькай лёгкай дзяўчынкі яна ператварылася ў кругленькую здаровую маладзіцу — паправілася Таццяна пасля родаў неймаверна, кілаграмаў на дваццаць пяць (і гэта, дарэчы, вельмі ёй пасавала). Але трэба было ведаць нашу прыяцельку! Ужо праз месяц яна адмовілася карміць дзіця, села літаральна на ваду, пайшла на нейкі адмысловы фітнес, за які аддала апошнія сямейныя зберажэнні, і тыя кілаграмы скінула праз паўгода. Дзіця займацца сабой ёй замінала, таму хлопчык быў кінуты на бабулю з дзядулем, а наведваў яго там бацька.

Таццяна ж часу дарэмна не траціла: выцыганіўшы ў мужа кругленькую суму (ён не мог ёй адмовіць), запісалася на курсы англійскай мовы. Курсы былі дарагія, але нейкія адмысловыя: мелі на ўвазе стажыраванне ў краіне носьбітаў мовы. Карацей, з'ездзіла наша Таццяна ў Лондан на тры месяцы і вярнулася адтуль, каб сабраць рэчы і аформіць развод: нейкім неймаверным чынам яна атрымала працоўную візу з умовай, што ў яе няма членаў сям'і, якіх яна можа перацягнуць за сабой.

Мікалай развод ёй нарэшце даў — сваёй каханай ён не мог ні ў чым адмовіць. Мікіту, праўда, адсудзіў сабе, дый Таццяна не настойвала, тым больш яе бацькі, маладыя пенсіянеры, былі гатовыя ўсяляк дапамагаць былому зяцю выхоўваць хлопчыка.

Пра Таццяну гады два мы амаль не чулі: у Мікалая пацікавіцца не асмельваліся, каб не вярэдзіць балючае, маці яе таксама гаварыла пра дачку не з вялікай ахвотай. Ведалі толькі, што працуе яна там у нейкім пабе афіцыянткай і што не вельмі ёй там соладка.

Але Таццяна ўсё-ткі сваю мару здзейсніла: выйшла замуж за ўладальніка аўтарамонтнай майстэрні ў Манчэстэры. Шасцідзесяцігадовы халасцяк заўважыў маладую прыгожую афіцыянтку ў кавярні, дзе яна працавала. Даведаўшыся, што яна «руская», вырашыў нарэшце выправіць сваё халасцяцкае становішча: славянскія жанчыны ў еўрапейцаў лічацца найлепшымі жонкамі. Атрымала наша сяброўка ўсё, што хацела: і дом, і аўто, і акіянскія круізы (немалады і непрыгожы муж, які ўсё гэта аплачваў, разглядаўся як не вельмі прыемны, але абавязковы дадатак). Адно было дрэнна: вельмі хацеў нашчадка, а Таццяна пасля той гісторыі з лішнімі кілаграмамі сама сабе сказала, што нараджаць больш ніколі не будзе. Калі ж муж дапёк з «дзіцячым пытаннем», нарэшце прызналася: ёсць, маўляў, у мяне ў Беларусі сын. І ўпарты англічанін загарэўся ідэяй «няшчаснага хлопчыка з беднай краіны» ўсынавіць. Калі ж Таццяна паспрабавала пярэчыць, паабяцаў развесціся.

І яна прыехала ў Мінск змагацца за Мікітку. Хлопчыку было ўжо пяць гадоў, маці ён бачыў толькі на фотках, «мамай» называў бабулю. Аб тым, што ёй хтосьці аддасць дзіця, і размовы быць не магло. Але ёй гэта ўдалося! Бацькоў угаварыла даволі хутка: маўляў, хлопец вырасце ў еўрапейскай краіне, атрымае добрую адукацыю, узровень жыцця там нашмат вышэйшы, дый не з чужым чалавекам — з маці будзе жыць. З мужам дамовіцца было нашмат цяжэй: з вачэй у таго ўжо ўпала заслона закаханага, нічога, акрамя злосці і крыўды, у яго не засталося. Да таго ж менавіта тады развалілася яго фірма, якую ствараў два гады.

І тады Таццяна сына ў мужа... купіла. Аддала ўсе яго пазыкі, закрыла крэдыты, купіла яму новую машыну, пакінула «статутны капітал» на новую фірму.

За гэта ён падпісаў не толькі дазвол на вываз сына за мяжу, але і на яго ўсынаўленне іншаземцам.

Міколу я больш у Мінску не сустракала. Казалі агульныя знаёмыя, што нібыта спіўся, прадаў кватэру і падаўся ў глухую вёску на Віцебшчыне, у дзедаву хату. З Таццянай гадоў шэсць назад перасекліся на ўзбярэжжы Ла-Манша: прыехала праз праліў у бельгійскі гарадок, дзе мы адпачывалі, спецыяльна, каб пабачыцца. Прыгожая, дагледжаная, як лялька, яна лянівым голасам расказвала, як хораша ёй жывецца, як яна задаволеная, што забрала сына, як ён добра ведае англійскую і паспяхова вучыцца... Пасля на сувязь з ёй я не выходзіла (шчыра: не было жадання — і ўсё тут). Але ад сяброўкі ведала, што муж у Таццяны памёр ад раку, Мікіта паступіў ва ўніверсітэт, аўтамайстэрню яна прадала і жыве на працэнты ад банкаўскіх укладаў. Гэткая гламурная англічанка з амаль арыстакратычным ладам жыцця — усё так, як калісьці задумала ў юнацтве...

Мы ўчора доўга пра гэта гаварылі. Разважалі, як літаральна за дваццаць гадоў Еўропа, якая атаясамлівалася з самым спакойным, багатым, сытым жыццём, ператварылася ў месца, дзе нават хадзіць па вуліцах трэба насцярожыўшыся. Шкадавалі вельмі Мікіту: хлопец стаў ахвярай лёсу, які за яго выбралі яго бацькі, выказвалі спадзяванні, што, дасць бог, ён усё-ткі выкараскаецца..

Ці спачувалі Таццяне? Вось на гэта пытанне станоўча я адказаць не магу.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?