Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Два сакрэты прараба

Нехта не дурны казаў, што жыццё — гэта серыя сустрэч...

І сапраўды: лёс зводзіць з пэўнымі людзьмі, лёс разводзіць.

З прарабам Колем мы, калі можна так сказаць, працавалі на адной будоўлі. Я, праўда, у службе заказчыка, ён — генпадрадчыка. Да таго ж — жылі непадалёк, так што зрэдку разам ездзілі ў транспарце. Дык вось, неяк у сярэдзіне і сапраўды ліхіх 90-х прыехалі мы на свой прыпынак, выйшлі з аўтобуса і толькі парукаліся, каб разысціся, як раптам скуль ні вазьміся двое здаравякоў у форме АМАПаўцаў. І спрытна так... закручваюць нам рукі, штурхаюць далей ад людзей, да нейкага будынка. А ўжо там каманды раздаюць: рукі ўгору, маўляў, далоні на сцяну, ступні на шырыню плячэй.

Я нічога не разумею, а Коля, як быццам... усё?

— Пра бетон пранюхалі... Адкуль? — шэптам пытае ў мяне.

Міліцыянеры між тым не пытаюць нічога, яны пачынаюць... нешта шукаць, абмацваць нас ад пятак да вушэй.

— Ды не маеце права! — абураюся я. — Мы будзем скардзіцца!

— Не варта, мужыкі, — міралюбіва кажа адзін з іх, пачуўшы ад другога кароткае «Не тыя». — Прабачце.

І яны абодва знікаюць, прычым гэтак жа нечакана, як з'явіліся.

Адпаведна ў нас з Міколам па камені з душы, бо са стану «палонных» мы (ура!) «выходзім на свабоду». Хоць і вельмі па-рознаму: я — душуся ад нейкага нервовага рогату, а вось Мікола асеў на траву і нават не варушыцца — тупа глядзіць у зямлю.

— Я гадзіну таму, — прызнаецца нарэшце, — самазвал бетону загнаў. Думаў, усё, капец — пранюхалі...

Пасля гэтага выпадку мы з Колем, можна сказаць, пасябравалі. Ну яшчэ б: я ведаў яго сакрэт. Хай толькі адзін, але важны! І нікому не данёс, не разбалбатаў.

Гэта, як высветлілася, прараб ацаніў. Ва ўсякім разе, калі праз тыдзень-другі мы зноўку разам выйшлі з аўтобуса, ён, пасвятлеўшы тварам, раптам сказаў:

— А пайшлі да мяне! Налью...

Чаму я згадзіўся, не ведаю: магчыма, дужа стаміўшыся быў, магчыма — згаладаўся, бо сям'я на лецішчы... Да таго ж Коля ўжо заліваўся салаўём: расказваў, якая ў яго клапатлівая жонка, якая разумная цешча, як яны абедзве кормяць яго. Штодня, маўляў, усё найсвяжэйшае... А ўжо ж якія боршчыкі, якія катлеткі...

Я — у прадчуванні — глытаў апошнія слінкі і прыспешваў крок. Аднак у пад'ездзе Коля спыніўся. Спытаў:

— Іван, а можна я цябе па-іншаму буду зваць?

— ?!

— Ну мне так трэба. Я потым скажу...

Часу на роздум у мяне не заставалася: Коля адчыняў дзверы, гукаў:

— Ніначка! Мамачка! Глядзіце, хто прыйшоў?! Гэта — Сяргей Сцяпанавіч з нашага глаўка. Я пра яго вам расказваў, помніце? А тут — каля дома сустрэў. Дык не на лаўцы ж нам з ім сядзець? Сяргей Сцяпанавіч згадзіўся зайсці — выпіць па «чарцы гарбаты».

Слухаць гэта вельмі было няёмка, але ж куды адступаць, калі «Ніначка з мамачкай» ужо кіравалі ў кухню (хоць, трэба сказаць, ніякімі катлетамі там і не пахла)...

Факт, што пакуль я ў ванным пакоі мыў рукі (а дакладней — проста хаваўся), на стале ўжо з'явілася з дзясятак розных талерак і парачка бутэлек. Мне прыйшлося ўсё каштаваць і, вядома ж, хваліць — і гаспадынь, і Міколу, як цудоўнага прараба-арганізатара, як чалавека, як (у будучыні... Чаму б і не?) начальніка аддзела, а то і галоўнага інжынера «нашага» глаўка з персанальным кабінетам, сакратаркай, з годным акладам і такімі ж прэміяльнымі!

Жанчыны слухалі. Коля — прагна еў і ўсё больш і больш чырванеў — ці то ад гонару, ці то ад гарэлкі...

А потым ён павёў мяне да прыпынку і прызнаўся, што збрыдзела ўсё, як горкая рэдзька:

— Уяўляеш, гэта баб'ё маё...

— Ніначка з мамачкай? — удакладніў я.

— Так, яны... Цэлымі днямі ні халеры не робяць, дома сядзяць. А я — ты ж будоўлю ведаеш — і намерзнуся, і замаруся, а дадому прыйду, — на стале хіба макарона ды, можа, сасіска... Затое сёння — ты ж бачыў — дзе што ўзялося, га?! А як забегалі, як закруціліся! Чалавек ты, Сяргей Сцяпанавіч! І артыст, далібог!

Коля задаволена рагатаў.     ...Не раз і не два я ўспамінаў потым ягоную вячэру і думаў: а чаму гэта ні тады, ні нават цяпер я не адчуваў і не адчуваю сораму?

Ды, відаць, таму, што грошы на будоўлі дарма не даюць, што нялёгкая праца ў прарабаў — вартая павагі. Таму і карміць іх трэба адпаведна.

Іван ГАРАЛЬЧУК,

г. Мінск


Чалавек галодны ні на што не годны

Некалі да касавіцы, да цяжкай працы рыхтаваліся загадзя: прыводзілі ў парадак косы, граблі, вілы, як маглі, стараліся прыхаваць нейкага мяса ці сала, бо якраз яны дадавалі чалавеку сіл.

Стараліся, але ж не заўсёды маглі.

У тое лета кубел у Пятра аказаўся зусім пустым.

— Можа, свінчо якое заколем, каб гэтыя работы адолець? — прапанаваў ён жонцы.

— Ты хіба здурнеў, — уперлася рогам тая. — Лета на дварэ. Хто ж гэта свіней коле?

Пятро з ёй спрачацца не стаў — ведаў, што марная гэта справа: анічога ён не дакажа, толькі нервы сабе парве...

А пакуль, што называецца, рваў жылы: на бульбе з малаком цэлымі днямі касіў, шчыраваў у калгасе, а потым, надвячоркамі, шастаў па ўзлесках ды няўдобіцах, каб нейкай травы накасіць сабе, дакладней — сваім каровам.

Факт, што дадому ўвечары ён ледзь не прыпаўзаў: ногі не трымалі, схуднеў, зблажэў, баяўся, што назаўтра не ўстане... Вось і прыдумаў, як знайсці паратунак.

На золку неяк выйшаў з хаты і пакіраваў у хлеўчык. Пачухаў там спіну большаму парсюку. Той на радасцях брык і ляжыць — яшчэ і пуза падставіў... А гаспадар тым часам... жменьку проса яму ў вуха — усыпаў і ў хату вярнуўся, да жонкі пад бок.

Потым чуў праз сон, што ўжо развіднела, чуў, што Ганна карову падаіла і ў поле прагнала, пакарміла качак і курэй. Нарэшце пайшла да свіней і тут жа вярнулася.

— Уставай! — стала будзіць Пятра. — Нешта з нашым падсвінкам не тое: есці не ўзяў. Пайшлі ўдваіх паглядзім!

Пятро ў пакоры затупаў следам.

— Галавой, бач, матляе, — ледзь не плачучы казала Ганна. — Мабыць, захварэў?

— Слухай, ці гэта не шаленства? — пачухаў патыліцу гаспадар. — Трэба, мусіць, калоць, а то хвароба яшчэ на свінку перакінецца.

— Ну дык што ты цягнеш? Рабі што-небудзь! — загадала Ганна.

— Пайду па сваяка. Удвух лацвей будзе, — прызнаў Пятро. — А ты вады ў печ настаў — хай грэецца...

Хутка на падворку ўжо ва ўсю кіпела работа: мужчыны смалілі, мылі, разбіралі падсвінка. А скончыўшы гэту работу, выпілі па чарцы, з асалодай «прыгаварылі» патэльню скварак з блінамі ды пайшлі касіць.

...Акрыяў тады Пятро ад нармальнай ежы: у перадавіках хадзіў у калгасе. Ды і дома ўсё парабіў, бо яно ж і сапраўды: чалавек галодны ні на што не годны.

Уладзімір ПУГАЧ,

а/г Навасёлкі, Петрыкаўскі раён


Супадзенне з... упадзеннем

Некалі гэта маленькая ціхая вёсачка была адметнай хіба сваімі брусніцамі ды рэчкай Брусяты, цераз якую быў перакінуты нешырокі драўляны мост. Служыў ён спраўна: людзі па ім хадзілі, машыны ездзілі... Але ж колькі іх было ў той час? Хіба «хуткая» да некага прымчыцца альбо газавікі з балонамі.

Першым, хто купіў легкавушку, быў сын бабы Ганны. Ён у Мінску жыў і, відаць, займаў неблагую пасаду, бо аднойчы выбраўся да маці на ўласным аўто. Гэта, вядома ж, зручна: што захацеў, з сабою ўзяў, калі захацеў, паехаў, прычым з камфортам...

Карацей, амаль дабраўся чалавек — засталося масток адолець ды за ім трохі вуліцы, як раптам...

Што там адбылося, цяжка сказаць: можа, у кіроўцы не хапіла навыкаў, можа, у роднай вёсцы ён хацеў фарсануць... А ў выніку, што называецца, не справіўся з кіраваннем, і аўтамабіль яго, паламаўшы парэнчы, «носам» уткнуўся ў ваду.

Гэта, вядома ж, была падзея! Да рэчкі сышліся ледзь не ўсе вяскоўцы: адны, каб паспачуваць чалавеку ды нешта параіць, другія — не без таго — каб пасмяяцца (бо не трэба, маўляў, выпендрывацца), трэція — каб паспадзявацца, што на месцы старога і сапраўды ўжо напаўразбуранага моста з'явіцца новы.

Сярод гэтых шматлікіх «гледачоў» былі, вядома ж, і дзеці: пяцікласнік Васілёк ва ўсе вочы глядзеў на «хвост» аўтамабіля, што ўзвышаўся над вадой, чытаў там кароткае слоўца «Волга».

Трэба сказаць, што навука давалася гэтаму дзіцяці нялёгка, але ў школу ён хадзіў з ахвотай.

І якраз там (супадзенне!), на ўроку геаграфіі, настаўнік неяк узяўся расказваць дзецям пра самыя вялікія рэкі. А заадно спытаў, ці не ведае хто, куды ўпадае Волга? Клас задумаўся.

— Я ведаю! — закрычаў Васілёк. — Волга ўпадае ў Брусяты.

Дзеці грымнулі рогатам.

— Куды-куды? — перапытаў настаўнік і тут жа папрасіў. — Падумай яшчэ, Вася, ты памыляешся.

— Ды не! Што тут думаць?! — абурыўся хлопчык. — Я на свае вочы бачыў!

— Ты не мог гэта бачыць, — настойваў географ, — бо Волга ўпадае ў Каспійскае мора.

— Няпраўда, вы ў нашай вёсцы каго хочаце спытайце, вам любы адкажа: у Брусяты! — не здаваўся Васілёк.

...«Несупадзенне з упадзеннем» высветлілася трохі пазней, калі Вася расказаў пра «Волгу» — пра машыну, якая з моста з'ехала ў рэчку і якую адтуль потым выцягвалі трактарам.

Так што адкрыцці ў галіне геаграфіі можа рабіць не толькі Калумб.

Анатоль ПАЛЫНСКІ,

г. Беразіно

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.