Вы тут

Поле сну


Юлія Алейчанка

нарадзілася 21 снежня 1991 года ў Оршы. Магістар філалагічных навук, аспірант БДУ. Адказны сакратар часопіса «Полымя». Піша вершы, апавяданні, крытычныя артыкулы, перакладае. Захапляецца прыгажосцю ў людзях і рэчах. Вучыцца бачыць станоўчае ў адмоўным.



Поле сну

***

Штовечар я адрываю

старонку свайму календару

І чую, як новы дзень

гучна грукае ў шыбу,

Як новыя справы

чародкай тэпчуцца

На дыванку

прад маімі дзвярыма.

 

Калі рассцілаю ложак,

яны назоламі-восамі

гудуць у маіх вушах.

І нават у снах

прыходзяць прывідам

мар-спадзяванняў.

 

Дык мо застацца ў мінулым дні?

Няхай свецяць учорашнія зоры.

Няхай пярына будзе ласкавай.

А я — шчаслівай па-за межамі часу.

 

***

Раніца жоўтая,

быццам гарбата у кубку, —

Вусны прыкласці

і піць,

адчуваючы зёлкі і неба.

Рукі твае, як аблокі,

калышуць мой голаў.

Чую:

ў далёкіх вышынях

гучыць новы дзень.

 

***

Ува мне цячэ аксамітны жнівень,

Ён, як хмель, што заяц варыў калісьці.

Верасовы мёд у стамлёным лісці,

І твой шэпт уночы, дурны, шчаслівы.

 

Я чакаю вечар, каб зноў упасці

У мурог духмяны старога лета.

І чародку зорак на ўдачу скрасці,

Праляцеўшы зырка стралой-каметай.

 

Ува мне цячэ аксамітны жнівень.

Я рыхтую з зёлак табе гарбату.

Усміхнуся ціха — і ты шчаслівы.

Не знахарка я — зоры ва ўсім вінаваты!

 

***

Глядзіць Сусвет ў стагоддзі зорнымі вачыма,

А мне ніколі поле сну не перайсці,

Бо не шукаю спаконвечную прычыну,

Чаму дубам у неба цёмнае расці.

 

Чаму снягам змываць спакой і ліхалецце,

Чаму лясам не выдаць сцежкі грыбнікоў,

І закаханым бачыць зыркае дасвецце,

І помніць словы запаветныя бацькоў.

 

Ды толькі веру, што ніколі не парвецца

Той слуцкі пас, што лучыць з вечнасцю жывой.

І што гаючы дожджык шчодра праліецца,

Як прарасту аднойчы чэрвеньскай травой.

 

***

Гарыць агонь у сонечным суквецці,

У валасах заблытаўся прамень.

Хачу пачуць душой блакітны вецер,

Што адкрываў Стральцову новы дзень…

 

***

Ў вокнах маіх — снег.

Першы, сляпы, несапраўдны.

Чую хвілінаў бег,

Нам з табой падуладны.

 

Мне б зараз выйсці на двор,

Крыкнуць табе нясмела.

Позна. Абшар замёр

Тэрцыяй снежна-белай.

 

 

***

Снежань ў мядзведжай шкуры

Сноўдае між дамоў.

Тонуць ў белай віхуры

Гукі даўгіх размоў.

 

Вечар знямеў ў чаканні

Цудаў калядных зор.

Будзем цяпер да рання

З інею сніць узор.

 

Марам хочацца збыцца,

Снам — на яве цвісці.

Нам — ізноў нарадзіцца

Ў лепшым чужым жыцці.

 

 

***

Падыдзі да мяне. Пацалуй

Памяць стрэч на стамлёных павеках.

Весні покліч на шчасце пачуй,

Шолах ветру на роднае стрэхах.

 

Дакраніся да болю душы,

Што пульсуе пяшчотна на шыі, —

Так бруяцца вакол капяжы,

Красавік неба шэрае мые.

 

Запусці ў валасы пальцаў бег,

Як малую, люляй на каленях…

Загучыць даравальны твой смех —

І знямее Сусвет на імгненне.

 

 

***

Падставіць лесвіцу да зорак

І дацягнуцца да святла…

Каб праз духмяны летні золак

Для нас Венера зацвіла.

 

Каб вечнасць чуць у кожнай хвілі,

Баяцца рукі растуліць.

І каб далёкія і злыя

Нам болей не маглі зманіць…

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.