Вы тут

Падымаем рэгіён


Падчас выязнога пасяджэння Прэзідыум Савета Міністраў абмеркаваў комплексны план першачарговых мер па развіцці Аршанскага раёна. Прыцягненне інвестыцый, уцягненне ў абарот маёмасці, якая неэфектыўна выкарыстоўваецца, і новыя рабочыя месцы — вось тыя пытанні, якія падымаліся падчас наведвання прадпрыемстваў.


Напрамкі развіцця

На пасяджэнні прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што асноўнае для раёна — гэта рост аб'ёмаў і эфектыўнасці вытворчасці тавараў і паслуг. Гэта дае дадатковыя падатковыя паступленні, магчымасці для развіцця інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Трэба працаваць і над тым, каб у максімальнай ступені загрузіць прадпрыемствы. Але, акрамя эканамічных мер, ёсць і больш простыя, але таксама працаёмкія спосабы развіцця рэгіёна: навядзенне парадку на зямлі, правядзенне спартыўных і культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. Яны могуць забяспечыць большы прыток турыстаў і задзейнічаць інфраструктуру, якая створана ў рэгіёне. Прэм'ер-міністр звярнуў увагу на тое, што праграма развіцця Аршанскага раёна павінна змяшчаць планы на кароткі і сярэдні тэрмін, каб аператыўна вырашыць праблемы і бачыць далейшае развіццё.

Пра магчымасць выкарыстання Оршы як вытворча-зборачнага цэнтра з паступовым павелічэннем ступені лакалізацыі прадукцыі расказаў міністр эканомікі Уладзімір ЗІНОЎСКІ. Ён прапанаваў прапрацаваць гэта пытанне. Да таго ж яно ўвязваецца з развіццём вытворча-лагістычнай пляцоўкі ў Балбасаве. Неабходна больш актыўна развіваць і транспартны патэнцыял. У будучым гэта дасць эфект пры павелічэнні паставак з замежжа і пры спалучэнні ЕАЭС і эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай ШАРСНЁЎ звярнуў увагу на тое, што ў Аршанскім раёне існуе праблема недахопу высокакваліфікаваных спецыялістаў. Да таго ж практычна 60% тых, хто працуе, — гэта людзі, старэйшыя за 40 гадоў. А кадравы рэзерв — адна з умоў добрага развіцця.

На вытворчасці

Філіял «Салодкая краіна» кандытарскай фабрыкі «Віцьба» задумваўся як імпартазамяшчальнае прадпрыемства. Але пакуль яго прадукцыя займае толькі каля 10% долі рынку. Дырэктар фабрыкі Хачатур АРЗУМАНАЎ расказвае: каб выйсці на поўную магутнасць, трэба займаць 30% палічнай прасторы. «Мы можам вырабляць пры двухзменным рэжыме работы парадку 2400 тон прадукцыі». Нягледзячы на прымальную цану, высокая канкурэнцыя ў гэтым сегменце пакуль не дазваляе вырабляць названы аб'ём. Андрэй Кабякоў звярнуў увагу на тое, што неабходна займацца рэкламай прадукцыі, каб яна была пазнавальнай.

На Аршанскім авіярамонтным заводзе разглядалі асваенне інвестыцый, а таксама перспектывы стварэння прамыслова-лагістычнага цэнтра. Першая чарга будаўніцтва павінна завяршыцца ў 2018 годзе. Калі створаныя аб'екты выйдуць на поўную магутнасць, а гэта плануецца зрабіць да 2021 года, грузапаток складзе 1,8 млн тон грузаў на год, чысты прыбытак — 7 млн рублёў. Гэта азначае, што праект акупіцца за пяць гадоў. Значным стымулам для развіцця цэнтра стане наданне міжнароднага статусу ўзлётна-пасадачнай паласе аэрадрома. Андрэй Кабякоў пагадзіўся ў хуткім часе разгледзець гэта пытанне. Статус дасць магчымасць прымаць замежныя грузавыя самалёты днём пры добрай бачнасці. Для далейшага развіцця ў гэтым кірунку спатрэбіцца каля 17 млн рублёў інвестыцый на тое, каб перааснасціць паласу.

Мясцовая ўлада

Старшыня Балбасаўскага пасялковага выканкама Глеб ГУЛЯНКОЎ адзначыў, што сёння каля паловы эканамічна занятага насельніцтва пасёлка працуюць на Аршанскім авіярамонтным заводзе. Пры гэтым беспрацоўе складае толькі 0,5%. За апошнія гады ў Аршанскім раёне з'явіліся прадпрыемствы з італьянскім, англійскім, дацкім капіталам. Першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей ПАЦ таксама лічыць, што неабходна развіваць малы і сярэдні бізнес, а таксама мадэрнізаваць прадпрыемствы рэспубліканскай формы ўласнасці. «Прыватны бізнес больш гнутка рэагуе на тыя змены, якія адбываюцца ў нас у цэлым у эканоміцы і пры пастаўках на экспарт».

Надзея АНІСОВІЧ

anіsovіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.