Вы тут

Маці дарослых дачок пра хітрыкі выхавання, крызіс патрыярхальнай сям'і


Моцная і незалежная — гэта якраз пра нашу сённяшнюю гераіню. Яна можа пахваліцца не толькі поспехамі чатырох дарослых дачок. За плячыма жанчыны — сорак гадоў шлюбу з адным мужам, дваццаць гадоў працы кіраўніцай загса і чатыры ўласныя кнігі пра мастацтва жыць. Нэлі Ільінічна ўпэўнена: у 60 гадоў жыццё толькі пачынаецца. Яна чытае літаратуру па псіхалогіі і квантавай фізіцы, вывучае англійскую мову, падарожнічае па свеце, праводзіць кансультацыі па сямейным дабрабыце. Як не згубіць індывідуальнасць і заставацца цікавай мужу і дзецям? Як адшукаць баланс паміж соцыумам і сям'ёй? Сакрэты паспяховага выхавання і шчаслівага шлюбу шукаем у шчырай размове з Нэлі Ксяневіч.


Су­жэн­цы Кся­не­ві­чы са ста­рэй­шай дач­кой Але­най і ўну­кам.

Прыкладам ідэальнай сям'і для Нэлі з самага дзяцінства служылі бацькі. Тата бясконца любіў дачку і сына, а маці навучыла стылю, уменню апранацца, мастацтву. Бацькі жылі сціпла, але дом заўсёды быў адчынены для гасцей.

— Калі я паступала ў БДУ на гістфак, мяне абакралі. Укралі ўсе грошы, экзаменацыйны ліст з пяцёркай. Я сяджу, плачу. Падыходзіць незнаёмы хлопец і пытае: «Чаго слёзы льеш?» Расказала. Тады ён узяў мяне за руку, даў грошай на тэлеграму бацькам, завёў у дэканат, дзе выпісалі дублікат экзаменацыйнага ліста... А зараз гэта мой муж.

З таго часу мужчына вядзе каханую за руку па жыцці. Першую дачку сужэнцы нарадзілі яшчэ студэнтамі. Потым трапілі па размеркаванні ў Горкі: Аляксандр — выкладаць у сельгасакадэміі гісторыю КПСС, Нэлі — навуковы атэізм. Сёння такіх дысцыплін няма, але ў мужа захавалася цікавасць да палітыкі, а ў жонкі — да гісторыі і рэлігіі.

І. За дзяцей нельга прымаць рашэнні: гэта іх жыццё

На пятым курсе вучобы маладыя з дзіцем пераязджаюць да бацькоў хлопца ў Жодзіна. У хуткім часе ім прапануюць абмен бацькоўскай кватэры на дзве асобныя ў Горках. У 70-я пра такую раскошу можна было толькі марыць.

— Памятаю, як муж прыехаў пасля размовы з бацькамі. Заходзіць і кажа: «Мы з мамай і татам вырашылі, што лепш жыць у Жодзіне», — адчуваецца прыкрасць у голасе Нэлі Ільінічны. — Тут я абурылася: мой лёс вырашаюць без мяне! Было вельмі крыўдна, ледзь не развяліся. Такія рэчы павінны вырашацца сумесна.

Тады ў Жодзіне не атрымалася знайсці працу па спецыяльнасці. Старшыня гарвыканкама прапанаваў Нэлі месца інспектара па рабоце з дэпутатамі. Праца аказалася выдатнай школай для маладога спецыяліста. А ў 25 гадоў яна ўзначаліла мясцовы загс.

Тут затрымалася на 20 гадоў. За гэты час перад вачыма прайшлі безліч лёсаў, пра якія захацелася напісаць. Так выйшла чатыры кнігі. Зараз Нэлі Ільінічна працуе над пятай. Яна пазіцыянуе свае кнігі як дапаможнікі пра тое, як жыць лёгка, радасна і весела, як пераводзіць мінусы ў плюсы.

Праз сем гадоў пасля першага дзіцяці бацькі задумаліся пра хлопчыка, але бог даў адразу трох дзяўчатак. Урачы разгледзелі шматплоднасць на вялікіх тэрмінах. Яны асцярожна намякалі на аборт па паказаннях: імавернасць невыношвання вялікая, а нарадзіцца малыя маглі з парушэннямі.

— Трайняты з'явіліся на свет сямімесячнымі. Найбольш давялося цярпець Злаце. Яна за паўтары годзіка перанесла тры аперацыі, — расказвае маці. — Цікавосткі таксама былі. Ад хроснай матулі трайнят я потым даведалася, як Саша адрэагаваў на навіну пра дзяўчатак: ён увесь аж збялеў ад шоку. Затое старэйшая Аленка насілася па доме ад шчасця, калі пачула адразу пра трох сястрычак.

ІІ. «У выхаванні малых неабходна адчуваць дзве рэчы: 1) Колькі самастойнасці дзіця гатова ўзяць на дадзены момант і 2) Калі трэба жорстка праявіць сябе як бацькам»

Сёння дочкі Ксяневічаў — грамадзяне свету і гонар бацькоў. Злата выдатны трэнер па фітнесе і мадэльер. Распрацоўвае лінію адзення для цяжарных, піша абстрактныя карціны і робіць упрыгажэнні.

Аліса вучылася на журфаку і ў эканамічным універсітэце ў Мінску, на псіхолага — у ЗША. Засталася жыць у Злучаных штатах, напісала кнігу пра Нью-Ёрк.

Старэйшая Алена вывучылася ў лінгвістычным універсітэце у Мінску. Зараз выкладае англійскую мову амерыканцам у Філадэльфіі.

Іва вучылася ў Англіі і Францыі і працавала цырульнікам, а потым пачала рабіць капелюшы. У мінулым годзе дзяўчына ўвайшла ў топ-15 самых маладых дызайнераў свету і паказвала калекцыю ў Мінску, Маскве, Шан-Хаі і Лондане. Жыве ў Расіі.

Дочкі Злата, Аліса, Іва і Алена.

ІІІ. Узор для дзяўчат — тата

— Я ўзяла актавыя запісы за 40 гадоў у загсе і паглядзела адзнакі пра разводы і адзінокае мацярынства, — Нэлі Ксяневіч дзеліцца выпадкамі з практыкі. — Атрымліваецца, калі бабуля адзінокая, то яе дачка і ўнучка таксама. Калі ў дзяўчыны няўдалы бацька, а маці гадуе яе адна, вялікая імавернасць, што яна будзе нешчаслівай у шлюбе.

У сям'і дзіця атрымлівае два віды любові. Мацярынскую безумоўную, калі любіш малога такім, які ён ёсць. І бацькоўскую заслужаную: тата любіць дзіця за поспехі, і гэта нармальна.

Ад матулі, у сваю чаргу, дзяўчаты вучацца жыць у ладзе са сваім узростам і добра выглядаць, правільна гаварыць з мужчынамі: не загадам, а просьбай. Неад'емнай з'яўляецца інтэлектуальная праца, калі бацькі чытаюць і глядзяць тое, чым цікавяцца дзеці, каб быць «у тэме». У адказ дзеці могуць скласці кампанію бацькам на канцэрце класічнай музыкі ці балеце.

Ня­гле­дзя­чы на знеш­няе па­да­бен­ства, у кож­най з трай­ня­так — свой лёс, сваё жыц­цё.

ІV. Час ад часу трэба, каб дзіця адчула сябе цэнтрам сусвету

Калі ў сям'і адно малое, уся ўвага і клопат аддаюцца яму. Небяспека тут у перадазіроўцы. Што, калі дзяцей некалькі?

— Вельмі важна ўсю ўвагу пераключаць на адно дзіця. І так па чарзе, — дзеліцца сакрэтамі выхавання матуля. — У псіхалогіі такі метад атрымаў назву «пільная ўвага».

V. Жанчыну, якая цалкам растварылася ў сям'і, непазбежна чакае крызіс

Пры поўнай аддачы сябе сям'і жанчына стварае максімальна камфортныя ўмовы для дзяцей і мужа. Пры гэтым губляецца ўласная індывідуальнасць. Яна становіцца проста нецікавай ні малым, ні каханаму. Так лічыла Нэлі Ільінічна, але аднойчы перажыла не вельмі прыемны момант, калі стала «не такой» для дачок:

— У дзяцінстве мае трайняты сябравалі з дзяўчынкай. У той была класічная сям'я, дзе маці гатавала сняданкі, абеды і вячэры, прыходзіла з працы а пятай гадзіне. Я ўсё жыццё была нестандартнай і вельмі актыўнай мамай. На дзяцей заставалася мала часу. Я пакідала ім грошы і казала, што купіць і як прыгатаваць. Аднойчы адна з дачок заявіла: хачу маму, як у сяброўкі.

Праз шмат гадоў Нэлі пагаварыла з дачкой. Тая сказала, што не памятае такога і што вельмі ганарыцца матуляй. Жанчына ўпэўнена, што калі нічога не робіш для соцыуму, то рана ці позна станеш нецікавай для ўласных дзяцей. Іншая справа — знайсці прапорцыю паміж грамадскай актыўнасцю і сям'ёй, каб не абдзяліць мужа і дзетак.

VІ. Сям'я ХХІ стагоддзя — раўнапраўная, як два крылы

У сучасных рэаліях яшчэ сустракаюцца выпадкі, калі мужчына зарабляе прыстойныя грошы і прымушае жонку сядзець дома з дзецьмі. Як ні круці, патрыярхальныя сем'і цяжкавыжывальныя. Жанчына ў іх становіцца часткай інтэр'еру, а ў мужчыны з'яўляецца інтарэс, як правіла, на рабоце. Нэлі Ксяневіч за раўнапраўную сям'ю:

— Калі абодва сужэнцы актыўныя, яны застаюцца цікавыя адно аднаму. У нас шмат дзяўчат за 30, якія жаляцца на адсутнасць вартых мужчын. А што наконт уласнай самадастатковасці? Фінансавай, разумовай, інтэлектуальнай?... Па законе парадоксу самадастатковая жанчына будзе цікавая толькі такому ж мужчыне.

Нэлі Ксяневіч з мужам.

VІІ. «Варта як можна пазней дапусціць сітуацыю, калі дзеці вымушаныя цябе ўсынавіць»

— Мы пачынаем раздражняць сваіх дзетак, калі ім спаўняецца 7—8. У 14 яны скідваюць цябе з п'едэстала, бо на першае месца выходзіць аўтарытэт сяброў і настаўнікаў. У 21 год яны ўжо маюць уласнае светаўспрыманне, і адносіны з бацькамі выбудоўваюцца ў раўнапраўныя. Гэты баланс, калі яны ў нейкіх сферах ведаюць больш, а штосьці мы падкажам, патрэбна ўтрымаць як мага даўжэй, — раіць жанчына. — Рана ці позна надыдзе момант, калі дзеці пасадзяць нас у «партэр» — галоўнае, каб не выгналі з залы.

VІІІ. Дзіцяці патрэбныя выразныя рамкі: што рабіць можна, а што нельга

Нэлі Ільінічна згодная, што караць дзяцей... трэба. Але нараўне з пакараннем павінна быць заахвочанне. У Ксяневічаў ёсць некалькі правілаў, якія нельга парушаць: дома ніхто не крычыць і не крытыкуе. Але можна тупаць нагамі ў адведзеным месцы ці пайсці ў іншы пакой, каб астыць.

Дочкі ў дзяцінстве прыдумалі цікавую гульню РІЗ (развіць і змяніць). Што гэта такое? Калі сям'я збіраецца разам, кожны называе тры рэчы, якія падабаюцца ў чалавеку, і адну, якую трэба развіваць. «Неяк падчас гульні малыя мне сказалі: матуля, ты ціснеш, — прыгадвае Нэлі. — Ніколі гэтага не адчувала, а потым сама заўважыла. А аднойчы яны мне сказалі: мама, трэба мяняць абутак. Пайшлі па новы».

— Можна сказаць: я цябе буду любіць, але не буду табой ганарыцца. Таксама мы абмяжоўвалі месца перамяшчэння. Старэйшая дачка нават цяпер асцерагаецца кута ў кабінеце мужа, — дзеліцца Нэлі Ксяневіч дзейснымі метадамі пакарання. — Яшчэ я магла замаўчаць. Але мне за гэта сорамна. Лепш ужо павышаць голас, каб дзеці ведалі, у чым праблема.

ІХ. Варта растлумачыць дзецям, што ніхто не павінен іх фінансаваць пасля 18 гадоў

Задача бацькоў — навучыць не баяцца цяжкасцяў. А як дзеці будуць іх пераадольваць — рэч іншая. Нэлі лічыць, што бацькі павінны даць добрую адукацыю. Далей — справа за дзецьмі:

— Усе мае дочкі з паўналецця зарабляюць самі. Бываюць, вядома, выпадкі, калі хочацца даць ім грошы, але тут удзячная мужу: спыняе. Мы можам пазычыць нейкую суму без тэрмінаў і працэнтаў, але з абавязковым зваротам. Мяне здзіўляюць сучасныя дарослыя дзеці, якія не саромеюцца забіраць паўпенсіі бацькоў. Яны не здольныя спраўляцца з жыццёвымі абставінамі. Ад гэтага сумна.

Сёння Нэлі Ільінічна з мужам жывуць у абдымку са скайпам і тэлефонам. Са Штатаў дочкі прыязджаюць раз на паўгода, Іва з Расіі — раз на тры месяцы. «Калі дзеці падрастаюць і кола клопатаў звужаецца, надыходзіць час пажыць для сябе, — усміхаецца Нэлі. — Нам з Сашам няма калі сумаваць: у кожнага свая праца, а ўвечары — дзве традыцыйныя партыі ў нарды, прагулка па парку з сабакам і бясконцыя развагі пра жыццё. Што яшчэ патрэбна для шчасця?»

Вераніка УЛАСЕВІЧ

vеrоnіkа.ulаsеvісh@mаіl.ru

Загаловак у газеце: «Хацелі хлопчыка, а атрымалі дзяўчатак-трайнят»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.