Вы тут

Тайм-менеджмент, або Вучымся ўсё паспяваць


Уявіце, што кожны дзень у банку вам выдаюць 86400 беларускіх рублёў і кожны вечар сума цалкам абнуляецца. Як бы вы паступалі? 100% кожны рубель стараліся б патраціць! Вось так і з часам — штодзень нам выдаюць 86400 секундаў, і кожны раз да канца дня яны знікаюць, нягледзячы на тое, скарысталіся імі ці не. Дык чаму ж мы так не беражом кожную секунду, хоць у глыбіні душы разумеем, што час нашмат даражэйшы за любыя грошы? І пры гэтым яшчэ ўмудраемся скардзіцца, што «зусім нічога не паспяваем». Рацыянальна, з найбольшай карысцю выкарыстоўваць свой час вучаць метады тайм-менеджменту. Вось толькі некаторыя з іх.


1. Уявіце, што сёння ваш апошні дзень. Славуты Стыў Джобс на адной са сваіх лекцый прапанаваў кожнаму спытаць сябе: «Што б я зрабіў, калі б гэта быў апошні дзень майго жыцця?» Задайце і вы сабе гэтае пытанне, і калі ваш адказ не супадзе з рэальнымі планамі, значыць, трэба тэрмінова нешта мяняць.

2. Пастаўце глабальную мэту. Яна павінна быць настолькі значнай для вас, што нават калі сонца яе закрые, то вы ўсё адно будзеце бачыць краёчкі свайго жадання. Павесьце сабе над рабочым сталом малюнак з глабальнай мэтай. Гэта ўзмоцніць матывацыю.

3. Жывіце ў «адсеку» сённяшняга дня. Знакаміты псіхолаг Дэйл Карнегі ў адной са сваіх кніг «Як перастаць турбавацца і пачаць жыць» напісаў: «Жывіце ў адсеку сённяшняга дня». Ідучы па жыцці з цяжкім грузам мінулага і невыносным хваляваннем за будучыню, вы далёка не пойдзеце. Здзяйсняйце ўчынкі менавіта сёння. Учора няма, а заўтра можа і не наступіць.

4. Стаўце мэты. У вас, акрамя галоўнай, глабальнай мэты, павінен яшчэ быць цэлы спіс з мэтамі. Іх абавязкова трэба разбіць на доўгатэрміновыя і тэрміновыя. Да доўгатэрміновых можна аднесці куплю дома праз тры гады, да канца года вывучыць англійскую мову, праз тры месяцы атрымаць павышэнне. Да тэрміновых: сёння вечарам зрабіць справаздачу, заўтра вымыць вокны, у суботу схадзіць у парк. Свае мэты абавязкова трэба запісваць на паперы. Мэта, якой няма на паперы, — гэта не мэта.

5. Усвядомленасць. Рабіце асэнсаваным кожнае сваё дзеянне. Каб зразумець, на што вы марнуеце свой час, зрабіце наступнае практыкаванне. На працягу тыдня кантралюйце ўсе свае дзеянні. Запісвайце абсалютна ўсё: у колькі ўсталі, колькі прымалі душ, колькі плённа працавалі, колькі часу прасядзелі ў сацыяльных сетках...

6. Планаванне. Завядзіце сабе нататнік і выпрацуйце звычку штовечар запісваць туды канкрэтны план на заўтрашні дзень з часавымі рамкамі. Гэта значыць пункт «падрыхтаваць прэзентацыю» павінен заканчвацца адведзеным на яго часам. Таму што без часавых рамак прэзентацыю, якую рэальна зрабіць за 3 гадзіны, можна расцягнуць на цэлы дзень і так і не скончыць. Калі вы дзейнічаеце паводле дакладнага спіса запланаваных задач, вы павялічваеце сваю прадукцыйнасць на 25%.

7. Расстаўце прыярытэты. Усе запланаваныя справы ў сваім нататніку падзяліце на: 1) прыярытэтныя задачы; 2) важныя, але не тэрміновыя; 3) тэрміновыя, але не важныя; 4) не тэрміновыя і не важныя. Гэтую класіфікацыю прапанаваў 34-ы прэзідэнт ЗША Дуайт Эйзенхаўэр. Так што, калі вы зноў задаяце сабе пытанне: «Як усё паспяваць?», то адзін з хуткіх і рэальных спосабаў — гэта выкрасліць заданні пад нумарам 4 з вашага спісу.

8. Засяродзьцеся на адным заданні. Паспрабуйце ў адно імгненне ў думках апынуцца на Эйфелевай вежы і прадумаць меню на вячэру. Нічога ў вас не атрымаецца. Так і са справамі. Не атрымаецца выконваць некалькі задач адначасова. А калі вы пачынаеце рабіць нешта адно, затым пераключаючыся на нешта іншае, а потым зноў вяртаецеся да першага, то вы скарачаеце эфектыўнасць выканання задачы ў пяць разоў. Вазьміце адну важную справу з вашага спіса, выканайце яе цалкам, якасна, і толькі пасля гэтага рухайцеся далей.

9. Пачніце з самага складанага. Вядомы псіхолаг і бізнес-кансультант Браян Трэйсі кажа: «З'ешце жабу на сняданак!». Пад жабай ён мае на ўвазе самую складаную і непрыемную справу. Калі вы раніцай зробіце самае страшнае, то што потым вам зможа сапсаваць настрой?

10. Знішчыце пажыральнікаў часу. Да іх можна смела аднесці прагляд у Іnstаgrаm чужых фотаздымкаў, шматгадзінныя зносіны ў ІСQ ні пра што з чалавекам, якога вы нават ніколі ў жыцці не бачылі. Няўжо той час, які вы можаце выдаткаваць на набліжэнне да сваёй мары, так лёгка прамяняеце на прагляд фільма, назву якога заўтра і не ўспомніце. Складзіце спіс усіх пажыральнікаў і дайце сабе слова ніколі больш да іх не вяртацца.

11. Працуйце ў пэўны час. Кожны чалавек мае свае біярытмы. Прааналізуйце іх. Падчас найбольшай сваёй актыўнасці спрабуйце выконваць асноўную працу. Пры гэтым абавязкова рабіце перапынкі. Бо менавіта ад правільнага адпачынку ў многім залежыць плён нашай працы.

12. Выкарыстоўвайце з розумам час у чэргах і ў транспарце. Сучасны чалавек праводзіць там мінімум 2 гадзіны на дзень. А цяпер памнажаем гэты час на 365 дзён. Атрымліваецца, што ў вас на год ёсць 730 вольных гадзін, або адзін вольны месяц. Колькі ўсяго можна паспець зрабіць за гэты час! Запампуйце сабе аўдыякніжку, вучыце замежныя словы, у крайнім выпадку думайце пра пазітыўнае, але ніяк не тыцкайце бессэнсоўна пальцам у тэлефон.

Вось вам і адказ на пытанне «Як усё паспяваць?». Усё вельмі лёгка і даступна. Самае галоўнае — прымяняць гэтыя метады на практыцы. І вы самі не заўважыце, як ваша жыццё зменіцца ўжо праз месяц.

Падрыхтавала Наталля МАЎЧАНАВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.