Вы тут

Самая прыгожая студэнтка вучыцца ў Віцебску


Днямі за кулісамі аднаго са сталічных клубаў панавала нервовая абстаноўка. Спявак Тэа і шоумен Дзмітрый Новік высвятлялі апошнія дэталі сцэнарыя, танцавальныя калектывы праводзілі апошнія “прагоны” сваіх выступленняў. Але галоўнымі гераінямі былі пятнаццаць дзяўчат — удзельніц нацыянальнага фіналу Міжнароднага міжуніверсітэцкага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева Вясна — 2017”. Для дзяўчат вечар абяцаў быць складаным — сумарна іх чакала сем выхадаў на сцэну: пяць дэфіле, творчае і інтэлектуальнае спаборніцтвы. Па тое, што іх цікавіць у конкурсах прыгажосці і з чым плануюць звязаць сваю будучыню, яны расказалі нашаму карэспандэнту.


— У мяне ўсё пачалося з універсітэта — прыйшла на кастынг конкурсу “Міс БДЭУ”, перамагла, потым удзельнічала ў гарадской “Каралеве Вясне”, дзе таксама атрымала перамогу, і вось я тут, — падзялілася студэнтка трэцяга курса факультэта менеджменту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Марта КОЛБ. — Сёння пра перамогу не думаю, я ўжо дасягнула ўсяго, чаго хацела. Але ўдзельнічаю з задавальненнем, бо гэта каласальны досвед. Трымацца на сцэне, спантанна адказваць на каверзныя пытанні суддзяў, дарыць публіцы шчаслівы эмоцыі — усё гэта трэба ўмець. Увогуле, я не планую звязваць жыццё са сцэнай, найперш хачу стаць спецыялістам у сваёй вобласці. Мару адкрыць сваю справу, бо я з тых людзей, якія любяць усё кантраляваць.

Усе дзяўчаты з’яўляліся ўдзельніцамі ўніверсітэцкіх і абласных этапаў конкурсу. Падчас конкурсу яны дэманстравалі гледачам і журы сваю сцэнічную культуру, уменне стасавацца з аўдыторыяй, камунікабельнасць, веданне этыкету, пачуццё гумару, грацыю, інтэлектуальныя і творчыя здольнасці, артыстычнае майстэрства і, вядома, знешнія дадзеныя. Сам фінал уяўляў тэатралізаванае прадстаўленне, асноўнай тэмай якога быў Год навукі. Па задуме арганізатараў, маладыя вучоныя і адначасова вядучыя шоу знаходзіліся ў пошуку формулы прыгажосці, а канкурсанткі дапамагалі ім у эксперыментах.

— Насамрэч, мне раней не хапала ўпэўненасці ў сабе, і я ніколі не магла падумаць, што буду ўдзельнічаць у такіх конкурсах, — прызналася першакурсніца факультэта банкаўскай справы Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Вікторыя ШАЦІЛА. — Але ў мяне паверылі блізкія людзі, якія пераканалі, што найлепшы шлях перамагчы свой страх — сустрэцца з ім. Публіку збіраюся здзіўляць сваёй харызмай і творчым нумарам — займаюся эстраднай харэаграфіяй, таму сёння прадэманструю гледачам лацінаамерыканскі танец. З будучыняй пакуль не вызначылася, мне паступіла некалькі прапаноў ад мадэльных агенцтваў, таму, магчыма, буду займацца кар’ерай мадэлі.

У інтэлектуальным конкурсе, які праходзіў ў фармаце бліц-інтэрв’ю, кожная з дзяўчат павінна была расказаць, якімі яна бачыць навуковыя дасягненні Беларусі ў 3017 годзе. Гэта быў шанец паказаць не толькі эрудыцыю, але і пачуццё гумару. Так, напрыклад, згаданая Вікторыя Шаціла спрагназавала, што праблема працаўладкавання моладзі праз тысячу гадоў будзе вырашана пры дапамозе першай беларускай касмічнай станцыі, абслугоўваць якую будуць маладыя спецыялісты. А Сняжана Міхейцава з Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта марыць аб тым, каб беларускія вучоныя вынайшлі дамскую сумачку, у якой усё будзе лёгка знайсці пры дапамозе галасавых каманд, і мужчынскія шкарпэткі, якія самі знаходзяць сваю пару.

— У мяне ўсё атрымалася спантанна — ва ўніверсітэце дзейнічае студэнцкі клуб, у якім мне прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе прыгажосці, — расказала першакурсніца эканамічнага факультэта Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, што ў Магілёве, Вікторыя ПАНЦЮХОВА. — Перамагла у сваёй ВНУ, адправілася “на вобласць”, там таксама ўзяла першае месца. Сёння мне будзе дастаткова прызнання з боку аўдыторыі, буду спяваць кампазіцыю з рэпертуару Beyonce. Вельмі люблю джаз, а ўвогуле слухаю самыя розныя кірункі. З мадэльным бізнесам звязваць жыццё не планую, мару працаваць у лагістычнай кампаніі. Але абавязкова хачу ў вольны час займацца творчасцю, не мае розніцы, на якім узроўні.

Да тэмы навукі былі прывязаны і дэфіле — у адным з іх кожная ўдзельніца прымерала  на сябе адзенне са спецыяльнай “касмічнай” калекцыі. Агулам юныя прыгажуні дэфіліравалі па сцэне ажно пяць разоў: у белых сукенках, адзенні са спецыяльнай “касмічнай” калекцыі, цёмных плашчах з магічнымі прадметамі, стылізаваных нацыянальных касцюмах і вячэрнім убранні.  А ў творчым конкурсе большая частка канкурсантак прадэманстравала свае харэаграфічныя і вакальныя таленты.

У выніку галоўныя прызы конкурсу адправіліся ў рэгіёны. Абсалютным пераможцам і ўладальніцай тытулу “Каралева Вясна Беларусі — 2017” стала студэнтка чацвёртага курса Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Сняжана Міхейцава. Званне “Першай віцэ-Каралевы Вясны” заваявала першакурсніца Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алёна Янко. Менавіта гэтыя дзве дзяўчыны прадставяць нашу краіну ў фінале міжнароднага конкурсу, які сёлета пройдзе ў Расіі. Трэцяе месяца і тытул “Другая віцэ-Каралева Вясна” дасталася прадстаўніцы Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Хрысціне Нікіфаравай.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.