Вы тут

Вучыцца нефармальна


Пытанне прафесійнага ўзроўню нашых кінематаграфістаў абмяркоўваюць пастаянна: што ёсць прафесійная адукацыя і наогул школа? Тым больш што цяпер прыватных кінакурсаў і студый у Беларусі пабольшала. Але якую падрыхтоўку дае кінашкола і што стаіць за тэндэнцыяй нефармальнай адукацыі?


Кадр з фільма «Лебедзь» (рэж. М. Варанцоў).

Урок першы: неакадэмічны

 Кінашкола для Беларусі — паняцце адносна маладое. У адрозненне ад іншых краін, у нас прыватная адукацыя ў кіно стала з’яўляцца не больш за 10 гадоў таму. У нашых суседзяў сітуацыя адваротная: усе ведаюць кінашколу Аляксандра Сакурава ў Санкт-Пецярбургу, кінашколу ў Лодзі (яе выпускнікі — легендарныя рэжысёры, сярод якіх Раман Паланскі, Анджэй Вайда, Кшыштаф Кіслёўскі і Кшыштаф Занусі). Ці варта казаць пра Заходнюю Еўропу і ЗША, дзе кінашколы наогул сталі асобнымі пляцоўкамі для кінаадукацыі, прычым даволі папулярнымі. Мноства сістэм выкладання, тэхнік навучання і рэжысёраў, якія намінаваліся на прэстыжныя ўзнагароды, ствараюць атмасферу, у якой з’яўляюцца абсалютна розныя спецыялісты ў сферы кіно. Вось чаму прайсці праз кінашколу — гэта не толькі модна, але і даволі прэстыжна ў шмат якіх краінах. Што да Беларусі, то ў нас прэвалюе акадэмічная адукацыя. Прычым цяпер стаць дыпламаваным рэжысёрам кіно можна, скончыўшы адзіную ў рэспубліцы навучальную ўстанову — Акадэмію мастацтваў. Ці ёсць для будучых кінематаграфістаў выбар, дзе атрымаць адукацыю?

Прыватныя кінашколы не выдаюць дыпломаў наогул, не робяць прафесіяналамі ці нават спецыялістамі і не адказваюць за працаўладкаванне сваіх выпускнікоў у адрозненне ад дзяржаўнай навучальнай установы. У прыватныя кінашколы людзі прыходзяць не па дыплом, але атрымаць уменні, навучыцца ствараць кіно самастойна. Па сутнасці, пасля заканчэння кінашколы яны атрымліваюць статус «рэжысёр-аматар», або кінааматар. А потым прыходзіць момант вырашэння: ісці ў кіно ці не. Хтосьці працягвае далей атрымліваць прафесійную адукацыю, хтосьці становіцца незалежным фільммейкерам, а для некага кінематограф ператвараецца ў хобі.

Некаторыя выпускнікі кінашкол (дзе імкнуцца пазбегнуць старых методык), тым не менш, вырашаюць працягнуць навучанне ў Акадэміі мастацтваў. І ў кінашколах адзначаюць удалыя работы маладых кінематаграфістаў. Напрыклад, Андрэю Палупанаву падабаецца вельмі «неакадэмічная» стужка «Орша — Мінск — Орша» Юліі Ралко, якая нагадвае стылістыку выпускнікоў школы дакументальнага кіно Марыны Разбежкінай.

Адбору ў беларускія кінашколы наогул няма, у гэтым і асноўнае адрозненне ад прафесійных навучальных устаноў. Трапіць на курс можа кожны ахвотны, дастаткова жадаць і мець сродкі. Але ў кінашколах адзначаюць, што спачатку арганізоўваюць пробныя заняткі, каб людзі ўпэўніліся ў тым, што ім такая адукацыя патрэбная. Але і гэта не гарантуе, што ўсе вучні застануцца да канца праграмы.

 Урок другі: занепакоенасці

 Кіраўнік адной з мінскіх кінашкол Андрэй Палупанаў адзначае, што ў яго школе вучацца людзі абсалютна розных прафесій: медыкі, шмат айцішнікаў, супрацоўнікі салонаў прыгажосці, заводаў, прадпрымальнікі. Што іх сюды прыводзіць? Каля 70 працэнтаў навучэнцаў набываюць веды проста для сябе, хтосьці з іх марыў мець дачыненне да кіно. Каля 30 працэнтаў маюць сур'ёзныя намеры. Зараз адукацыю ў кінашколе атрымліваюць каля 20 рэжысёраў і 12 сцэнарыстаў, ёсць некалькі акцёрскіх груп (нават для дзяцей і падлеткаў), хацелі стварыць і курс прадзюсараў, якога вельмі не хапае ў Беларусі, але ахвотных паступіць не аказалася…

У нашай краіне вельмі мала ўстаноў, якія сапраўды можна лічыць кінашколамі. Ёсць асобныя курсы, па акцёрскім майстэрстве, напрыклад. Але структуры, дзе б навучалі цэламу спектру кінематаграфічных прафесій, амаль няма. Працуюць у Беларусі кінашколы рэжысёра Аляксандры Бутар, Ірыны Брэль. З кожным годам такіх устаноў становіцца больш, але многія з іх, папрацаваўшы пэўны час, закрываюцца. Магчыма, гэта звязана з фінансавым бокам, бо заняткі тут платныя. Але заснавальнікі кінашкол сцвярджаюць, што бізнес зрабіць на такой спецыфічнай сферы вельмі складана. Вядома, кінашколы ствараюцца не дзеля альтруістычных памкненняў, бясплатна вучыць ніхто не будзе, але іх арганізатары зацікаўленыя, каб у айчынным кінапрацэсе штосьці адбывалася, таму ініцыятывы і амбіцыі вучняў заўсёды падтрымліваюцца.

Стратэгія навучання ў беларускіх кінашколах блізкая да заходніх методык, так званая «нефармальная адукацыя». У Беларусі такі спосаб не мае нават юрыдычнага статусу, таму ні пра якое прафесійнае пасведчанне гаворка не ідзе. Нефармальная адукацыя — гэта нават і не само навучанне, а методыка, якая дазваляе навучыць лю-дзей вучыцца, у чым і ёсць адыход ад акадэмізму. Паняцце ўключае яшчэ й партнёрскія стасункі паміж выкладчыкам і студэнтам, стварэнне не аўдыторнай атмасферы, а пляцоўкі для абмену меркаваннямі і ідэямі. Калі прасцей, нефармальная адукацыя скіраваная на тое, каб вучыць думаць. У беларускай сферы кіно гэта выглядае так: класічныя заняткі пачынаюцца з «брэйнсторму», дзе вучні абменьваюцца інфармацыяй, выконваюць заданні, ствараюць гісторыі, часам здымаюць кароткія эпізоды. Кіно на такіх занятках навучэнцам не паказваюць, выкладчыкі лічаць, што гэта менш прагрэсіўна, і час губляецца, таму спісы з фільмамі даюць на дом, а на занятках абмяркоўваюць стыль стужкі, глядзяць эпізоды, каб прааналізаваць форму. Хатняе заданне ў студэнтаў не правяраюць… А чым тады такая нефармальная адукацыя адрозніваецца ад, скажам, самаадукацыі? Тым больш, уся патрэбная інфармацыя ёсць у інтэрнэце, нават можна запісацца на анлайн-курсы, а плаціць не трэба. Андрэй Палупанаў мяркуе, што кінашкола адрозніваецца ад самаадукацыі тым, што стварае для вучняў стымул, стан занепакоенасці, і яны пачынаюць нешта змяняць.

Урок трэці: камунікацыйны

Магчыма, адной з пераваг кінашколы можа стаць камунікацыя з рэжысёрамі і аператарамі, з майстрамі, датычнымі да сферы кіно, а таксама іх тлумачэнні і рэальныя практычныя парады канкрэтнаму вучню. Поўны метр падчас навучання, вядома, не здымеш, хоць ёсць і выключэнні — кшталту беларускі Улады Сяньковай і яе фільма «Граф у апельсінах». Але стаўка ў такіх установах робіцца на кароткаметражнае і, зразумела, малабюджэтнае кіно, бо яно можа даць старт значна прасцей.

Акцёр Віктар Бойка, які шмат часу прысвяціў працы ў кінашколе Палупанава, узгадвае, што кароткі метр можа стаць яшчэ і спосабам камунікацыі з іншымі рэжысёрамі, здаровай канкурэнцыяй і магчымасцю паўдзельнічаць у пакуль не вельмі вядомых, але патрэбных для маладога кінематаграфіста фестывалях і кінабатлах, адзін з якіх ладзіўся летам у Мінску: «Нам прапанавалі паўдзельнічаць у кінабатле, паказвалі па 3 фільмы ад кінашколы і Акадэміі мастацтваў на адкрытай пляцоўцы, а пераможцу выбіраў глядач — галасаваў манетай».

Менавіта такія «спаборніцтвы» могуць дадаць руху у айчынны кінематограф, дзе так многа спецыялістаў цягнуцца да прафесійнай незалежнасці. У кінашколах альтэрнатывай старой мадэлі, што пануе ў беларускай кінапрасторы, лічаць стварэнне прасторы незалежных кінематаграфістаў, якія самі знойдуць грошы, магчымасці зняць кіно і пачнуць скараць прасторы кінафестываляў. Напрыклад, вядомы расійскі рэжысёр Валерыя Гай Германіка дзесьці ў 18-19 гадоў прыйшла ў школу дакументальнага кіно Марыны Разбежкінай і сказала, што паедзе ў Каны праз 2 гады. Так і сталася.

Фільмам, знятым выпускнікамі беларусіх кінашкол, пакуль далёка да значных узнагарод, але вышэйзгаданы «Граф у апельсінах» Улады Сяньковай і «Лебедзь» Міхаіла Варанцова здабыць прызы на міжнародных фестывалях здолелі. Часам людзі без прафесійнай адукацыі здзіўляюць яшчэ больш, чым тыя, у каго яна ёсць. Джэймс Кэмеран, Люк Бесон, Стэнлі Кубрык, Квенцін Таранціна і Стывен Спілберг атрымлівалі кінематаграфічную адукацыю на здымачнай пляцоўцы і ў залах кінатэатраў, але гэта не перашкодзіла ім стаць лаўрэатамі «Оскара», «Сезара» ды іншых прэстыжных прэмій. Магчыма, таленту патрэбнае нешта большае за прафесійную ці аматарскую адукацыю, і няхай гэта будзе любоў да кіно.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?