Вы тут

Герой нашага часу ў кіно: хто ён?


Вобраз героя ствараецца стыхійна і фарміруецца праз выпадковасці і збег абставін. Так лічаць удзельнікі круглага стала "Герой нашага часу ў кіно: хто ён?", якія разважалі пра ролю героя ў жыцці грамадства і адпаведнасць яго іпастасі патрэбам сучаснасці.


— Герой нашага часу ў кіно — гэта дастаткова аб’ёмнае паняцце, гэта не ідэал нашага часу, а прадстаўнік унутранай чалавечай арганізацыі, якая абумоўлена пэўным часам і жыццёвымі рэакцыямі. Гэта не бог, на якога трэба раўняцца, — выказаўся Сяргей ПУСКЕПАЛІС, акцёр кіно, рэжысёр, заслужаны артыст Расіі, якога часта і атаясамліваюць з сучасным мужчынскім вобразам героя ў кіно. — Фарміраванне вобразу – працэс не спецыяльны, не навукападобны, ён залежыць ад збегу абставін, выпадковасцяў.

Таццяна АРЛОВА, тэатральны крытык, прафесар, доктар філалагічных навук, дацэнт па спецыяльнасці "журналістыка" ў сваіх работах заўжды падкрэслівала, што герой неабходны:

— Аднак сфарміраваць яго вобраз спецыяльна цяжка, бо і ў кіно, і ў тэатры адбываецца стыхійны працэс. Ён заўжды мяняецца, заўжды з’яўляецца нешта новае і нечаканае.

Старажытны герой — чалавек, ад учынку якога залежыць жыццё іншага чалавека ці грамадства. А ў сучасным выглядзе герой — чалавек, які сваім учынкам утрымлівае справы і словы, праўду і справядлівасць. Або проста — носьбіт сумлення. Так лічыць Георгій МАРЧУК, пісьменнік, сцэнарыст, драматург, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі:

— Героі створаны не намі. Ва ўсіх творах закладзена: спачатку ў цэнтры герой, а ўжо вакол яго фарміруецца асяродак. Пачалося гэта яшчэ з Праметэя, які скраў агонь для людзей і стаў героем, ад Спартака, які ўзняў паўстанне і стаў героем. Цяперашнія героі часта адстойваюць дабрыню, міласэрнасць, спачуванне. І сучасны кінематограф паціху вяртаецца ад пошласці і здзекаў над любым нацыянальным характарам да ўтрымання духоўнасці чалавека.

Стварыць ідэальны вобраз героя, які будзе жыць у стагоддзях, а яго ўчынкі не стануць па-іншаму пераацэньвацца нашчадкамі, немагчыма. Аднак вымалёўваць сучасны вобраз кінагероя, які ўплывае на грамадства, трэба з улікам патрабаванняў людзей і іх памкненняў, каб яны маглі ўспрымаць яго, а не заставацца раўнадушнымі.

Ірына СІДАРОК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?