Вы тут

Прэзідэнт сустрэўся са старшынёй Камітэта рэгіёнаў ЕС


Клопат пра людзей з глыбінкі — менавіта гэта задача яднае беларускія ўлады і Камітэт рэгіёнаў Еўрапейскага саюза. Днямі ў Мінск прыбыў старшыня гэтай арганізацыі Марку Маркула, кіраўнік дзяржавы сустрэўся з ім учора ў Палацы Незалежнасці. Падчас размовы акцэнт ставіўся на эканамічным супрацоўніцтве муніцыпальнага ўзроўню.


Трэба сказаць, што эканамічная палітыка нашай дзяржавы яшчэ з 90-х гадоў базіравалася на падтрымцы вёсак, малых гарадоў.

— Вельмі рады з вамі сустрэцца — яшчэ і ў сілу таго, што вы займаецеся вельмі сур'ёзнай праблемай, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — З гэтымі праблемамі мы сутыкаемся даўно, яшчэ з савецкіх часоў. Гэта тыя праблемы, якімі жывуць нашы людзі там, у глыбінцы, на месцах: у сёлах, малых гарадах. Мы з'яўляемся надзейнымі партнёрамі ўсіх тых, хто ў Еўропе дбае пра добрае і шчаслівае жыццё людзей, што жывуць перш за ўсё ў глыбінцы.

Днямі ў сталіцы прайшло пасяджэнне Бюро Канферэнцыі рэгіянальных і мясцовых органаў улады Усходняга партнёрства, у якім прынялі ўдзел каля 20 прадстаўнікоў структур Еўрасаюза.

— Вашы мерапрыемствы, якія прайшлі ў Беларусі, якраз цесна ўплятаюцца ў тканіну нармалізацыі адносін Беларусі з Еўропай, — звярнуў увагу кіраўнік краіны. — Вы выпрацоўваеце адпаведныя рэкамендацыі Еўрапейскаму саюзу па вялікім спектры адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам — асабліва для арганізацыі Усходняга партнёрства. Я вам вельмі ўдзячны за тыя кірункі супрацоўніцтва, якія былі разгледжаны перш за ўсё ў Беларусі падчас пасяджэння вашага бюро. Я цалкам упэўнены, што візіт вашых спецыялістаў з'явіцца чарговым крокам у наладжванні добрасуседскіх адносін паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам.

Прэзідэнт прызнаўся, што ён быў асабіста зацікаўлены ў прыездзе ў Беларусь старшыні Камітэта рэгіёнаў ЕС:

— Інтарэс мой заключаецца ў тым, каб вы бліжэй пазнаёміліся з Беларуссю і ўбачылі адкрытасць нашай краіны. Ну і яшчэ асабісты, прагматычны інтарэс. Я ні разу не быў на вашай радзіме ў Фінляндыі, але чамусьці мне здаецца, што гэта тая краіна, з якой мы павінны браць па многіх кірунках прыклад, як трэба ўладкоўваць сваю краіну. Думаю, што ў вольны ад асноўнай працы час вы ўдзеліце трошкі ўвагі для таго, каб зблізіць Фінляндыю з Беларуссю. Мы ў гэтым вельмі зацікаўленыя.

Марку Маркула падзякаваў за цёплы прыём і расказаў, што арганізацыя, якую ён прадстаўляе, налічвае каля 350 членаў. Гэта кіраўнікі лакальных і рэгіянальных урадаў. Старшыня Камітэта рэгіёнаў таксама звярнуў увагу, што ўплыў арганізацыі ў Еўропе дастаткова высокі. Па яго словах, асаблівую ўвагу Камітэт рэгіёнаў ўдзяляе «як і ўлады Беларусі, жыхарам гарадоў, вёсак, невялікіх населеных пунктаў» таму, каб забяспечыць патрэбны ўзровень сацыяльнай забяспечанасці і неабходны ўзровень жыцця.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Мэта — дабрабыт глыбінкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».