Вы тут

Беларускія вучоныя стварылі новы матэрыял для 3D-прынтараў


Па словах дырэктара Інстытута хіміі новых матэрыялаў Нацыянальнай акадэміі навук Уладзіміра АГАБЕКАВА, айчынная распрацоўка заснавана на палімерах, вытворчасць якіх наладжана на нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах у Наваполацку і Магілёве. Новы матэрыял стане таннай заменай традыцыйнаму АБС-пластыку, які выкарыстоўваецца ў сферы адытыўных тэхналогій. Праект рэалізуецца ўжо другі год у рамках дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы, сваю зацікаўленасць у выніках работы беларускіх навукоўцаў ужо выказалі прадстаўнікі адной з буйных кітайскіх кампаній.


— Мы пайшлі трохі далей і вырашылі рабіць не толькі матэрыял, але і стварыць айчынны 3D-прынтар, — расказаў спецыяліст. — Гэта нескладана, над падобнымі праектамі працуюць студэнты нашых універсітэтаў, некаторыя прыватныя прадпрыемствы. Для ажыццяўлення ідэі супрацоўнічаем з Інстытутам цепла- і масаабмену. Галоўная задача — зрабіць апарат, які зможа працаваць на больш высокіх тэмпературах (гэтага вымагае якраз распрацаваны намі матэрыял) і будзе шырокафарматным. Работа цяпер вядзецца, мы ўжо атрымалі неабходнае абсталяванне.

Як адзначыў першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Аляксандр ЦЫГАНОЎ, гэта ВНУ першай у Беларусі пачала рыхтаваць кадры для сферы адытыўных тэхналогій. У БДТУ ўжо вырабляюць уласныя 3D-прынтары і матэрыялы для іх. Універсітэт таксама шмат займаецца навуковымі распрацоўкамі ў сферы хіміі. Так, цяпер вядзецца работа па стварэнні новых кампазіцыйных матэрыялаў для выкарыстання ў аўтамабільнай і аўтатрактарнай тэхніцы (доследны завод плануецца стварыць у Беларуска-Кітайскім тэхналагічным парку), пошуку спосабаў глыбокай хімічнай перапрацоўкі драўлянай сыравіны, развіцці экалагічных тэхналогій і выкарыстанні айчынай сыравіны для атрымання будматэрыялаў і многіх іншых кірунках.

Па словах намесніка дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута фізіка-арганічнай хіміі НАН Таццяны НЕВАР, у апошнія гады ўсе распрацоўкі навукоўцаў гэтай установы скіраваны на канкрэтныя вынікі для эканомікі краіны. Так, толькі за апошні час былі створаны ўстаноўкі для водападрыхтоўкі на ЦЭЦ краіны, пад гандлёвай маркай «Фібан» пачалі выходзіць матэрыялы для ачысткі газапаветраных выкідаў. Акрамя гэтага, у інстытуце ствараюць фармацэўтычныя субстанцыі, а таксама БАДы і прэпараты для спартсменаў на іх аснове, распрацоўваюць актыўныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для лячэння анкалагічных захворванняў і хваробы Альцгеймера.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Друкаваць» будзем сваім

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».