Вы тут

Інвестару патрэбны празрыстасць і канкрэтыка


У апошнія гады аб'ём замежных інвестыцый у беларускі капітал паступова зніжаецца. Па даных Белстата, у мінулым годзе ён склаў 8,6 мільярда долараў, 11,3 млрд — у 2015-м і 15 млрд — у 2014 годзе. У той жа час для рэальнага сектара эканомікі інвестыцыі — гэта доступ да сучасных тэхналогій, новыя рынкі, больш дасканалыя метады кіравання і адміністравання. Гэта пункт росту, які так патрэбен нашай краіне зараз. Але што мы можам прапанаваць замежным бізнесменам з таго, чаго няма ў іншых дзяржавах? З якімі праблемамі даводзіцца сустрэцца таму, хто вырашыць інвеставаць у Беларусь? Пра гэта «МС» запытала ў Сяргея Навіцкага, намесніка старшыні Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.


— На ваш погляд, чаму сёння адбываецца падзенне аб'ёму інвестыцый?

— Інвестыцыі ёсць розныя: калі грамадзяне нашай краіны ўкладваюць грошы, калі гэта робіць замежнік, калі дзяржава інвестуе (напрыклад, у інфраструктуру: дарогі, газаправоды, электрасеткі, транспартныя камунікацыі, сацыяльную сферу). У сувязі з тым, што зараз не самы лепшы стан у эканоміцы краіны ў цэлым, інвестыцыйная актыўнасць і знізілася. Што датычыцца ўкладанняў саміх беларусаў, то, на жаль, нашы суайчыннікі далёка не самыя актыўныя інвестары. Часта, калі ў беларуса з'яўляюцца свабодныя грошы, ён імкнецца размясціць іх на дэпазіце з досыць высокім працэнтам, а не ўкласці ў справу.

Замежныя інвестыцыі апошнім часам таксама зменшыліся. Перш за ўсё з-за таго, што інвестар павінен мець поўную гарантыю: грошы, якія ён увязе ў краіну, як мінімум не будуць згублены, а ў ідэале — іх колькасць значна павялічыцца. Кожны інвестар плануе сваю дзейнасць, а для гэтага яму патрэбна стабільнасць, перш за ўсё заканадаўчая. Умовы, на якіх былі ўкладзены калісьці грошы, нельга змяняць. Да таго ж гэтыя ўмовы павінны быць больш прывабнымі, чым у іншых краінах. Адна з найважнейшых сфер — гэта падаткаабкладанне. Рэйтынг «Doіng busіness» складаецца з некалькіх пазіцый, адна з якіх якраз гэтая. І калі ўвогуле мы займаем 37-ю прыступку, то ў сферы падаткаабкладання — 99-я. Для параўнання, Казахстан займае 60-ю пазіцыю, Расія — 45-ю.

— Якім чынам можна палепшыць умовы для інвестыцый?

— Па-першае, знізіць стаўкі падатку на нерухомасць і зямельнага падатку. Мясцовыя Саветы дэпутатаў маюць права выкарыстаць павышальны каэфіцыент да гэтых падаткаў у памеры да 2,5 разу. Тым самым яны наносяць моцны ўдар па бізнесе, у тым ліку інвестыцыйным. Гэта дэматывуе замежнікаў укладаць грошы. Каб вырашыць пытанне, трэба ў 2018 годзе зрабіць падатковы манеўр, г.зн. адмяніць права мясцовых Саветаў выкарыстоўваць гэты каэфіцыент. Адначасова варта павялічваць паступленне ў мясцовыя бюджэты ўскосных падаткаў з абароту, ПДВ ці на зарплату.

Па-другое, трэба дазволіць суб'ектам гаспадарання пры агульнай сістэме падаткаабкладання ўжываць улік выручкі «па аплаце». Сёння, калі прадпрымальнік прадукцыю адгрузіў, яму адразу трэба выплаціць усе падаткі — а выручкі ж яшчэ не паступіла. Для гэтага даводзіцца ці карыстацца абаротнымі сродкамі, ці браць крэдыт. Сістэма па «аплаце» — гэта калі тавар адгружаны, грошы за яго атрыманы і толькі пасля плацяцца падаткі.

Па-трэцяе, павялічыць парог гадавой выручкі для прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. Сёння ў Расійскай Федэрацыі парог гадавой выручкі — 120 мільёнаў рублёў. Калі ён ніжэйшы за гэтую суму, то суб'ект гаспадарання мае права па спрошчанай схеме запаўняць падатковую дэкларацыю і аплачваць падаткі. У Беларусі, на жаль, гэты парог значна — у пяць разоў — ніжэйшы, чым у Расіі. Адпаведна, яго трэба падняць.

Па-чацвёртае, варта аднавіць стаўку 2% ад экспартнай выручкі пры прымяненні спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. Калі прадпрымальнік пастаўляе сваю прадукцыю на знешнія рынкі, то плаціць толькі гэтыя працэнты — і на гэтым складанасці ў выплатах заканчваюцца.

Па-пятае, варта адмяніць забарону прымяняць «спрошчаную» сістэму падаткаабкладання суб'ектам гаспадарання, ва ўстаўным фондзе якіх больш за 25% складаюць долі юрыдычных асоб. А калі 26%, то чаму нельга прымяніць тое ж самае правіла?

Па-шостае, абавязкова трэба спрасціць дакументальнае афармленне закупкі партый тавараў, камплектуючых, сыравіны ў краінах Еўразійскага эканамічнага саюза за наяўны разлік коштам да тысячы еўра. Напрыклад, калі беларускі індывідуальны прадпрымальнік набывае тавар у Расіі, то ён павінен падаць увесь набор дакументаў на яго. А пасля перадаць дакументы расіянам. Таму ІП часам не могуць набыць маленькія партыі тавараў. А насамрэч дастаткова толькі дакумента аб аплаце — чэка.

— Акрамя падаткаабкладання, што яшчэ «прабуксоўвае»?

— Інвестарам патрэбныя поўная празрыстасць і канкрэтыка. Мы павінны стварыць такія ўмовы, каб самі беларусы хацелі інвеставаць у сваю краіну. Адна з праблем — у нас няма развітога фондавага рынку. Я хачу купіць акцыі прыбытковага прадпрыемства, а няма дзе. Таму людзі ідуць на «Форэкс», дзе набываюць як акцыі замежных сусветна вядомых кампаній, так і іншыя, часта рызыкоўныя актывы, на якіх лёгка страціць грошы.

Трэба памятаць, што інвестар — гэта не завоблачны персанаж, а такі ж чалавек, як мы, які таксама імкнецца разумна падысці да ўкладання актываў, мінімізаваць рызыкі. Калі будуць такія ўмовы, што і мы з вамі захочам укладаць у сваю краіну, тады і замежны інвестар падцягнецца.

— Што для гэта могуць зрабіць мясцовыя Саветы дэпутатаў?

— Перш за ўсё трэба прааналізаваць ужо існуючы жылы і нежылы фонд, высветліць, напрыклад, якія з памяшканняў могуць быць цікавыя бізнесменам, выставіць іх на аўкцыён ці адпусціць з малатка па мінімальнай цане. Тым больш зараз ёсць столькі прэферэнцый для працы на перыферыі (не выплачваецца частка падаткаў на працягу 7 гадоў з моманту рэгістрацыі)... Галоўнае — не перакладаць адказнасць і не сядзець склаўшы рукі. Інвестар так проста не прыйдзе, яго трэба шукаць самім.


Меркаванні

Дырэктар Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук, член Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Валерый БЕЛЬСКІ:

— Каб палепшыць інвестыцыйны клімат, трэба, па-першае, завяршыць чэкавую прыватызацыю, таму што рынак у гэтай сферы ў нас крыху звужаны. Ёсць некаторыя пытанні па падаткаабкладанні — яны не прынцыповыя, але яны ёсць. Па некаторых момантах адбываецца пагаршэнне — напрыклад, гэта датычыцца спрошчанай падатковай сістэмы. Потым, пытанні кантрольнай дзейнасці павінны мець на ўвазе больш прафілактычныя меры. Трэба выразна падзяліць паняцці «аптымізацыя падаткаабкладання» і «ўтойванне падаткаў», таму што мяжа тут вельмі тонкая. І адміністрацыйныя працэдуры — трэба хутчэй разглядаць пытанні выдзялення зямельных участкаў, павінна быць магчымасць ініцыятыўнай прапановы па вылучэнні зямлі. Гэта азначае, не «што прапануюць — тым
і карыстайся», але яшчэ і магчымасць унесці сваю прапанову. У прынцыпе, такія магчымасці ёсць, але ўсё адбываецца занадта павольна — асабліва ў будаўніцтве.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Валерый БАРАДЗЕНЯ:

— Самы галоўны рэсурс, якім валодае Рэспубліка Беларусь, — гэта чалавечы патэнцыял. Я лічу, што наша асноўная стратэгічная магчымасць — ператварыць індэкс чалавечага развіцця, у якім нашу краіну адносяць да высокага ўзроўню, у адпаведны ВУП на душу насельніцтва. Мы павінны той патэнцыял, што маюць беларусы ва ўзроўні адукацыі, кваліфікацыі, здароўя, актывізаваць і накіраваць на стварэнне. Пакуль у нас гэта не заўсёды атрымліваецца, але ўжо ёсць добрыя прыклады — Парк высокіх тэхналогій, такія сферы, як аграэкатурызм, біятэхналогіі, машынабудаванне, высокія тэхналогіі, лічбавая эканоміка.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.